Сеть публичных библиотек Вилейского района
Наш адрес: г. Вилейка, ул. Советская, 25. Тел. (8-01771) 5-56-56
E-mail: biblio@vileyka.gov.by

Б. Манцэвіч “Не аблашчаная асабістым лёсам”

(Да 100-годдзя з дня нараджэння Г. А. Новік)

Беларускай паэтэсе, удзельніцы нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі на Вілейшчыне Ганне Новік, 25 сакавіка споўнілася б 100 год.

Трапна сказаў Іван Лашутка ў прадмове да паэтычнага зборніка Ганны Новік “Барвовае лісце”: “Не аблашчаная асабістым лёсам, яна заўсёды несла сваю дабрыню і любоў да людзей. I, як родная беларуская песня, паэзія Ганны Новік не згубіць свой след на літаратурнай ніве Баіцькаўшчыны”.

Цалкам пагаджаюся з гэтымі словамі: “Не аблашчаная асабістым лёсам”… Так жыццё склалася, што яна ўжо з самага ранняга дзяцінства спазнала цяжкую фізічную працу. Яна мне пісала: “Я была мужчынскі кравец. Незакончаны крыху аграном. Крыху медык, крыху фармацэўт. У 12 гадоў свайго жыцця (з 6-7 год) дапамагала бацьку ў кузні – ён быў каваль. Біла молатам, наразала гайкі, балты, нават рабіла крываватыя ўхналі для таго, каб падкаваць каня. Касіла, арала, гарадзіла платы, валіла дрэвы з пня з бацькам, калі будавалі гэту хату”.

А пабудавалі яе ў сярэдзіне 1920-х гадоў. У ёй я час ад часу сядзеў з гаспадыняй і размаўляў на розныя тэмы. Шмат гаварылі пра гады польскай акупадыі, тагачаснае падполле, у якім прымалі ўдзел Ганна Новік і мой бацька, Флор Манцэвіч. I тут мы былі аднадумцамі, асабліва пасля таго, як Ганна Аляксееўна даведалася, што я з’яўляюся сынам таго чалавека, які ў Беластоку выступаў з дакладам аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад Беларускай ССР.

– I я ў кастрычніку трыццаць дзявятага года як дэлегат прымала удзел у вядомым Народным сходзе, – расказвала яна. – 3 чатырох дакладчыкаў запомніла толькі двух, якія выступалі па асноўных тэмах, Прытыцкага і вашага бацьку. Добра ён сказаў пра заходнебеларускага таленавітага паэта Міхася Машару, які замест ордэна на грудзях насіў трапалку ад лёну, каб зарабіць сабе на кавалак хлеба і не памерці з голаду.

— Пра вас, Ганна Аляксееўна, – казаў я субяседніцы, – у нашай сям’і ведалі яшчэ да трыццаць дзявятага года, калі Міхась Машара, які сябраваў з маім бацькам, нейкім чынам дастаўляў рукапісы вершаў сваіх, вашых, Міхася Васілька, Піліпа Пестрака. Пра гэта мне маці расказвала.

Напэўна, таму, што мой бацька ўдзельнічаў у заходнебеларускім падполлі, мне і па сённяшні дзень блізкая тэма Заходняй Беларусі. Ганна Аляксееўна раіла мне не пакідаць гэтай тэмы. У пісьме ад 13 студзеня 1969 года (я тады яшчэ працаваў у Вілейскай раённай газеце) яна падбадзёрвала: “Вы ўсё ж малайчына! Хоць работы хапае, але Вы ўзяліся за нашу Заходнюю. Гэта вельмі добра. Магу Вам сёе-тое і падказаць. Калі Вам спатрэбіцца рух Заходняй Беларусі, вось Вам людзі:

Баранцы Асіпаўскага сельсавета – Гарэлік Уладзімір Рыгоравіч, старшыня раённага савета таварыства сляпых;

Цынцавічы – Круцько Аляксандр Ігнатавіч, персанальны пенсіянер.

Больш цакуль не дам. Усё адразу не зробіш.

У мяне было многа выразак з нашых часопісаў таго часу, былі фотаздымкі, але ў зямлі папсаваліся ў вайну”.

На жаль, у канцы 1969 года тэма Заходняй Беларусі ў маёй журналісцкай творчасці прыпынілася, паколькі мяне перавялі на работу ў рэдакцыю бярэзінскай раённай газеты “Сцяг Леніна”. А гэта – Усходняя Беларусь. Аднак ліставанне з Ганнай Новік не спынілася.

Можа ўзнікнуць пытанне: чаму, жывучы ў адным раёне, мы не маглі часцей сустракацца? Прычына простая. Аўтобусы па раёне, асабліва ў закінутыя вёскі, як Варонічы, хадзілі рэдка, а ў завеі яны туды наогул не даязджалі. Па-другое, як казала мая суразмоўца, у пісьмах лягчэй выкласці сваю душу, і нават так шчыра, што пры вуснай размове таго б не сказаў.

А лёс такі быў у гэтай адзінокай жанчыны. У вайну памерла дачушка, а ў пасляваенны час страціла дарослага сына. Ва ўступным слове да паэтычнага свайго зборніка “Мая Вілейшчына” паэтка піша пра тое, як з-за катаванняў у польскай турме яна ў 1936 годзе стала інвалідам: “Аднойчы мяне павялі на допыт. Следчы ўдарыў мяне з размаху па твары. Я не ўтрымалася на нагах і ўпала скроней на кант стала. Са скроні пацякла кроў. Допыт быў перапынены. Зрэнка майго правага вока схавалася за пераноссе. Я пачала дрэнна бачыць”.

