Сеть публичных библиотек Вилейского района
Наш адрес: г. Вилейка, ул. Советская, 25. Тел. (8-01771) 5-56-56
E-mail: biblio@vileyka.gov.by

Выстаўка з фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа “Якуб Колас: вядомы і невядомы”.

SAM_0220

   У сузор’і слынных імёнаў, якімі па праве ганарыцца беларускі народ, Якубу Коласу (Канстанціну Міхайлавічу Міцкевічу, 1882 – 1956) належыць адно з найбольш пачэсных месцаў. Класік нацыянальнай і сусветнай літаратур, непераўзыдзены мастак слова, аўтар паэтычных шэдэўраў, педагог, літаратурны крытык, публіцыст, перакладчык, вучоны, дзяржаўны дзеяч, чалавек вялікай і шчодрай душы – такім быў Якуб Колас ва ўспрыманні сучаснікаў. Такім ён застаецца і сёння ў свядомасці беларускага грамадства, шматлікіх прыхільнікаў яго таленту. Творчасць Якуба  Коласа, 135-годдзе з дня нараджэння якога будзе святкавацца ў лістападзе 2017 года, – гэта цэлы свет, свет дзівосны, багаты і непаўторны, у якім месціцца родная зямля, народ, яго жыццё і гісторыя.    Прэзентацыя  выстаўкі з фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа “Якуб Колас: вядомы і невядомы”, прысвечаная 135-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі прайшла ў бібліятэцы сямейнага чытання 8 верасня. Яе правёў навуковы супрацоўнік  Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Аляксандр Крыжэвіч.

  Матэрыялы ў першай частцы выстаўкі дазваляюць паглядзець на слыннага паэта не толькі як на славутага сына сваёй краіны, грамадзяніна, культурнага дзеяча, але, перш за ўсё, як на чалавека. Са сваімі радасцямі і турботамі, набыткамі і стратамі, са сваімі чалавечымі слабасцямі і звычкамі. Нароўні з афіцыйнымі фотаздымкамі, дзе Колас прадстаўлены як народны паэт, вядомы дзяржаўны дзеяч, віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук БССР, у выстаўку ўключаны малавядомыя або нават невядомыя шырокаму наведвальніку фотаздымкі Коласа ў яго доме і на сядзібе, сярод родных і блізкіх, сяброў, прыяцеляў. Кожны фотаздымак – яшчэ  адзін штрых да партрэта Якуба Коласа як звычайнага чалавека, сем’яніна, сябра, гасціннага гаспадара. Некаторыя фотаздымкі праілюстраваны цытатамі з твораў самаго паэта, вытрымкамі з дзённіка і ўспамінаў людзей, з якімі лёс звёў беларускага Песняра.

  Кожны чалавек раскрываецца ў зносінах. Акружэнне Якуба Коласа, народнага паэта БССР, віцэ-прэзідэнта АН БССР, дэпутата, надзвычай шырокае: сябры, знаёмыя, калегі па пяру, супрацоўнікі, проста людзі, з якімі Колас сустракаўся як дэпутат і якім ён дапамагаў.

  2-я частка выстаўкі “Якуб Колас: вядомы і невядомы” рэпрэзентуе асобу народнага Песняра ў соцыуме: Якуб Колас сярод дзяржаўных дзеячаў падчас дзяржаўных свят; на пасяджэннях з нагоды юбілеяў супрацоўнікаў і калег; Якуб Колас за межамі нашай краіны – у Маскве разам з сябрамі і калегамі-пісьменнікамі, з перакладчыкам і сябрам Сяргеем Гарадзецкім.

  Асабліва цёплымі і светлымі з’яўляюцца фотаздымкі Якуба Коласа ў час адпачынку на Пухаўшчыне, з Канстанцінам Дзяткам, старшынёй калгаса ў вёсцы Балачанка, старым сябрам беларускага паэта (яшчэ ў даваенныя часы Колас некаторыя са сваіх летніх адпачынкаў з сям’ёй праводзіў у яго хаце), а таксама фотаздымкі 1950-х гг., зробленыя на возеры Нарач, дзе знаходзілася дача “Міхала-адмірала” – Міхася Лынькова.

  Выстаўка будзе працаваць да 30 верасня.Запрашаем усіх жадаючых наведаць выстаўку.

(Па матэрыялах  Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа)

Share
Вы можете оставить комментарий, или ссылку на Ваш сайт.

Оставить комментарий