Сеть публичных библиотек Вилейского района
Наш адрес: г. Вилейка, ул. Советская, 25. Тел. (8-01771) 5-56-56
E-mail: biblio@vileyka.gov.by

Архивы рубрики ‘Жыццё і творчасць’

Незабыўныя імёны Вілейшчыны. Ганна Новік. Да 110-годдзя з дня нараджэння

Шаноўныя чытачы! Беларускай паэтэсе, удзельніцы нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі на Вілейшчыне Ганне Аляксееўне Новік, 25 сакавіка споўнілася б 110 год. Читать полностью >>>

Share

Новая вуліца на карце Вілейкі

У адным з артыкулаў сябра Ганны Новік Сяргей Макарэвіч пісаў:

Читать полностью >>>

Share

Выданне “Жыццё. Лёс. Памяць”, прысвечанае 105-годдзю з дня нараджэння Ганны Новік

Выданне “Жыццё. Лёс. Памяць” – даніна павагі да знакамітай зямлячкі ад супрацоўнікаў Вілейскай раённай цэнтральнай бібліятэкі імя Ганны Новік. Читать полностью >>>

Share

Ад Саюза беларускіх пісьменнікаў

7 студзёня 1997 г. на 83-ім годэе жыццця памерла паэтэса Гэнна Ноеік.

Ганна Аляксееўна Новік нарадзілася 25 сакавіка 1914 года ў горадзе Аўгуставе (цяпер Польшча) у сям’і каваля. Дзяцінства правяла на Вілейшчыне. У 1932 годзе скончыла 7 класаў. Працавала наймічкай, была ў лагеры для беспрацоўных пад Варшавай, удзельнічала ў нацыянальна-вызваленчым руху Заходняй Беларусі, неаднаразова падвяргалася рэпрэсіям, сядзела ў турме.У час Вялікай Айчыннай вайны – партызанская сувязная. У мірныя дні працавала старшынёй калгаса, старшынёй сельсавета.

Узнагароджана ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені і медалямі.

Свае першыя вершы Ганна Новік надрукавала ў 1937 годзе. З-пад яе пяра выйшлі зборнік вершаў “Мае вёсны”, аповесць “Другая сустрэча”, у перыядычным друку выступала з нарысамі і апавяданнямі.

Пайшоў з жыцця чалавек няпростага жыццёвага лёсу, таленавіты аўтар, чулы таварыш – Ганна Новік. Памяць пра яе застаецца ў сэрцах тых, хто ведаў яе.

Саюз беларускіх пісьменнікаў

Share

П. Вайда

Прачытаўшы верш Ганны Новік «На суботніку», хочацца сказаць, што сапраўды сучасны верш:

Ці заробім мы сяляне

На канторы і РАПА?

На такое ўтрыманне,

Каб начальнік не прапаў?

Ці не лішняе начальства

Напладзілі ў тыя дні?..

Правяраюць вельмі часта,

Толькі помачы – ані.

За чыімі хто плячыма

Адсядзеўся ў гэты час?

I якімі ён вачыма

I цяпер глядзіць на нас?!

Ганна Аляксееўна піша вершы аб сучасным жыцці нашага народа, аб тых памылках, якія дапусцілі раней.

«Ці не лішняе начальства напладзілі ў тыя дні?».

Мне падабаецца, што Ганна Аляксееўна Новік бярэ на калючкі начальнікаў. Начальнік ездзіць на дзяржаўнай машыне, дзяржаўны шафёр і бензін. Пальцам махнуў – тут яму ўсё: і машына, і прадукты, і кватэра – жыві ды годзе. Патрэбна перабудова.

Я хачу пажадаць Ганне Аляксееўне Новік добрага здароўя, плённай працы на карысць нашай дзяржавы.

П. ВАЙДА

Share

М. Кунавіч

На свет прынёс цябе не чорны бусел,

А белы бусел – з Беларусі.

Узгадавала хата беларуса-каваля –

Не польсвая зямля.

Ты з кужалю снавала свае кросны…

Не ў хаце, а ў турме, у маладыя вёсны.

Але заўжды была ты аптымістка –

У сэрцы камуністка.

Варонічы – такая вёска ёсць лясная.

У час вайны – ты сувязная.

Пасля вайны – зноў актывістка –

Бандыты білі камуністку…

Аб гэтых страшных, страшных рэчах

Чытаў я ў аповесці «Сустрэчы».

