Сеть публичных библиотек Вилейского района
Наш адрес: г. Вилейка, ул. Советская, 25. Тел. (8-01771) 5-56-56
E-mail: biblio@vileyka.gov.by

Н. Валынец “ЖЫВАЯ, СВЕТЛАЯ, ЗЯМНАЯ”

Ганна Аляксееўна Новік – вілейчанка, член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Да  сёлетняга дня нараджэння атрымала доўгачаканы падарунак: сігнальны экзэмпяр зборніка яе вершаў «Мая Вілейшчына».

3 дня выхаду ў свет першага зборніка паэткі «Мае вёсны» мінулі тры  дзесяцігоддзі. Увесь гэты час Ганна Аляксееўна плённа працавала. Яе паэтычныя і публіцыстычныя творы друкаваліся на старонках вілейскай «раёнкі», у рэспубліканскіх выданнях. І заўсёды знаходзілі водгук у сэрцах чытачоў.

Бо паэзія яе – ад жыцця, ад той рэчаіснасці, якой усе мы сёння жывём.

I вось упершыню за тры дзесяцігоддзі гэтыя вершы сабраны пад адной вокладкай. У новы зборнік Ганны Новік увайшлі лірычныя творы, напісаныя аўтарам за гэты час. Сярод іх нямала такіх, якія нідзе не друкаваліся. У гэтых маленькіх творах адлюстравана наша супярэчлівае жыццё ў розных яго праявах. Усё, чым жыў народ дзесяцігоддзі, што яго турбавала, прыгнятала, знайшло водгук у гэтых паэтычных радках, якія вабяць чытача глыбока асабістым светаўспрыманнем, аптымізмам і любоўю да людзей.

Мне кажуць, я не адзінока,

Бо аж да гэтае пары

Па ўсёй Вілейшчыне навокал

I аднадумцы, і сябры.

Так напісала пра сябе Ганна Аляксееўна. I мела рацыю. Бо павіншаваць яе з восемдзесят першымі ўгодкамі прыйшлі аднадумцы і сябры, прыхільнікі яе творчасці і тыя, хто быў побач з ёю ў нялёгкія часы. I цесна стала ў яе аднапакаёвай кватэры ад шчырых поціскаў сяброўскіх рук.

Ганна Аляксееўна нават праслязілася, трымаючы ў руках сціплую кніжачку пад зялёнай вокладкай – зборнік «Мая Вілейшчына». І нельга не назваць людзей, дзякуючы якім выйшла ў свет гэтае паэтычнае выданне. Арганізавала і фінансавала выданне кнігі акцыянернае таварыства «Інтэрмаркет», а непасрэдную ініцыятыву і цікавасць да паэзіі праявіў генеральны дырэктар фірмы Уладзімір Мікалаевіч Варашнін. Мастацтва ва ўсе часы выжывала дзякуючы мецэнатам.

Наталія Валынец

// Мінская праўда. – 1995. – 26 крас.


 

Share
Вы можете оставить комментарий, или ссылку на Ваш сайт.

Оставить комментарий