Сеть публичных библиотек Вилейского района
Наш адрес: г. Вилейка, ул. Советская, 25. Тел. (8-01771) 5-48-55
E-mail: biblio@vileyka.gov.by

С. Макарэвіч «Адчуваю сябе лішняй сярод пісьменнікаў…»

Пра паэтку Ганну Новік у сучасным беларускім літаратуразнаўстве згадваецца рэдка. Яно і зразумела – завоблачных вышынь у творчасці не дасягнула. Але памятаць пра паэтку мы павінны.

Ганна Новік нарадзілася 25 сакавіка 1914 года ў горадзе Аўгустоў Сувалкаўскай губерні (сёння тэрыторыя Польшчы). Але сям’я паходзіла з Вілейшчыны, куды і вярнулася пасля вайны. Ужо дзяўчынай яна ўключылася ў нацыянальна-вызваленчую барацьбу, за што правяла каля двух гадоў у турме. А допыт у дэфензіве стаў прычынай калецтва вока.

3 першымі вершамі Ганна Аляксееўна выступіла ў 1937 годзе на старонках «Беларускага летапісу» і «Калоссяў». Тады яна завочна пазнаёмілася і з Максімам Танкам, які стаў яе хросным бацькам у літаратуры.

У часопісе «Беларускі летапіс» існавала рубрыка «Паштовая скрынка», якую вёў Танк: ён рабіў агляд дасланых вершаў. Так у № 6-7 за 1937 год разглядаліся вершы нашай паэткі. Там пра яе згадваецца так: «Новік Ганна. З вялікім задавальненьнем вітаем Вас на літаратурным грунце. Маеце ўсе задаткі быць паэтам. Арыгінальнасьць, шчырасьць, вобразнасьць і яснасьць думкі чуваць у вашых вершах, а гэта найважнейшае. Людзі з меншымі задаткамі бяруцца за працу, а тым больш мусіце ўзяцца вы; але адначасна пазбыцца трэба тых недахопаў тэхнічных, як слабая апрацоўка, мейсцамі русызмы, палёнізмы і інш., каб даць поўнавартасныя мастацкія творы. Толькі сьмялей ідзеце ў гэтьм напрамку. М. Т-к.» У тым самым нумары быў надрукаваны верш паэткі «Маё сонца»:

Ах ты, сонца, прыйшло – кругом бела,

Снег зямельку сабой атуліў…

Ты ж ні разу мяне не сагрэла,

Хоць агонь твой другіх так паліў.

Ці ж ты, сонца, пра гэта не знала,

Што так трэба твайго мне цяпла.

Маладосць я сваю скаратала,

I вясна ўжо мая уцякла.

Як ты клічаш у даль мае вочы,

Як умееш ў душу паглядзець!

Але ўсё ж ткі сагрэць ты не хочаш,

Я ад холаду мушу дрыжэць.

Ты скажы, ці магу спадзявацца,

Шхо ты грудзі сагрэеш мае?

У той дзень я зраблю сабе святца,

Маё сэрца тады загме.

А значна пазней Максім Танк ужо пра прозу Новік напіша ў дзённіку:

«1955/26.03

…Атрымаў пісьмо і цікавае апавяданне Ганны Новік. Дапрацаваўшы, можна было б даць у «Полымя». Вельмі хутка расце ў нас колькасць твораў сярэдніх, твораў, якія можна друкаваць, але калі б былі лепшыя, не варта было б іх друкаваць».

Упершыню ўбачылася Новік з Танкам увосень 1939 года, у рэдакцыі абласной газеты «Вілейская праўда», куды Яўген Iванавіч прыехаў працаваць. Пад яго рэдакцыяй у газеце друкаваліся вершы паэткі. У яе бібліяграфіі ў слоўніку «Беларускія пісьменнікі» пазначаны толькі два творы – «Вёсцы» і «Пад зорамі Крамля». Але гэта не ўсе. Былі яшчэ «Глядзіце зорка», «Рассыпаны зоры»… I ўсё-такі, замест таго каб з прыходам Саветаў у Заходнюю Беларусь пайсці вучыцца, паэтка падалася ўсталёўваць савецкую ўладу ў раёне (на гэта спісваў хібы ў яе творах Максім Танк). Была абрана дэпутатам Народнага сходу Заходняй Беларусі. Працавала інспектарам Куранецкага райана. Гэта наклала адбітак на яе далейшыя жыццё і творчасць.

Падчас савецка-нямецкай вайны Ганна Новік з’яўлялася партызанскай сувязной, за што была ўзнагароджана ордэнам Вялікай Айчыннай вайны II ступені і медалямі. У ваеннай віхуры страціла дачку. Сям’ю пакінуў муж. Ганна Аляксееўна засталася разам з маленькім сынам і бацькамі. У мірны час яна займала і пасады старшыні калгаса імя У.І. Леніна ў вёсцы Варонічы, старшыні Кузьміцкага сельсавета на Вілейшчыне. На Будслаўскай МТС працавала памочнікам начальніка палітаддзела.