«Хацела б песні ўсяго свету

На луг засмяглы пераліць»,

Чытаю верш «Маё жаданне»…

Паверце, сэрца мне баліць.

Ды кожны раз, як выступаеш,

Нас аптымізмам зараджаеш.

Мы дзякуем за ўсе парады

Сустрэчы новай з Вамі рады.

Мікола КУНАВІЧ

Share

М. Гайдук “Раскватаруйся ў маёй душы”

Калі віхура ранняшняга дня

I тых адкіне, з кім жыла дагэтуль,

I застануся, як калісь, адна,

На паўдарогі да абранай мэты –

Раскватаруйся ў маёй душы,

Займі сабой усе яе пакоі,

Пачуццё адзіноты заглушы,

Дапамажы забыцца пра такое.

Гэта ўрывак з аднаго з вершаў нядаўна памерлай паэткі Ганны Новік, чыё жыццё, звязанае з Вілейкай і Вілейшчынай было прыкладам для нашых землякоў. Нарадзіўшыся перад самым пачаткам Першай сусветнай вайны Ганна Новік зведала лёс парабчанкі, падпольшчыцы ў часы панавання дэфензівы, вайну з фашызмам, выклікі ў “органы” пасля вайны…

І ўсё сваё жыццё яна перш за ўсё была паэтам. Перад самай смерцю пабачыў свет яе другі сціплы зборнічак вершаў “Мая Вілейшчына”. Зусім нядаўна гэта кніга была перавыдадзеная і сёння яе можна набыць у кіёсках Белсаюздруку Вілейкі. Разгарнуўшы старонкі зборнікі, можна сапраўды раскватаравацца ў душу паэта, прайсціся вёрстамі яе нялёгкага жыцця.

У мінулым часе пра Ганну Новік гаварыць цяжка. Яшчэ, здаецца, учора яе нетаропкую постаць можна было бачыць на вуліцах Вілейкі. Да самага апошняга дня, нават прыкаваная цяжкай хваробай да ложка яна змагалася за жыццё, за права пісаць вершы:

Спыніся, восень. Пачакай хвіліну,

Не абрывай апошнея лісцё,

Дазволь успомніць мне сябе дзяўчынай,

Адтэрмінуй для кветак небыццё.

Паэт працягвае сваё жыццё ў вершах. Пакуль яго слова патрэбна чытачу, небыццё не настане.

Мікола ГАЙДУК

// Рэгіянальная газета. – 1997. – 20 кастр.

Share

М. Мікуліч “Нашы грудзі напоўнены жарам”

Летась споўнілася дзевяноста гадоў з дня нараджэння і сем з дня смерці вядомай беларускай паэтэсы Ганны Новік (1914-1997). Яна брала актыўны ўдзел у заходнебеларускім нацыянальна-вызваленчым руху, за што неаднойчы адбывала зняволенне ў польскіх турмах, была дэпугатам Народнага сходу Заходняй Беларусі. Падчас вайны Г. Новік з’яўлялася партызанскай сувязной, а ў пасляваенны перыяд да выхаду на пенсію па стане здароўя працавала спачатку старшынёй калгаса, а пасля сельскага савета на Вілейшчыне, у палітаддзеле Будслаўскай МТС, вучылася ў Мар’інагорскім сельскагаспадарчым тэхнікуме. На працягу ўсяго жыцця яна пісала вершы, а таксама апавяданні, нарысы, аповесці, паэмы, друкавалася ў часопісах “Беларускі летапіс”, “Калоссе”, “Шлях моладзі”, “Беларусь”, “Полымя”, газетах “Вілейская праўда”, “Літаратура і мастацтва”, “Савецкі селянін” і інш.

А як пачынаўся творчы шлях паэтэсы? Якімі былі яе першыя крокі ў літаратуры?

Ганна Новік пачала выступаць у друку ў канцы 30-х гадоў. Як і шмат хто з заходнебеларускіх паэтаў, яна ішла ў літаратуру пад дабратворным уплывам асобы і духоўна-мастацкіх пошукаў Максіма Танка. Менавіта ён заўважыў і падтрымаў першыя паэтычныя спробы Г. Новік і стаў яе дарадцам і апекуном на доўгія гады.

