Сеть публичных библиотек Вилейского района
Наш адрес: г. Вилейка, ул. Советская, 25. Тел. (8-01771) 5-56-56
E-mail: biblio@vileyka.gov.by

ШМАТЛІКІ МІКОЛА КУТАС

 

Мікола Кутас – беларускі паэт усёй сваёй сутнасцю. І калі нагадаеш жыццёвы шлях паэта, то разумееш: а па-другому і быць не можа. Ён нарадзіўся ў вёсцы Дзярэнчыцы на Стаўбцоўшчыне ў 1945 годзе. Хлопчык рана застаўся без маці і спазнаў у поўнай меры розныя нягоды. Быў пастушком у сем’ях родзічаў мачахі, даглядаў кароўку. Бацькава «ласка», як і мачахі, была строгай, і спагнанні з’яўляліся безупынна. Гады вучобы ў школе праходзілі спачатку ў Нававёскаўскай пачатковай школе, а потым у Нясвіжы ў школе-інтэрнаце для дзяцей-сірот. Там Мікола сур’ёзна ставіўся да вучобы, настройваўся на рамантычны лад, чаму вельмі садзейнічаў асяродак Нясвіжа з яго багатымі палацамі і краявідамі. Там хлопец пеставаў свае юначыя мары, шмат чытаў, атрымліваў на ўроках добрыя адзнакі.

 

Пасля 11 класаў паступіў у Мінскі педінстытут імя Горкага на філалагічны факультэт. Уваходзіў у склад творчага літаратурнага аб’яднання, дзе развіваў свой талент, пісаў вершы і там прыйшло да яго тонкае адчуванне слова і на ўсё жыццё пасябраваў з літаратурай. А Жэня Янішчыц – выдатная наша паэтка – у тыя гады была яго сябрам і слушным дарадцам.

3 вілейскім краем лёс звязаў Міколу Кутаса падчас педагагічнай практыкі ў Сцешыцкай школе. Ён зрадніўся з зямлёй і людзьмі Вілейшчыны, нямала зрабіў карыснага ў гады дырэктарства ў Суднікоўскай школе, дэпутацтва ў мясцовым Савеце, прафсаюзнай працы ў саўгасе “Абадоўцы”, на пасадзе бібліятэкара. Паэт у душы і па прызванні, ён з вялікай увагай адносіцца да зямлі і яе насельнікаў, да сваіх службовых абавязкаў.

 

Ён піша матэрыялы цікавыя і знакавыя для раёна: верш да 70-годдзя з дня нараджэння Міхаіла Казінца, нашага славутага земляка; верш, прысвечаны Адаму Грымацю, імя якога носіць Ільянская школа; верш Адаму Гурыновічу, земляку, імя якога носіць раённая літаратурная суполка “Натхненне”; Эміліі Кунавіч, польскай мастачцы і пісьменніцы, якая на пачатку XX стагоддзя працавала на Вілейшчыне; распавядае гісторыю вёскі Пахомава, дзякуючы яго высілкам знойдзены пацвярджэнні, аформленыя дакументы, ушанаванае імя ветэрана вайны Мікалая Уладыкі.

Ён піша не па заказе, а толькі тое, што хоча сказаць, што ведае, што адчувае, чым хоча падзяліцца з іншымі. Цытую ўрывак з допісу, прысвечанага вядомаму на Вілейшчыне архітэктару і краязнаўцу Анатолю Капцюгу: “На Вілейшчыне зробленая вялікая праца па вяртанні з небыцця гістарычных фактаў, якія робяць гонар нацыі і варты памяці нашчадкаў. Нам усім пара ўсведамляць, што мала аб’явіць Беларусь незалежнай краінай, трэба гэта паняцце “незалежнасць” напаўняць сэнсам, папаўняць здабыткамі мінулых пакаленняў беларусаў”.

Мікала Сямёнавіч у 2002 годзе сам прыняў удзел у конкурсе стварэння Дзяржаўнага. гімна, напісаў песню-гімн “Родная школа” (часопіс “Народная асвета” №6 за 2004 год), змясціў цікавыя матэрыялы ў “ЛіМе” ў жніўні 2005 і красавіку 2010 года.

Усё менш застаецца сведак даўніх падзей, а запісаць іх успаміны вельмі важна з вуснаў тых, хто іх бачыў або ўдзельнічаў. Гэтыя ўспаміны носяць у сабе непасрэднасць і праўдзівасць успрыняцця рэчаіснасці. Мікола Кутас па крупінцы збірае, запісвае, часта падае такія ўспаміны ў друку. Дасведчаны бібліятэкар, які ведае кожнага чалавека ў наваколлі (можа словамі даць яго псіхалагічны партрэт), пагаворыць з чалавекам і пра кнігу, і пра жыццё, і народзіцца аповед пра чалавека. Як, напрыклад, пра Івана Пякарскага “Асілак з Барсукоў”. “А хто робіць дабро, той і ёсць асілак”, – лічыць аўтар. Зойдзс з кнігай да ветэрана вайны або працы і пасля добрай гутаркі ажыве на старонках газеты гісторыя чалавечага лёсу: ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны Антона Супрона, Івана Жука, Мікалая Ясінскага, удзельніц вакальнай группы пры Абадоўскім клубе і многіх іншых. Памяць пакалення, сабраная Міколам Кутасам, захавалася ў асобнай кнізе «Сведчаць землякі».