У вайну, зразумела, Ганне Аляксееўне пра паэзію думаць не было як. Але ў 1945 годзе яна напісала ліст у Саюз пісьменнікаў БССР. 11 жніўня атрымала адказ:

«Паважаны таварыш Новік!

Выбачайце, што пішу паштоўку, але мне хацелася б, каб яна хутчэй дайшла да Вас. Я вельмі рад быў і ўсе таварышы, якія Вас ведалі, калі змагаліся за вызваленне сваёй Бацькаўшчыны. Я распытваў пра Вас раней. Але мне ніхто нічога не мог сказаць. Калі зможаце зараз пераслаць нам свае вершы і ўсё тое, што Вы напісалі за апошні час, было б вельмі добра. Пераслаць можаце на маё імя, на адрас Саюза пісьменнікаў у Мінску. Прывітанне Вам ад таварышаў, якія помняць Вас. Моцна цісну Вашу руку – Максім Танк».

Так паміж Новік і Танкам узнавілася былое знаёмства. Яны пачалі ліставацца. Яўген Іванавіч быў для паэткі з Вілейшчыны галоўным дарадцам, найперш у справах літаратурных. «Прашу Вас, Яўгені Іванавіч, аб адным: не шкадуючы мяне, напішыце адкрыта, ці варта мне псаваць паперу, ці будзе што з гэтага, ці вартая я на сённяшні дзень Вашых падарункаў, ці ёсць у мяне якія задаткі на пісьменніка? Вашае пісьмо павінна стаць рашучым момантам у адносінах майго пісьменніцтва», – пісала Ганна Новік у сакавіку 1955 года.

Паведамляла яна і пра свае планы. Хацела напісаць кнігу пра жыццё механізатараў МТС, сярод якіх прапрацавала чатыры гады. Па прапанове Танка думала напісаць нарыс, але наракала, што «ў нас няма матэрыялу, а пашукаць яго зараз я не ў стане». Шмат працавала над празаічнымі творамі. На жаль, не ўсё з прозы было надрукавана. Прычына – нізкая літаратурная вартасць. Так, 13 жніўня 1955 года ў «ЛіМе» Мікалай Гарулёў (1919-1980) выступіў рэцэнзентам апавядання Ганны Новік «Карэспандэнт», надрукаванага ў часопісе «Полымя».

«Мне здаецца, – пісаў Мікалай Аляксандравіч, – што някепскі дэбют маладой пісьменніцы. І гэта, у першую чаргу, таму, што з апавядання ўстае жывы кавалак жыцця з яго супярэчнасцямі, цяжкасцямі, з яго дадатнымі і адмоўнымі з ‘явамі. Чытаючы апавяданне, раптам адчуваеш, што расказанае Ганнай Новік – чыстая праўда, якая падчас мяжуе з канкрэтным жыццёвым фактам. I вось тут, мне думаецца, аўтар, ідучы за фактам, часам забыў пра законы мастацтва, пра тыя элементарныя рэчы, якія неабходна ведаць пачынаючаму празаіку». Далей аўтарку крытыкуюць за лішні эпізод у творы, за выпадковых персанажаў за расцягнутасць. «Першае апавяданне – гэта творчая заяўка маладога празаіка. Заяўка Ганны Новік – цікавая па матэрыяле і заслугоўвае ўсялякай падтрымкі. Няхай не крыўдуе аўтар на адкрытую размову аб недахопах, гэтая размова таварыская, шчырая», – падсумаваў у рэцэнзіі Мікалай Гарулёў.

Такі водгук не мог не расчараваць Ганну Аляксееўну. Таму мо і яе лісты да Максіма Танка часта прасякнуты сумам. У адным з лістоў яна так і зазначыла: «Адчуваю сябе лішняй сярод пісьменнікаў…» Яшчэ большае расчараванне прынёс працэс уступлення ў Саюз пісьменнікаў Беларусі і выданне кніжкі.

«Уступаць у члены – трэба мець кніжку, а ў мяне яе няма і, магчыма, не будзе, бо я не ўмею змагацца за сваё месца ў жыцці, нават напамінаць аб сабе не ўмею і баюся, бо вельмі цяжка, калі незаслужана лаюць. Магчыма, Вы гэтага ніколі не сустракалі, таму злуецеся на мяне», – звярталася да Максіма Танка паэтка ў студзені 1958 года. Працяглы час не было пэўнасці з Дзяржаўным выдавецтвам наконт зборніка. Але ўсе справы вырашыліся станоўча. У 1960 годзе Ганна Новік была прынята ў творчы Саюз пісьменнікаў. А праз год быў выдадзены першы ды адзіны прыжыццёвы паэтычны зборнік «Мае вёсны».