Талент Г. Новік гартавалі дужа суровыя абставіны грамадскага жыцця і асабістага лёсу, паэтэса расла і выхоўвалася ва ўмовах беспрасветнай беднасці і галечы, штодзённага клопату пра кавалак хлеба, цяжкай фізічнай працы. Яе вершы выяўлялі складанасць і драматызм заходнебеларускай рэчаіснасці, народна-вызваленчай барацьбы, раскрывалі ўнутраны свет маладой падпольшчыцы, якая, нягледзячы на вобыскі і арышты, пераслед «апекуноў» ад дэфензівы, была аддадзена ідэалам свабоды, адстойвала сацыяльную справядлівасць і чалавечую годнасць, верыла ў вызваленне. Паэтэса імкнулася складаць такую песню.

Каб моладзь, старыя, усе, хто жыве тут,

Браў гарт з яе слоў,

Хоць сцежкай вузкаю упарта да мэты

Заўсёды ішоў.

Каб песню любілі на полі, у хатцы,

Ічуліўсе,

Што з ёю не сорам за долю змагацца,

Бо сілу нясе.

                                                 («Мае песні»)

Эмацыянальна-вобразны свет паэзіі Г.Новік звяртае на сябе ўвагу свежасцю ўспрымання з’яў і працэсаў, рамантычнай узвышанасцю, насычанасцю, пачуццёвым зместам. Суб’ектыўна-лірычнае пераважае ў ім над аб’ектыўна-выяўленчым. Напрыклад, у творы «Не дыхнуць бы вершам…» перажыванне паэтэсы разгортваецца на аснове балючага асэнсавання адвечных клопатаў і праблем беларускай вёскі, асаблівасцей народнай нядолі, гістарычнага лёсу беларусаў, адчування значнасці духоўна-сацыяльнага патэнцыялу, маральнай энергетыкі, якія прытоены ў працоўным сялянскім асяроддзі.

Тонкі лірыка-драматызаваны пачуццёвы струмень пранізвае паэтычныя радкі, вядзе за сабою думку і апісанне, якое выконвае залежную ролю, падпарадкоўваецца раскрыццю душэўна-псіхалагічнага свету лірычнай гераіні. Ён збірае іх у адзінае цэлае, фарміруе твор.

Рамантычны характар светаадчування абуджаў фантазію Ганны Новік, актывізаваў яе мысленне, думку і пачуццё. Паэтэса імкнулася пераадолець шматлікія сацыяльныя абмежаванні і забароны, пазбавіцца праблем і супярэчнасцей рэчаіснасці, шукала шляхоў свабоднага развіцця асобы, выяўлення яе духоўнага зместу, лунала на крылах мары, парываючыся ў нязведанае, да высокіх ідэалаў праўды і гармоніі, дабра і шчасця.

Г. Новік зыходзіла з таго, што «Доля не прыйдзе з імшою нядзельнай, Дождж яе з хмар не зліе» («Вёсцы»). Яна прапаведавала рух, дзеянне, сцвярджала рамантычную энергію ўздыму, палёту, ахвярнасць змагання. У вершы «Мая рада» паэтэса заклікала свайго таварыша па барацьбе вызваляць «свой дух» «Ад штодзённых клапот» і ляцець туды, куды «не ўсе далятаюць». «За свабодны ўзлёт і за вольную думку аб працы, – казала яна, – Сёння толькі муры, краты, путы і дрот… // Каб зламаць гэта ўсё і свабодна ўздыхнуць, // Трэба ўзлёты маёвымі днямі…». Слова паэтэсы дыхала тэмпераментам, у ім адчуваліся гарт душы, характар, сіла духу. «Нашы грудзі напоўнены жарам, // Распаліў бы граніты і сталь, – чытаем у вершы «Не на тое», – Загарэліся б воды пажарам, // Растапілі б сняжыстую даль».

Маючы на ўвазе легпшыя вершы Ганны Новік «Скрыпяць вароты», «Мае жаданні», «Брату ў дарозе», «Развітанне», Р. Бярозкін, несумненна, абгрунтавана заўважаў: «Народжаныя самымі тыповымі, сацыяльна значнымі перажываннямі, гэтыя вершы з’яўляюпца разам з тым і творамі індывідуальнай паэзіі, бо ў іх відзён тэмперамент паэта, які ўмее гаварыць за многіх».

