Сеть публичных библиотек Вилейского района
Наш адрес: г. Вилейка, ул. Советская, 25. Время работы: с 9:00 до 18:00, выходной - воскресенье
Тел. (8-01771) 5-48-55. E-mail: raybib-vileyka@yandex.ru, obm-vil@yandex.ru

Прэзентацыя кнігі Сяргея Мароза «Вяртанне да сябе»

20190925_152252

ІІ раённы фестываль “Светлае слова” крочыць па Вілейшчыне. 25 верасня ў чытальнай зале раённай цэнтральнай бібліятэкі імя Ганны Новік, традыцыйным месцы сустрэч аўтараў, мастакоў і проста творчых людзей адбылася прэзентацыя кнігі Сяргея Мароза “Вяртанне да сябе”. Гэтае мерапрыемства – зварот да мудрасці, высокай духоўнасці патрыёта сваёй Радзімы, чалавека з вельмі чулай душой.

Вілейская раённая бібліятэка імя Ганны Новік падтрымлівае цесную сувязь з мясцовымі літаратарамі, паэтамі, якія не раз прымалі ўдзел у прэзентацыях кніг, літаратурных вечарынах, арганізаваных бібліятэкай. Тут чытачы маюць магчымасць пазнаёміцца як з новымі кнігамі, так і з вершамі мясцовых аўтараў. Вілейскія літаратары таксама  і краязнаўцы, таму што яны апяваюць, услаўляюць родны край.

Сяргей Пятровіч Мароз нарадзіўся ў 1938 годзе ў вёсцы Малмыгі Вілейскага раёна, якую пахавалі хвалі Вілейскага вадасховішча. Скончыў сярэднюю школу №1 г. Вілейкі. Яго першыя вершы былі надрукаваны ў раённай газеце ў 1953 годзе. А ў 1954 годзе ён ўжо ўдзельнічаў у злёце маладых паэтаў у Маладзечне.

Сваю працоўную і паэтычную дзейнасць пачынаў у Вілейцы. Пасля надоўга пакінуў малую радзіму і працаваў у Вільнюсе на заводзе, друкаваўся ў завадской шматтыражцы «Радыст». У юнацтве захапляўся горным турызмам, а таму шмат яго вершаў прысвечана мужным людзям, якія пакараюць горы.

Апошнія гады жыў у бацькоўскай хаце ў Вілейцы.

Гэта быў таленавіты паэт, улюбёны ў літаратуру, у паэзію. Ён піша аб роднай прыродзе, аб Вілейцы, дзе прайшлі яго лепшыя гады жыцця, успаміны аб сябрах юнацтва. Яго лірычныя вершы – гэта вершы аб неўтаймаванай душы паэта, якая ўсё жыццё шукае асабістае шчасце, а яно, гэта шчасце, недзе згубілася на дарогах складанага жыцця.

Паэт пайшоў з жыцця ў сакавіку 2014 года, пакінуўшы нам некалькі сшыткаў з чарнавымі запісамі вершаў. Члены літаратурнай гасцёўні «Дамінанта душы» папрацавалі над рукапісамі і сабралі яго вершы ў кніжку «Вяртанне да сябе».

У сваім выступленні Антаніна Іванаўна Гарчакова, па ініцыятыве якой выдадзена супрацоўнікамі раённай бібліятэкі кніга Сяргея Мароза “Вяртанне да сябе”, падзялілася сваімі думкамі аб творчасці паэта-земляка і прачытала яго байку “Баран у бібліятэцы”.

 

20190925_152305

Уладзімір Яфімавіч Цанунін перадаў прывітанне ад старшыні Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Святланы Быкавай. Святлана Анатольеўна дала высокую адзнаку рабоце бібліятэкараў цэнтральнай бібліятэкі імя Ганны Новік у межах праекта “Чытаем кнігі мясцовых аўтараў”.

Прадоўжылі размову пра вершы Сяргея Мароза Манцэвіч Б.Ф., Капцюг Г.І., Ляшкевіч У.А., Лазовік М.В., Крупская З.В. і іншыя.

Таленавіта даносілі паэзію земляка вядучая імпрэзы Наталля Каскевіч і бібліятэкар філіяла №5 Людміла Івашкевіч.

Спадзяёмся, што прэзентацыя кнігі Сяргея Мароза стала душэўным святам для прысутных у чытальнай зале бібліятэкі.

Share
Вы можете оставить комментарий, или ссылку на Ваш сайт.

Оставить комментарий