Мікалай Сямёнавіч з’яўляецца адным з аўтараў калектыўных зборнікаў “Спатканне” (1994), “Родная бацькоўская зямля” (2002), “Там, дзе Вілія змейкаю атачыла бары…”, аўтарам уласнага “Перазвоны” (1999), які быў вылучаны на атрыманне прэміі Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі; сямейнага зборніка вершаў “У храме дзён” (Мікола, Галіна, Генрых Кутасы, 2006). Вядомы ў Беларусі паэт з Мядзельшчыны Мікола Шабовіч высока ацаніў творчасць Міколы Кутаса і даў яму рэкамендацыю ў Саюз беларускіх пісьменнікаў.

У сваіх вершах паэт гаворыць пра каханне і здраду, пра гора і радасць, пра сяброўства і родныя мясціны… Мікола Кутас піша для звычайнай чытацкай аўдыторыі, імкнецца даць аб’ектыўную ацэнку рэчаіснасці, узняць важныя праблемы.

Верш паэта “Жыві, Нясвіж!” знакаміты беларускі спявак, кампазітар, дырэктар дзяржаўнага ансамбля “Песняры” Вячаслаў Шарапаў паклаў на музыку. А сяброўка і паплечніца, кіраўнік студыі аўтарскай песні “Імпэт” Галіна Кутас паклала на музыку вершы “Родная школа”, “Толькі б вярнуцца дамоў”, “Беларуская зямля”. “Беларусь”, “Рыбка з морам заручоная” і іншыя.

Прыемна, што з вуснаў Міколы Кутаса заўсёды гучыць правільная, сакавітая, вобразная родная мова, блізкая аднавяскоўцам і чытачам. На роднай мове ён піша свае творы, але не адмаўляецца і ад рускай, у кнізе “У храме дзён” – цэлы раздзел “Родинки любви”.

Новы зборнік аўтара “Кінем сум за плот” – гэта розныя па форме сатырычныя замалёўкі з жыцця. Многія чатырохрадкоўі, пародыі з глыбокім абагульненнем і падтэкстам як бы запрашаюць чытача да разважанняў, да роздуму аб праявах быцця. Асобны раздзел кнігі склалі вершы, напісаныя ў 2017-2019 гадах пад назваю “З-пад вясла на Віліі пачута”. Тэмы для іх падказаны шматгалоссем людскіх спраў, рэхам бароў і лугавін.

Мікола Сямёнавіч аматар розных карысных захапленняў: займаецца тонкай, далікатнай справай – пчалярствам, умее прышчапіць любое дрэўца ў садзе, добры і патрабавальны бацька і дзядуля. Усё гэта напаўняе яго духоўны свет і спадарожнічае творчасці. Нездарма ў кнізе “Ходзіць вёскамі сіняе лета” Уладзімір Кажамяка называе яго “Наш ільянскі салоўка”.

Няспешна цячэ Вілія і струменяцца з сэрца радкі паэта. Упэўнены, кожны з нас душой пранікнецца ў паэтычны свет творцы-земляка Міколы Кутаса.

    1 жніўня Мікалай Сямёнавіч святкуе 75 – годдзе з дня нараджэння. Шчыра віншуем са святам, жадаем моцнага здароўя і поспехаў, дабрабыту, аптымізму,жаданых сустрэч і шчаслівых находак. Няхай 2020 год будзе для Вас плённым, памятным і шчаслівым.

Share
Вы можете оставить комментарий, или ссылку на Ваш сайт.

1 комментарий к записи “ШМАТЛІКІ МІКОЛА КУТАС”

  1. Ніна Пакладок з в.Заазер'е родам. выпускніца педінстытута, 1968 год:

    Прачытала гэты матэрыял. Парадавалася за аднакурсніка. Здароўя табе, Мікола, тваёй сям’і. Жыві для Беларусі, жыві, родная Беларусь! Сачу за Вілейшчынай, я ж родам з вёскі Заазер’е, што непадалёку ад Латыгалі (а правільней, па-нашаму,ад Латыгла).
    Рэдка, але зазіраю ў педінстытут.
    Ніна Міхайлаўна Лявончык (Пакладок).
    Няхай у вас усіх усё будзе добра!

Оставить комментарий