Сеть публичных библиотек Вилейского района
Наш адрес: г. Вилейка, ул. Советская, 25. Тел. (8-01771) 5-56-56
E-mail: biblio@vileyka.gov.by

С. Макарэвіч “Дзесяць гадоў без яе”

Знаходжанне Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы – асобны перыяд у гісторыі нашай краіны. Асобны перыяд і ў гісторыі літаратуры. Менавіта Заходняя Беларусь дала нам такіх пісьменнікаў, як Максім Танк, Валянцін Таўлай, Піліп Пестрак… Прозвішчаў не так і шмат, але што ні такі «заходнік», то вядомы на ўсю краіну. Была сярод тых літаратараў і Ганна Новік.

Лёс паэткі вельмі складаны і цяжкі. Быў, бо ў студзені 2007 года слаўняецца дзесяць гадоў, як Ганны Аляксееўны не стала. Але памяць засталася. Доказам таму і два пасмяротныя зборнікі вершаў паэткі (за жыццё паэтка выдала толькі адну кнігу), і публікацыі пра яе ў мясцовым друку, а таксама невядомыя шырокаму колу чытачоў празаічныя творы.

Нарадзілася паэтка ў 1914 годзе ў горадзе Аўгуставе (сёння – тэрыторыя Польшчы). Дзяцінства прайшло ў вёсцы Варонічы Вілейскага раёна. У часы польскай акупацыі Заходняй Беларусі Ганна Аляксееўна ўключылася ў нацыянальна-вызваленчы рух. Правяла каля двух гадоў у турме. Падчас допыту ў дэфінзіве атрымала калецтва вока. У 1937 годзе ўпершыню выступіла ў друку са сваімі вершамі. Пра іх з’явіўся водгук ў «Беларускім летапісцы».

«Вайна прайшла праз сэрца і душу…» – напіша паэтка пра Вялікую Айчынную. Пра вайну, на якой Беларусь страціла кожнага трэцяга свайго жыхара. Сама паэтка стала партызанскай сувязной, за што была ўзнагароджана ордэнам Вялікай Айчыннай вайны II ступені і медалямі. Па вайне займала пасаду старшыні калгаса імя Леніна ў вёсцы Варонічы, старшыні Кузьміцкага сельсавета на той жа Вілейшчыне. На Будслаўскай МТС была памочнікам начальніка палітаддзела.

Яшчэ ў 1939 годзе маладая паэтка пазнаёмілася з маладзейшым, але ўжо шырока вядомым Максімам Танкам. Завязалася сяброўства. Танк быў адным з першых, хто ў па-ваенны час адгукнуўся на вестку паэткі, прапанаваў ёй сваю дапамогу.

У 1960 годзе Ганна Аляксееўна была прынятая ў шэрагі пісьменніцкай браціі – Саюз пісьменнікаў. Хоць толькі праз год у паэткі выйшаў першы і апошні прыжыццёвы зборнік вершаў «Мае вёсны». Кніжачка выйшла накладам 1 730 асобнікаў і ўвабрала ў сябе ўсяго 22 вершы, датаваныя 1937-1958 гадамі. Кніжачка на Вілейшчыне – вялікая рэдкасць. Падчас святкавання 90-годдзя пісьменніцы ў 2004 годзе ні бібліятэкары, ні музейшчыкі не змаглі прадэманстраваць яе. У прадмове да зборніка Піліп Пестрак напісаў: «Недзе ў шэрагу заходнебеларускіх паэтаў, творчыя вытокі якіх пачаліся ад удзелу ў масавай барацьбе за вызваленне з-пад польска-фашысцкай акупацыі, значацца сляды і Ганны Новік. <…>

Прапануемы чытачу зборнік вершаў Ганны Новік «Мае вёсны» не прэтэндуе на шырокі ахоп падзей у свеце, не прэтэндуе на тыя ці іншыя пошукі зместу ці формы. Гэта песня сваёй, мясцовай птушкі аб тым, што робіцца ў сябе дома, што мае тую ці іншую сувязь з падзеямі ў краіне».

А яшчэ Ганна Новік пісала прозу. Як адзначае літаратуразнаўца Мікола Мікуліч, тое, што Ганна Аляксееўна «пачала спрабаваць сябе ў жанрах апавядання, аповесці, нарыса, вялікая заслуга Максіма Танка».

За апошнія дзесяць гадоў выйшлі два паэтычныя зборнікі паэткі. Першы, «Мая Вілейшчына», рыхтаваўся яшчэ пры жыцці Ганны Аляксееўны. Тады яна ўжо была слабая. Загадчыца раённай бібліятэкі Раіса Соніч прыходзіла на кватэру Г. Новік і запісвала яе ўспаміны. Яны і сталі ўступным артыкулам да кніжкі, якую паэтка, нажаль, не паспела пабачыць. А ў 2004 годзе пачалася праца над выданнем новага зборніка «Барвовае лісце». У гэтым заслуга паэта Івана Лашуткі і Раісы Соніч. Іван Іосіфавіч рэдагаваў кніжку. А вось убачыць яе не паспеў – адышоў у іншы свет. Яшчэ перад смерцю паэт пісаў пра сваю калегу: «Ганна Новік з кагорты тых, хто свой жыццёвы вопыт і прафесійны талент аддавала роднай Беларусі, развіццю яе мовы. і культуры. Не абласканая асабістым лёсам, яна заўсёды несла сваю дабрыню і любоў да людзей. I, як родная беларуская песня, паэзія Ганны Новік не згубіць свой след на літаратурнай ніве Бацькаўшчыны».

Хацелася б у хуткім часе акрамя паэтычных зборнікаў убачыць і кнігу прозы. Хай сабе празаічны радок Ганны Аляксееўны не такі сакавіты, як паэтычны, усё ж і ён павінен чытацца.

Сяргей МАКАРЭВІЧ

// ЛіМ – 2005. – 15 ліп.

Share
Вы можете оставить комментарий, или ссылку на Ваш сайт.

Оставить комментарий