Сеть публичных библиотек Вилейского района
Наш адрес: г. Вилейка, ул. Советская, 25. Тел. (8-01771) 5-56-56
E-mail: biblio@vileyka.gov.by

М. Мікуліч “Нашы грудзі напоўнены жарам”

Летась споўнілася дзевяноста гадоў з дня нараджэння і сем з дня смерці вядомай беларускай паэтэсы Ганны Новік (1914-1997). Яна брала актыўны ўдзел у заходнебеларускім нацыянальна-вызваленчым руху, за што неаднойчы адбывала зняволенне ў польскіх турмах, была дэпугатам Народнага сходу Заходняй Беларусі. Падчас вайны Г. Новік з’яўлялася партызанскай сувязной, а ў пасляваенны перыяд да выхаду на пенсію па стане здароўя працавала спачатку старшынёй калгаса, а пасля сельскага савета на Вілейшчыне, у палітаддзеле Будслаўскай МТС, вучылася ў Мар’інагорскім сельскагаспадарчым тэхнікуме. На працягу ўсяго жыцця яна пісала вершы, а таксама апавяданні, нарысы, аповесці, паэмы, друкавалася ў часопісах “Беларускі летапіс”, “Калоссе”, “Шлях моладзі”, “Беларусь”, “Полымя”, газетах “Вілейская праўда”, “Літаратура і мастацтва”, “Савецкі селянін” і інш.

А як пачынаўся творчы шлях паэтэсы? Якімі былі яе першыя крокі ў літаратуры?

Ганна Новік пачала выступаць у друку ў канцы 30-х гадоў. Як і шмат хто з заходнебеларускіх паэтаў, яна ішла ў літаратуру пад дабратворным уплывам асобы і духоўна-мастацкіх пошукаў Максіма Танка. Менавіта ён заўважыў і падтрымаў першыя паэтычныя спробы Г. Новік і стаў яе дарадцам і апекуном на доўгія гады.

Талент Г. Новік гартавалі дужа суровыя абставіны грамадскага жыцця і асабістага лёсу, паэтэса расла і выхоўвалася ва ўмовах беспрасветнай беднасці і галечы, штодзённага клопату пра кавалак хлеба, цяжкай фізічнай працы. Яе вершы выяўлялі складанасць і драматызм заходнебеларускай рэчаіснасці, народна-вызваленчай барацьбы, раскрывалі ўнутраны свет маладой падпольшчыцы, якая, нягледзячы на вобыскі і арышты, пераслед «апекуноў» ад дэфензівы, была аддадзена ідэалам свабоды, адстойвала сацыяльную справядлівасць і чалавечую годнасць, верыла ў вызваленне. Паэтэса імкнулася складаць такую песню.

Каб моладзь, старыя, усе, хто жыве тут,

Браў гарт з яе слоў,

Хоць сцежкай вузкаю упарта да мэты

Заўсёды ішоў.

Каб песню любілі на полі, у хатцы,

Ічуліўсе,

Што з ёю не сорам за долю змагацца,

Бо сілу нясе.

                                                 («Мае песні»)

Эмацыянальна-вобразны свет паэзіі Г.Новік звяртае на сябе ўвагу свежасцю ўспрымання з’яў і працэсаў, рамантычнай узвышанасцю, насычанасцю, пачуццёвым зместам. Суб’ектыўна-лірычнае пераважае ў ім над аб’ектыўна-выяўленчым. Напрыклад, у творы «Не дыхнуць бы вершам…» перажыванне паэтэсы разгортваецца на аснове балючага асэнсавання адвечных клопатаў і праблем беларускай вёскі, асаблівасцей народнай нядолі, гістарычнага лёсу беларусаў, адчування значнасці духоўна-сацыяльнага патэнцыялу, маральнай энергетыкі, якія прытоены ў працоўным сялянскім асяроддзі.

Тонкі лірыка-драматызаваны пачуццёвы струмень пранізвае паэтычныя радкі, вядзе за сабою думку і апісанне, якое выконвае залежную ролю, падпарадкоўваецца раскрыццю душэўна-псіхалагічнага свету лірычнай гераіні. Ён збірае іх у адзінае цэлае, фарміруе твор.

Рамантычны характар светаадчування абуджаў фантазію Ганны Новік, актывізаваў яе мысленне, думку і пачуццё. Паэтэса імкнулася пераадолець шматлікія сацыяльныя абмежаванні і забароны, пазбавіцца праблем і супярэчнасцей рэчаіснасці, шукала шляхоў свабоднага развіцця асобы, выяўлення яе духоўнага зместу, лунала на крылах мары, парываючыся ў нязведанае, да высокіх ідэалаў праўды і гармоніі, дабра і шчасця.

Г. Новік зыходзіла з таго, што «Доля не прыйдзе з імшою нядзельнай, Дождж яе з хмар не зліе» («Вёсцы»). Яна прапаведавала рух, дзеянне, сцвярджала рамантычную энергію ўздыму, палёту, ахвярнасць змагання. У вершы «Мая рада» паэтэса заклікала свайго таварыша па барацьбе вызваляць «свой дух» «Ад штодзённых клапот» і ляцець туды, куды «не ўсе далятаюць». «За свабодны ўзлёт і за вольную думку аб працы, – казала яна, – Сёння толькі муры, краты, путы і дрот… // Каб зламаць гэта ўсё і свабодна ўздыхнуць, // Трэба ўзлёты маёвымі днямі…». Слова паэтэсы дыхала тэмпераментам, у ім адчуваліся гарт душы, характар, сіла духу. «Нашы грудзі напоўнены жарам, // Распаліў бы граніты і сталь, – чытаем у вершы «Не на тое», – Загарэліся б воды пажарам, // Растапілі б сняжыстую даль».

Маючы на ўвазе легпшыя вершы Ганны Новік «Скрыпяць вароты», «Мае жаданні», «Брату ў дарозе», «Развітанне», Р. Бярозкін, несумненна, абгрунтавана заўважаў: «Народжаныя самымі тыповымі, сацыяльна значнымі перажываннямі, гэтыя вершы з’яўляюпца разам з тым і творамі індывідуальнай паэзіі, бо ў іх відзён тэмперамент паэта, які ўмее гаварыць за многіх».

Мікуліч, М.

// ЛіМ. – 2005. – 15 ліп.

Share
Вы можете оставить комментарий, или ссылку на Ваш сайт.

Оставить комментарий