Сеть публичных библиотек Вилейского района
Наш адрес: г. Вилейка, ул. Советская, 25. Тел. (8-01771) 5-56-56
E-mail: biblio@vileyka.gov.by

Выстава-каляндар “Талент на пульсе часу” (да 100-годдзя з дня нараджэння Івана Шамякіна)

Адной з найбольш яркіх постацей у беларускай літаратуры ХХ стагоддзя з’яўляецца Іван Пятровіч Шамякін. За больш чым паўстагоддзе плённай працы з-пад пяра пісьменніка выйшлі ў свет шматлікія апавяданні, аповесці і раманы, у якіх па-мастацку даследуюцца ўзаемаадносіны асобы і грамадства, чалавека і сучаснасці.

20210202_135032Творца заўсёды трымаў руку на пульсе часу, хутка рэагуючы на найбольш ажныя праблемы бягучага моманту. Вострае адчуванне «болевых кропак» у жыцці грамадства, лёгкая белетрыстычная манера пісьма, уменне будаваць інтрыгуючы сюжэт, ствараць яркія вобразы-тыпы, быць простым і даступным у падачы складаных мастацкіх ідэй – гэтыя асаблівасці творчасці Івана Шамякіна прынеслі яму славу «жывога класіка». Іван Шамякін нарадзіўся 30 студзеня 1921 года ў вёсцы Карма Добрушскага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і лесніка. Затым была Макаўская сямігодка, вучоба ў Гомельскім будаўнічым тэхнікуме. У час Вялікай Айчыннай вайны будучы пісьменнік з’яўляўся камандзірам гарматы і камсоргам дывізіёна, яго франтавыя шляхі прайшлі ад Мурманска праз Польшчу і да Одэра. Пасля заканчэння вайны Іван Пятровіч настаўнічаў у вёсцы Пракопаўка Церахаўскага раёна, вучыўся на завочным аддзяленні Гомельскага педагагічнага інстытута. Закончыў таксама і Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ. З канца 1940-х гадоў Шамякін пачынае займацца літаратурнай і грамадскай дзейнасцю. Працуе ў розны час галоўным рэдактарам Беларускага дзяржаўнага выдавецтва, альманаха «Советская Отчизна», выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя», займае розныя пасады ў праўленні Саюза пісьменнікаў Беларусі, з’яўляецца Старшынёй Вярхоўнага Савета БССР, выбіраецца акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Першы поспех да Шамякіна-пісьменніка прыйшоў у 1945 годзе, калі ў часопісе «Полымя» была надрукавана аповесць «Помста». А ўсеагульнае прызнанне прынёс раман «Глыбокая плынь» (1946-1949), у якім маштабна распавядалася пра партызанскую барацьбу на акупіраванай тэрыторыі. І кожны наступны эпічны твор майстра слова станавіўся прыкметнай з’явай літаратурнага жыцця і з удзячнасцю вітаўся чытачамі: пенталогія «Трывожнае шчасце», раманы «Крыніцы», «Сэрца на далоні», «Снежныя зімы», «Атланты і карыятыды», «Вазьму твой боль», «Злая зорка», аповесці «Гандлярка і паэт», «Ахвяры», «Сатанінскі тур», «Палеская мадонна», «Без пакаяння», «Крывінка», «Зона павышанай радыяцыі», «Пошукі прытулку», «Слаўся, Марыя!» і іншыя. Плён творчай працы Івана Пятровіча Шамякіна высока ацэнены шматлікімі ўзнагародамі: званнем «Народны пісьменнік Беларусі», Дзяржаўнай прэміяй БССР і двойчы Дзяржаўнай прэміяй БССР, Зоркай Героя Сацыялістычнай Працы, некалькімі ордэнамі і медалямі. І бяззменнай любоўю чытачоў не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Іван Пятровіч Шамякін пакінуў наш свет 14 кастрычніка 2004 года. Але з намі засталіся яго кнігі і яго героі. І яго мудрыя думкі-запаветы, напрыклад, такія, як гэтыя словы: «Не ржавее і не паддаецца пазалоце толькі адно пачуццё – Любоў: да зямлі, якую называеш Радзімай, да народа, якому служыш, і да дзяцей, якіх нарадзіў».
Share
Вы можете оставить комментарий, или ссылку на Ваш сайт.

Оставить комментарий