Кніжачка выйшла накладам 1730 асобнікаў і ўвабрала ў сябе ўсяго 22 вершы, датаваныя 1937-1958 гадамі. Зборнік на Вілейшчыне – рэдкасць. Падчас святкавання 90-годдзя пісьменніцы, у сакавіку 2004 года, ні бібліятэкары, ні музейшчыкі не змаглі прадэманстраваць яго. У прадмове да зборніка Піліп Пестрак (1903-1978) напісаў: «Недзе ў шэрагу заходне-беларускіх паэтаў, творчыя вытокі якіх пачаліся ад удзелу ў масавай барацьбе за вызваленне з-пад польска-фашысцкай акупацыі, значацца сляды і Ганны Новік. <…>

Зборнік вершаў Ганны Новік «Мае вёсны» не прэтэндуе на шырокі ахоп падзей у свеце, не прэтэндуе на тыя ці іншыя пошукі зместу ці формы. Гэта – песня сваёй, мясцовай птушкі аб тым, што робіцца ў сябе дома, што мае тую ці іншую сувязь з падзеямі ў краіне».

Вось толькі паласа белага змяняецца паласой чорнага. Ганна Аляксееўна мела слабое здароўе. Не магла працаваць. I ўзнікла праблема з пенсіяй.

«Другая бяда са стажам. Райсабес не залічвае выбарных пасадаў, і таму ўвесь час, што я білася ў калгасе старшынёю, – прападае. Трэба даведку райвыканкама, што мяне накіроўвалі па гэту работу. I гэта вельмі цяжка ўладзіць. I яшчэ адно: з даваеннай службы ў мяне застаўся толькі прафбілет з райана. А сведак знайшла, але тыя прыйшлі значна пазней за мяне, толькі ў 40-м годзе. Я ж прыйшла ў раён з 1-га кастрычніка і рабіла ўсё, што было трэба. Як і Вы ведаеце, арганізоўвала гандлёвыя кропкі, загатаўляла лён… Але з тых людзей таксама нікога не засталося, і таму ўвесь час я хачу аформіць на райана, каб не было лішняй цяганіны. Дык вось няма людзей, якія б прымалі мяне на работу. I тут можа са стажу прапасці амаль год. А прафарганізацыя ў райана арганізавалася. толькіў красавіку 40-га года», – звярталася да Максіма Танка з просьбай зрабіць ёй даведку, у якой была б указана дата першых публікацый вершаў. Такі дакумент даваў падставу для адліку працоўнага стажу з 1937 года…

Яшчэ ў 1957 годзе паэтка атрымала другую групу інваліднасці. Пазней не стала сына Ганны Аляксееўны. Душэўныя перажыванні прывялі да таго, што ў паэткі здарыліся інсульты. Нягледзячы на ўсе жыццёвыя выпрабаванні Ганна Новік пражыла 82 гады. Памерла ў студзені 1997 года.

За апошнія дзесяць гадоў выйшлі два паэтычныя зборнікі паэткі. «Мая Вілейшчына» рыхтаваўся яшчэ пры жыцці Ганны Аляксееўны (хоць годам выдання і пазначаны 1996-ы, але выйшаў пазней). Яна тады ўжо была слабая. Загадчыца раённай цэнтральнай бібліятэкі Раіса Соніч прыходзіла на кватэру Ганны Новік і запісвала яе ўспаміны, якія і сталі ўступным артыкулам да кнігі. На жаль, паэтка не паспела пабачыць яе. А ў 2004 годзе пачалася праца над выданнем новага зборніка «Барвовае лісце». Гэта заслуга паэта Івана Лашуткі і Раісы Соніч. Іван Іосіфавіч рэдагаваў кнігу. А вось убачыць яе не паспеў – адышоў у іншы свет. Яшчэ перад смерцю паэт пісаў пра сваю калегу: «Ганна Новік з кагорты тых, хто свой жыццёвы вопыт і прафесійны талент аддавала роднай Беларусі, развіццю яе мовы і культуры. Не абласканая асабістым лёсам, яна заўсёды несла сваю дабрыню і любоў да людзей. I, як родная беларуская песня, паэзія Ганны Новік не згубіць свой след на літаратурнай ніве Бацькаўшчыны».

На шматпавярховіку па вуліцы Маркава ў Вілейцы вісіць памятная дошка, якая нагадвае, што тут «з 1982 па 1997 жыла Ганна Новік, член Саюза пісьменнікаў Беларусі». За апошнія гадоў шэсць у Вілейцы з’явіўся цэлы шэраг новых вуліц і завулкаў якія названы ў гонар пісьменнікаў, мастакоў, гістарычных асоб. Ігнацы Ходзька, Леў (Лейба) Альпяровіч (1874-1913), Эдвард Жалігоўскі, Нікадзім Сілівановіч (1834-1918 (1919?), Піліп Орлік (1672-1742)… Мо да 100-годдзя паэткі з’явіцца вуліца імя Ганны Новік? Хоць яна і не была выбітным літаратарам, але стала першым сябрам Саюза пісьменнікаў з Вілейшчыны. А таму гэты факт заслугоўвае, каб і яго адзначылі.

Макарэвіч, С.

Край мой верасовы : краязнаўчыя эссэ, эпісталярый / Сяргей Макарэвіч. – Мінск : Кнігазбор, 2012. – С. 40-44.

Share
Вы можете оставить комментарий, или ссылку на Ваш сайт.

Оставить комментарий