Але бадай што самы цяжкі адбітак у яе лёсе пакінула палітычная здрада яе мужа. У пісьме ад 8 лютага 1968 года з просьбай нікому гэта пісьмо не паказваць (пры сустрэчы дадала: “Толькі пасля маёй смерці”) яна расказвала.

“…у 1940 годзе мне спадабаўся беглы падпольшчык з вёскі Цынцавічы Круцько Антон Пятровіч, які толькі з прыходам Савецкай улады ў 1939 годзе выйшаў з турмы…

…Я лічыла яго такім жа ідэйным, як сама, як мае сябры. Мы сталі мужам і жонкай”.

А праз пару месяцаў ад работнікаў “адпаведнай установы” Ганна Новік даведалася наступнае: “…у 1936 годзе майго мужа (тады яшчэ не мужа) і некаторых іншых злавілі польскія паліцэйскія як падпольшчыкаў. Усіх іх асудзілі на 10 год турмы, а яго за “услугу” –  на 4 гады”.

Потым Антон Круцько, адступаючы на Усход у 1941 годзе, быў закінуты ў тыл ворага, да партызанаў. Тут Ганна Аляксееўна некалькі разоў з ім сустракалася. I ў вайну, і ў пасляваенны час яна “старалася выклікаць мужа на шчырасць, але ён не даваўся гаварыць аб гэтым, і між намі пачала расці сцяна”. “…між намі зарадзілася недавер’е”. “Канчаткова рассталіся ў 1947 годзе”.

Яны былі розныя па духу, таму Ганна Новік і пісала мне: “Не разумею, як жыве атэіст з веруючай, баптысткай, як жывуць адной сям’ёй людзі з рознымі светапоглядамі і перакананнямі”.

3 Ганнай Аляксееўнай проста можна было гаварыць на любыя тэмы. У сваёй вёсцы яна ненавідзела дармаедаў і ўсіх тых, хто стараўся разбурыць калгас. У мяне захавалася пісьмо (яно ў “Куфэрку Віленшчыны” не надрукаванае), у якім Ганна Новік пералічвае, на яе погляд, непажаданых савецкай уладзе людзей, называючы іх абразлівым у той час словам “хунвэйбінамі”. У Варонічах быў аптэчны пост, які афіцыйна ўзначальвала і забяспечвала медыкаментамі Ганна Аляксееўна. Іншы раз станавілася фельчаркай, навуку якой спасцігала самастойна. Цікавыя радкі з памянёнага пісьма:

“Хацела яшчэ пагаварыць з Вамі, але ідзе наш шафёр на ўколы. Уводжу яму вітамін і анальгін. А нашых “хунвэйбінаў” рашыла не ратаваць ні ад якіх захворванняў. Чорт з імі! Не варта”.

Аб чым я толькі не даведваўся ад Ганны Аляксееўны! Неяк заехаўшы ў Варонічы на рэдакцыйнай машыне, звярнуў увагу на недапітую бутэльку гарэлкі.

– Госці былі?

– Якія там госці?! Сама пахмялялася.

Мяне такі адказ здзівіў – яна ж непітушчая.

I пачуў у адказ:

Узялася за прозу. Адзін з герояў майго будучага рамана, – п’яніца. Але як апісаць яго самаадчуванне пасля п’янкі? I я пайшла на эксперымент. Дастала бутэльку гарэлкі і ўчора нанач добра выпіла. Пасля кожнай чаркі запісвала адчутае. Апошняга кілішка ўжо не помню. Нешта запісвала, але што, назаўтра не расшыфравала. Пасля п’янкі галава разляталася на кавалкі. Пахмялілася. Стала лёгка на душы. Але ж мой герой амаль штодня напіваецца. Мне ж аднаго эксперыменту хапіла.

Рассмяяліся.

Іншы раз здавалася, што Ганна Аляксееўна па вачах і позірку чалавека ўмее “расшыфраваць” яго думкі. Я звярнуў увагу на тое, што яна апранаецца вельмі бедна, хаця магла б і лепшае адзець. Тым болш, што яна – нядрэнная краўчыха. Тады чаму? Я не гадаў, а толькі падумаў. Яна ж сама адказала. Вось вьггрымка з пісьма ад 13 студзеня 1968 года:

“Чаму так апранаюся? Прывычка. 3 дзіцячых год бацька браў мяне ў кузню (не было ў мяне братоў). Спачатку дзьмула мехам, потым дзяржала каню нагу падчас акоўвання, потым узялася за меншы молат, тады за большы. А пасля падполле, начныя паходы, канспірацыя.

Арба, касьба, работа ў лесе.

Потым вайна, партызаны. Зноў канспірацыя, я ж ад саобага аддзела. Зноў начныя паходы ў замець, дождж. А потым работа ў МТС з трактарыстамі. І ўсё сярод мужчын адна. Так ужо склалася. А зараз позна адвыкаць.

Ну вось мой вонкавы бок. Цяпер вы не будзеце траціць час на вывучэнне мяне з гэтага боку”.

Не песціў лёс народную паэтку Вілейшчыны, але яна не кідалася ў роспач і жыла паўнакроўным жыццём. Іван Лашутка падкрэсліваў, што Ганна Новік “свой жыццёвы досвед і прафесійны талент аддала роднай Беларусі, развіццю яе мовы і літаратуры”.

У вершьі “Слова да Радзімы” чытаем:

Беларусь, Беларусь!

Паўтараць гэта слова так міла!

Як у роднае маці, я вечна ў цябе ў даўгу.

Шмат табе не сказала і многа яшчэ не зрабіла,

Дык прымі, што паспею, як маці, прымі, што змагу.

Барыс МАНЦЭВІЧ,

член Беларускага Саюза

журналістаў з 1958 года. 

// Рэгіянальная газета. – 2014. – 21 сак.

Share
Вы можете оставить комментарий, или ссылку на Ваш сайт.

Оставить комментарий