Сеть публичных библиотек Вилейского района
Наш адрес: г. Вилейка, ул. Советская, 25. Тел. (8-01771) 5-56-56
E-mail: biblio@vileyka.gov.by

М. Гайдук “Раскватаруйся ў маёй душы”

Калі віхура ранняшняга дня

I тых адкіне, з кім жыла дагэтуль,

I застануся, як калісь, адна,

На паўдарогі да абранай мэты –

Раскватаруйся ў маёй душы,

Займі сабой усе яе пакоі,

Пачуццё адзіноты заглушы,

Дапамажы забыцца пра такое.

Гэта ўрывак з аднаго з вершаў нядаўна памерлай паэткі Ганны Новік, чыё жыццё, звязанае з Вілейкай і Вілейшчынай было прыкладам для нашых землякоў. Нарадзіўшыся перад самым пачаткам Першай сусветнай вайны Ганна Новік зведала лёс парабчанкі, падпольшчыцы ў часы панавання дэфензівы, вайну з фашызмам, выклікі ў “органы” пасля вайны…

І ўсё сваё жыццё яна перш за ўсё была паэтам. Перад самай смерцю пабачыў свет яе другі сціплы зборнічак вершаў “Мая Вілейшчына”. Зусім нядаўна гэта кніга была перавыдадзеная і сёння яе можна набыць у кіёсках Белсаюздруку Вілейкі. Разгарнуўшы старонкі зборнікі, можна сапраўды раскватаравацца ў душу паэта, прайсціся вёрстамі яе нялёгкага жыцця.

У мінулым часе пра Ганну Новік гаварыць цяжка. Яшчэ, здаецца, учора яе нетаропкую постаць можна было бачыць на вуліцах Вілейкі. Да самага апошняга дня, нават прыкаваная цяжкай хваробай да ложка яна змагалася за жыццё, за права пісаць вершы:

Спыніся, восень. Пачакай хвіліну,

Не абрывай апошнея лісцё,

Дазволь успомніць мне сябе дзяўчынай,

Адтэрмінуй для кветак небыццё.

Паэт працягвае сваё жыццё ў вершах. Пакуль яго слова патрэбна чытачу, небыццё не настане.

Мікола ГАЙДУК

// Рэгіянальная газета. – 1997. – 20 кастр.

Share
Вы можете оставить комментарий, или ссылку на Ваш сайт.

Оставить комментарий