Сеть публичных библиотек Вилейского района
Наш адрес: г. Вилейка, ул. Советская, 25. Тел. (8-01771) 5-56-56
E-mail: biblio@vileyka.gov.by

Праект “Чытаем кнігі мясцовых аўтараў” у межах фестывалю

Адной з найцікавейшых падзей восені бягучага года для жыхароў Вілейкі стаў літаратурна-музычны фестываль “Светлае слова”. У рамках фестывалю на паэтычнай пляцоўцы у чытальнай зале райбібліятэкі імя Ганны Новік адбылася прэзентацыя бібліятэчнага праекта “Чытаем кнігі мясцовых аўтараў”. Бібліятэка прыкладае шмат намаганняў для стварэння спрыяльных умоў па папулярызацыі твораў мясцовых аўтараў. Гэта не толькі асобныя мерапрыемствы, а мэтанакіраваная праца, якая доўжыцца ўжо шмат гадоў. Спрыяе гэтаму і праект.

Бібліятэчны праект “Чытаем кнігі мясцовых аўтараў” разлічаны на вучняў старэйшых класаў і дарослае насельніцтва. У яго рамках у бібліятэцы прайшлі самыя разнастайныя мерапрыемствы, накіраваныя на знаёмства са спадчынай аўтараў-землякоў.

На суд прысутных 10 кастрычніка свае вершы прадставілі Г.І. Капцюг, Л.А. Пукела і Т.М. Цвяткова. Гаючай крыніцай лілося беларускае слова з вуснаў вядучай Наталлі Каскевіч.

Галіна Ігнацьеўна нарадзілася 16 лістапада 1941 года на Мядзельшчыне. У 1957 годзе скончыла Мядзельскую сярэднюю школу, у 1961 годзе – Магілёўскае культпрасветвучылішча імя Н.К.Крупскай; у 1970 – філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна. Працавала піянерважатай у Мядзельскім раёне, інструктарам Мядзельскага райкама камсамола, дырэктарам Дома піянераў. З 1968 года жыве ў Вілейцы. Працавала настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў СШ №2, затым намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце СШ №1.

Галіна Ігнацьеўна – выдатнік народнай адукацыі БССР. Яна мае граматы Міністэрства адукацыі БССР, раённага і абласнога аддзелаў адукацыі, медаль “За працоўную доблесць”.

Галіну Ігнацьеўну ведаюць і паважаюць у Вілейцы многія. Чалавек вельмі таварыскі, цікавы, шануе гісторыю і традыцыі краю. Друкуецца ў раённай газеце “Шлях перамогі”, газеце “Друг пенсионера”, часопісе “Я на пенсии”. Яе вершы ўвайшлі ў зборнік вершаў ветэранаў Вілейскага раёна “Я прызнаюся сэрцам і душой”.

Некалькі штрыхоў да партрэта Людмілы Антонаўны Пукела. Нарадзілася і жыла Людміла ў Ашмянах. У школе любімымі прадметамі былі руская мова і літаратура. Пісала прозу і вершы. Удзельнічала ў літаратурным аб’яднанні мясцовай газеты, была пазаштатным карэспандэнтам.

Потым Людміла скончыла філалагічны факультэт Гродзенскага дзяржуніверсітэта. Працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры на Ашмяншчыне. Калі сям’я пераехала ў Вілейку, працавала ў Мардасоўскай школе, выхавальніцай у садках у Вілейцы, у Нароцкай школе.

Радкі з кніг Людмилы Пукела “На струнах души” і “Полотно жизни” характарызуюць асноўны пафас яе творчасці: Людміла Антонаўна піша пра асабіста перажытае, глыбока адчутае. У многім яе вершы – уласная біяграфія, сам жыццёвы лёс з яго пошукамі і знаходкамі. Хвалюючая змястоўнасць, глыбокая эмацыянальнасць, кранальная шчырасць – вызначальныя рысы паэзіі Людмілы Пукела.

Друкуецца ў газетах “Друг пенсионера” і “Шлях перамогі”, часопісе “Я на пенсии”.

Інжынер па прафесіі і паэт у сваіх захапленнях – гэта ўсё адзін чалавек, Цвяткова Таццяна Мікалаеўна. Нарадзілася на Поўначы у горадзе Кандалакша Мурманскай вобласці ў 1960 годзе. Там прайшло яе дзяцінства. У 1966 годзе бацькі пераехалі на радзіму бацькі ва Уладзімірскую вобласць. дзе правучылася да 7-га класа. У 1974 годзе давялося перажыць чарговы пераезд. На гэты раз ў горад Тамбоў, дзе Таццяна Мікалаеўна скончыла спачатку школу, потым тэхнічнае вучылішча, затым інстытут хімічнага машынабудавання. У Вілейку на завод “Зеніт” прыехала па размеркаванню, дзе працуе па сённяшні дзень на пасадзе інжынера.

Вершы пачала пісаць у дзяцінстве, але на публікацыю адважылася толькі ў канцы 90-х. Першы яе верш надрукавала газета “Цэнтральная”. Пазней вершы друкаваліся ў раённай газеце “Шлях перамогі”, «Новая женщина», дзе яна стала пераможцам творчага конкурсу. У 2007 годзе з’явілася падборка вершаў у часопісе «Новая Немига литературная».

Першая кніга Таццяны Мікалаеўны «Накануне любви» выйшла ў 2009 годзе. Яе вершы – гэта жыццёвая споведзь, адлюстраванне тых падзей і момантаў, якія прайшлі праз яе сэрца.

Свята кнігі не толькі несла прапаганду друкаванага слова, а і спрыяла еднасці пакаленняў. І ўдзельнікі, і арганізатары свята пастараліся атрымаць як мага больш пазітыўных эмоцый і надоўга захаваць пачуццё добрага і светлага.

Падводзячы вынікі працы бібліятэкі ў межах праекта “Чытаем кнігі мясцовых аўтараў” за амаль 5 гадоў можна з упэўненасцю сказаць, што поспех забяспечвае толькі тое, што ты робіш лепш за іншых, непадобна за іншых. Гэта – імідж бібліятэкі, уменне даказаць сваю патрэбнасць, карыснасць для ўсіх. Працуючы над праектам, супрацоўнікі бібліятэкі імя Ганны Новік тым самым працуюць не толькі на сённяшні дзень, але і на будучыню.

Фестываль завяршаецца, але на вяршыні бібліятэчнай працы па-ранейшаму застаецца яе вялікасць Кніга. Таму бібліятэкары поўныя новых задумак і планаў, каб зрабіць сваю ўстанову яшчэ больш прывабнай для чытача.IMG_20191010_150159

IMG_20191010_150240 - копия

Share
Вы можете оставить комментарий, или ссылку на Ваш сайт.

Оставить комментарий