Мікуліч, М.

// ЛіМ. – 2005. – 15 ліп.

Share

У. Весялуха “Нястомнасць”

Ганне Новік

Жыццё пражыць — не поле перайсці.

Ваш шлях жыццёвы сведчанне таму:

Спазнаўшы наймічкі нялёгкі лёс,

Прайшлі праз дэфензіву і турму.

Калі шугала полымя вайны,

Настаў нялёгкі ліхалецця час,

Вы на пярэднім краі зноў былі,

Бо думалі не пра сябе, пра нас..

I ў мірны час нялёгка Вам было

(Ды Вы не зналі, як магло б інакш):

Зноў там, дзе больш за ўсё недастае,

Дзе больш за ўсё патрэбен вопыт Ваш.

…I сёння Вы таксама ў страі,

У гушчыні жыцця, сярод людзей –

Дарадчык і нястомны працаўнік,

I праваднік найноўшых усіх ідэй.

Жыццё пражыць – не поле перайсці.

I цяжкасці, і радасці былі.

 Калі б прыйшлося зноўку ўсё пачаць,

Упэўнены: інакш Вы не змаглі…

Уладзімір ВЕСЯЛУХА

Share

В. Савіцкі “Падарунак прэзідэнту ад партызана звуліцы Партызанскай”

Ганне Аляксееўне Новік восемдзесят два гады. Значную частку жыцця “адбаярыла” за мужыкоў — 6ыла старшынёй калгаса, сельсавета, памочнікам начальніка МТС. Пазней рабіла на больш жаночых” пасадах ў аддзеле адукацыі, мясцовай газеце. I ўвесь час пісала вершы. Апошнія радкі склала тры гады таму.

Колькі напісана – дакладна не падлічыць. Недзе каля трох соцень твораў на польскай і беларускай мовах. Выдадзена некалькі зборнікаў з яе вершамі. Адзін з іх – “Мая Вілейшчына” – Ганна Аляксееўна даслала ў падарунак прэзідэнту Лукашэнку. Яшчэ адзін экземпляр – мітрапаліту Філарэту. Проста як чалавеку. Бо з рэлігіяй так і не наладзіліся адносіны. У школе вучылі духоўныя песні. Нават запісалі дзяўчыну Ганулю ў царкоўны хор, ды выкрэслілі – “Бог таленту не даў”. Спачатку хрысцілася, як праваслаўная, потым стала каталічкай. Быў час, здароўем усё цікавіліся баптысты.

Сэнс жыцця Ганна Аляксееўна шукала ў барацьбе.

У дваццаць трапіла за краты вілейскай турмы. Прысуд – 12 гадоў пазбаўлення волі за прапаганду аддзялення Заходняй Беларусі ад Попьшчы – на крыжы чапляла чырвоныя сцягі.

У Другую сусветную выратавала дваццаць яўрэяў. Праз пяцьдзесят гадоў грамадзянін Ізраіля рабіў запыт праз Чырвоны Крыж, ці жыве яшчэ тая жанчына з вёскі Варонічы, што зберагпа яму жыццё.

…Былую партызанку пасялілі на вуліцу Партызанскую. У чыстую, утульную аднапакаёўку часцяком прыходзяць сацыяльныя, медыцынскія работнікі. Усе яны адзначаюць сціпласць жанчыны (за дзяржаўны кошт, да прыкладу, можна назапасіць бульбы, але Ганна Аляксееўна больш торбачкі не возьме – каб астатнім пенсіянерам-інвалідам хапіла).

У пакоі на паліцах шмат мастацкай літаратуры. Для паэткі ўсе аўтары любімыя: “Ні з кім не хачу спрачацца. Добрыя мастакі”. У яе жыцці дастаткова было выпрабаванняў і страт – пахавала мужа, сына, перанесла два інсульты. Але не згасла жыццё ў вачах. Толькі баліць час ад часу хворае сэрца.

“Ратуючы цябе,

я падаю на дно…

Даруй мне гэты грэх

святой сляпой любві.

Навошта мора мне

і сонца заадно,

Калі пакінуць

прыстань караблі”.

Так, жанчыне за восемдзесят, хварэе, адзінокая. I ўсё ж, здаецца, шчаслівая.

Васіль САВІЦКІ.

// Рэгіянальная газета. – 1996. – № 32.

 

Share