Сеть публичных библиотек Вилейского района
Наш адрес: г. Вилейка, ул. Водопьянова, 21. Тел. (8-01771) 5-56-56
E-mail: biblio@vileyka.gov.by

С. Макарэвіч “Адчуваю сябе лішняй сярод пісьменнікаў…»

Пра паэтку Ганну Новік у сучасным беларускім літаратуразнаўстве згадваецца рэдка. Яно і зразумела. Завоблачных вышынь у творчасці не дасягнула. Ды і тое, што пасля яе засталося, далёкае ад уключэння ў школьныя хрэстаматыі. Але памятаць пра паэтку мы павінны.

Ганна Новік нарадзілася 25 сакавіка 1914 года ў горадзе Аўгустове Сувалкаўскай губерні, сёння тэрыторыя Польшчы. Але сям’я паходзіла з Вілейшчыны, куды прывезлі і Ганну, калі тое “дазволіла” зрабіць вайна. Ужо маладой дзяўчынай яна ўключылася ў нацыянальна-вызваленчую барацьбу, за што прабыла каля двух гадоў у турме. А допьгг ў дэфінзіве стаў прычынай калецтва вока.

3 першымі вершамі Ганна Аляксееўна выступіла ў 1937 годзе на старонках “Беларускага летапісу” і “Калоссяў”. Тады яна завочна пазнаёмілася і з Максімам Танкам, які стаў яе хросным бацькам у літаратуры. Упершыню ўбачылася Новік з паэтам восенню 1939 года, у рэдакцыі абласной газеты “Вілейская праўда”, куды Яўген Іванавіч прыехаў і працаваць з Вільні. Пад рэдакцыяй Танка ў газеце друкаваліся вершы паэткі. У яе бібліяграфіі ў даведніку “Беларускія пісьменнікі” пазначаны толькі два творы – “Вёсцы” і “Пад зорамі Крамля”. Але гэта не ўсе. Былі яшчэ “Глядзіце зорка”, “Рассыпаны зоры”… Былі ўсе падставы, каб з прыходам Саветаў у Заходнюю Беларусь пайсці вучыцца, але паэтка падалася ўсталёўваць савецкую ўладу ў раёне. Была абрана дэпугатам Народнага сходу Заходняй Беларусі. Працавала інспектарам Куранецкага раёна. Гэта наклала адбітак на яе далейшыя жыццё і творчасць.

Падчас Другой сусветнай вайны Ганна Новік з’яўлялася партызанскай сувязісткай, за што была ўзнагароджана ордэнам Вялікай Айчыннай вайны ІІ ступені і медалямі. У ваеннай віхуры страціла дачку. Сям’ю пакінуў муж. Ганна Аляксееўна засталася разам, з маленькім сынам і бацькамі. У мірны час яна займала пасады старшыні калгаса імя Леніна ў вёсцы Варонічы, старшыні Кузьміцкага сельсавета на Вілейшчыне. На Будслаўскай МТС была памочнікам начальніка палітадлзела.

У вайну, зразумела, пра паэзію Ганне Аляксееўне не было як думаць. Але ў 1945 годзе яна напісала ліст у Саюз пісьменнікаў, і 1 жніўня атрымала адказ. “Паважаны таварыш Новік! Выбачайце, што пішу паштоўку, але мне хацелася б, каб яна хутчэй дайшла да Вас. Я вельмі рад быў і ўсе таварышы, якія Вас ведалі, калі змагаліся за вызваленне сваёй Бацькаўшчыны. Я распытваў пра Вас раней. Але мне ніхто нічога не мог сказаць. Калі зможаце зараз пераслаць нам свае вершы і ўсё тое, што Вы напісалі за апошні час, было б вельмі добра. Пераслаць можаце на маё імя, на адрас Саюза пісьменнікаў у Мінску. Прывітанне Вам ад таварышаў, якія помняць Вас. Моцна цісну Вашу руку – Максім Танк”.

Так паміж Ганнай Новік і Максімам Танкам узнавілася былое знаёмства. Яны пачалі ліставацца. Яўген Іванавіч быў для паэткі з Вілейшчыны галоўным дарадцам, найперш у справах літаратурных. “Прашу Вас, Яўген Іванавіч, аб адным: не шкадуючы мяне, напішыце адкрыта ці варта мне псаваць паперу, ці будзе што з гэтага, ці вартая я на сённяшні дзень Вашых падарункаў, ці ёсць у мяне якія задаткі на пісьменніка? Вашае пісьмо павінна стаць рашучым момантам у адносінах майго пісьменніцтва”, – пісала Г. Новік у сакавіку 1955 года.

