26 верасня ў Бібліятэцы сямейнага чытання ў межах ІІ літаратурна-музычнага фестывалю “Светлае слова” адбылося адкрыццё выставы “Васіль Быкаў. Доўгая Дарога Дадому…” з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і прыватнай калекцыі Георгія Паплаўскага.
Выстава арганічна раскрывае асобныя старонкі біяграфіі Васіля Быкава, знаёміць з матэрыяламі пісьменніцкага архіва.
Перасоўная літаратурна-дакументальная выстава адлюстроўвае тэму жыццёвага і творчага шляху Васіля Быкава. У яе аснову пакладзена апошняя прыжыццёвая кніга Васіля Уладзіміравіча. Гэта выстава дае магчымасць кожнаму сам-насам застацца з пісьменнікам, адкрыць для сябе тую спадчыну, якую ён пакінуў сваім нашчадкам.
“Дарогі Васіля Быкава” – вынік “завочнага фотапленера” — фотаздымкі мясцін, дзе пачынаўся і праходзіў жыццёвы шлях Васіля Уладзіміравіча Быкава.
Запрашаем вас, паважаныя вілейчане і госці горада, у Бібіліятэку сямейнага чытання наведаць выставу прысвечаную Васілю Быкаву, дзе кожны наведвальнік зможа прайсці дарогамі Чалавека, філосафа, пісьменніка, грамадзяніна сваёй Бацькаўшчыны, зразумець, што было каштоўным для гэтай велічнай асобы.
Бібліятэка сямейнага чытання працуе з 10.00 да 19.00 выхадны: панядзелак. Адрас: вул. Вадап’янава, 21. Тэлефон для справак: 5-60-02.