Паведамляла яна і пра свае планы. Хацела напісаць кнігу пра жыццё механізатараў МТС, сярод якіх прапрацавала чатыры гады. Па прапанове Танка думала напісаць нарыс, але наракала, што “ў нас няма матэрыялу, а пашукаць яго зараз я не ў стане”. Шмат працавала над празаічнымі творамі. Ды не ўсё з яе прозы было надрукавана. Прычына – нізкая літаратурная якасць. Так, 13 жніўня 1955 года ў “ЛіМе” Мікалай Гарулёў выступіў рэцэнзентам апавядання Ганны Новік “Карэспандэнт”, надрукаванага ў “Полымі”. “Мне эдаецца, – пісаў Мікалай Аляксандравіч, – што някепскі дэбют маладой пісьменніцы. I гэта, у першую чаргу, таму, што з апавядання ўстае жывы кавалак жыцця з яго супярэчнасцямі, цяжкасцямі, з яго дадатнымі і адмоўнымі з’явамі. Чытаючы апавяданне, раптам адчуваеш, што расказанае Ганнай Новік – чыстая праўда, якая падчас мяжуе з канкрэтным жыццёвым фактам. I вось тут, мне думаецца, аўтар, ідучы за фактам, часам забыў пра законы мастацтва, пра тыя элементарныя рэчы, якія неабходна ведаць пачынаючаму празаіку”. Далей аўтарку крытыкуюць за лішні эпізод у творы, за выпадковых персанажаў, за расцягнутасць. “Першае апавяданне – гэта творчая заяўка маладога празаіка. Заяўка Ганны Новік – цікавая па матэрыяле і заслугоўвае ўсялякай падтрымкі. Няхай не крыўдуе аўтар на адкрытую размову аб недахопах, гэтая размова таварыская, шчырая”, – падсумаваў у рэцэнзіі Мікалай Гарулёў.

Такі водгук не мог не расчараваць Ганну Аляксееўну. Таму мо і яе лісты да Максіма Танка часта прасякнуты сумам. Паэтка пачувала сябе пакінутай і забытай. У адным з допісаў яна так і зазначыла: “Адчуваю сябе лішняй сярод пісьменнікаў…” Яшчэ большае расчараванне прынеслі працэсы ўступлення ў Саюз пісьменнікаў Беларусі і выдання кніжкі.

“Уступаць у члены – трэба мець кніжку, а ў мяне яе няма і, магчыма, не будзе, бо я не ўмею змагацца за сваё месца ў жыцці, нават напамінаць аб сабе не ўмею і баюся, бо вельмі цяжка, калі незаслужана лаюць. Магчыма, Вы гэтага ніколі не сустракалі, таму злуецеся на мяне”, – звярталася да Максіма Танка паэтка ў студзені 1958 года. Працяглы час не было пэўнасці ў Дзяржаўным выдавецтве наконт зборніка. Але ўсе справы вырашыліся станоўча. У 1960 годзе Ганна Новік была прынята ў Саюз пісьменнікаў, а праз год выйшаў і першы ды адзіны прыжыццёвы зборнік паэтычны зборнік “Мае вёсны”.

Вось толькі паласа белага змяняецца паласой чорнага. Ганна Аляксееўна мела слабае здароўе. Не магла працаваць. I ўзнікла праблема з пенсіяй.

“Другая бяда – са стажам. Райстат не залічвае выбарных пасадаў і таму ўвесь час, што я білася ў калгасе старшынёю – прападае. Трэба даведку райвыканкама, што мяне накіроўвалі на гэту работу. I гэта вельмі цяжка ўладзіць. I яшчэ адно: з даваеннай службы ў мяне застаўся толькі прафбілет з райана. А сведак знайшла, але тыя прыйшлі значна пазней за мяне, толькі ў 40-м годдзе. Я ж прыйшла ў раён з 1 кастрычніка, і рабіла ўсё, што было трэба. Як і Вы ведаеце, арганізоўвала гандлёвыя кропкі, загатаўляла лён…Але з тых людзей таксама нікога не засталося і таму ўвесь час я хачу аформіць на райана, каб не было лішняй цяганіны. Дык вось няма людзей, якія б прымалі мяне на работу. І тут можа са стажу прапасці амаль год. А прафарганізацыя ў райана арганізавалася толькі ў красавіку 1940 года”. Звярталася да Максіма Танка з просьбай зрабіць ёй даведку, у якой былі б указаны даты першых публікацый вершаў. Такі дакумент даваў падставу для адліку працоўнага стажу з 1937 года. Яшчэ ў 1957 годзе паэтка атрымала другую групу інваліднасці. Значна пазней не стала сына Ганны Аляксееўны. Душэўныя перажыванні прывялі да таго, што ў паэткі здарыліся інсульты. Нягледзячы на ўсе жыццёвыя выпрабаванні паэтка пражыла 82 гады. Памерла ў студзені 1997 года.

На шматпавярховіку па вуліцы Маркава ў Вілейцы вісіць памятная дошка, якая нагадвае, што тут “з 1982 па 1997 гг.. жыла Ганна Новік, член Саюза пісьменнікаў Беларусі”. За апошнія гадоў шэсць у Вілейцы з’явіўся цэлы шэраг новых вуліц і завулкаў, якія названы ў гонар пісьменнікаў, мастакоў, гістарычных асоб: Ігнацы Ходзька, Леў Альпяровіч, Эдвард Жалігоўскі, Нікадзім Сілівановіч, Піліп Орлік… Мо да 100-годдзя паэткі з’явіцца вуліца імя Ганны Новік? Хоць яна і не была выбітным літаратарам, але стала першым сябрам Саюза пісьменнікаў з Вілейшчыны. А таму гэты факт заслугоўвае, каб і яго ўвекавечылі.

Сяргей Макарэвіч

// ЛіМ. – 2009. – № 13. – С. 14.

Share
Вы можете оставить комментарий, или ссылку на Ваш сайт.

Оставить комментарий