Сеть публичных библиотек Вилейского района
Наш адрес: г. Вилейка, ул. Советская, 25. Тел. (8-01771) 5-48-55
E-mail: biblio@vileyka.gov.by

М. Кузаўкіна “Барвовае лісце памяці”

Не за тое зусім, што калісьці

Непрыкметна мінула вясна,

Я сабрала барвовае лісце

Лістападам у вас ля акна…

Ён непрыўкметку прыходзіць, гэты час. Калі шапацяць пад нагамі апаўшыя лісты-гады, калі адзінокае сэрца стукае ў рытме апошняга адчайнага кахання. Раздзеленага – гэта рэдка. Часцей – заблытанага ў пачуццях, бядотнага, як шэрае птушаня, зляцеўшае з гнязда ў пошуку мройнага прывіду няздзейсненага парыву. Гэты парыў лейтматывам прыходзіць праз усю творчасць Ганны Новік. Славутай нашай зямлячкі, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, дзень нараджэння якой мы адзначылі б 25 сакавіка. Мы і адзначылі яго, сабраўшыся на творчую вечарыну, прысвечаную выхаду ў свет яе чарговага паэтычнага зборніка “Барвовае лісце”. Падзеі, якая, напэўна, усё ж ускалыхнула бессмяротную душу паэткі і там, за парогам вечнасці. У выставачнай зале краязнаўчага музея сабраліся тыя, хто асабіста ведаў Ганну Новік, любіў яе творчасць, захапляўся той нечалавечай самаахвярнасцю ў імя ідэі, якую гэта мужная жанчына пранесла праз усё сваё жыццё.

Не кожнаму наканавана ў жыцці такая вернасць. У ідэалах, каханні, дружбе, прывязанасці да бацькоўскіх каранёў. На жаль, імпэтны ў рытмах, зменлівы ў ацэнках падзей наш час, дыктуе сваю сістэму светаўспрыняцця. Бывае, нам даводзіцца ёй падпарадкавацца. Мяняць погляды, лад думак, сяброў, каханых… Пастаянства — прывілея цэльных і моцных натур. Такой і яна была і застаецца ў памяці сяброў.

Гэты зборнік – вынік працы блізкага ёй чалавека бібліятэкара гарадской бібліятэкі № 4 Раісы Соніч. Менавіта Раісе Пятроўне даверыла пісьменніца сваю літаратурную спадчыну. I не памылілася. У зборніка быў яшчэ адзін духоўны апякун – член Саюза пісьменнікаў Іван Іосіфавіч Лашутка. Імя яго сёння таксама належыць ужо вечнасці. Наталля Шнітко зрабіла камп’ютэрную апрацоўку кнігі.

Настальгічна-узнёслую атмасферу вечарыны стварыла музыка. Дуэт скрыпкі (Людміла Шагава) і гітары (Уладзімір Лапцік). На фоне якой арганічна, сціплым узорам каляровых ніцяў у аснове сатканага дывана, упляталіся вершы Ганны Новік. Іх прачыталі Таццяна Мікалаеўна Захарыч, Ала Сямёнаўна Зайцава, Ніна Мікалаеўна Гаўрылава, Людміла Дзмітрыеўна Івашкевіч, Любоў Дзмітрыеўна Міхайлава. Завяла залу жартаўлівымі імправізацыямі Дзіна Карлаўна Квяткевіч. Для кожнага з дэкламатараў паэзія Ганны Новік адметна асабістым успрыняццем, звязаным ці з то добрым знаёмствам, ці дружбай са слыннай зямлячкай.

Ганна Аляксееўна была чалавекам, які ўмеў дружыць і даражыць кожнай хвілінай, кожным сардэчным парывам праяўленай да сябе ўвагі. Пра гэта гаворыць Любоў Дзмітрыеўна Міхайлава: мы сябравалі да апошніх яе дзён…

Ала Сямёнаўна Зайцава далікатна прыадчыняе завесу сардэчнай тайны Ганны Новік. Нагадвае пра каханне, адзінае на ўсё жыццё, якое прарываецца ў вершах цнатлівым чаканнем сустрэчы, трывожна светлай надзеяй на ўзаемнасць:

Калі ласка, прайдзі са мною,

Больш не будзе такіх хвілін…

Чалавечае і зямное

Падзялі са мной,

на ўспамін…

Між тым інтымнасць – толькі адна, далёка не пераважаючая рыса ў творчасці Ганны Новік. Як справядліва заўважыў Мікалай Міхайлавіч Іваненка, ёсць у яе вершы высокалітаратурныя, напісаныя па ўсіх правілах вершаскладання. I ёсць просценькія, як сціплыя палявыя рамонкі на творчай ніве. Але менавіта апошнія найболын поўна раскрываюць душу аўтара. Зразумелыя, даходлівыя і шчырыя, яны і ўражваюць даступнасцю ўспрыняцця. Так сціплы вянок на галоўцы вясковай прыгажуні хвалюе больш, чым раскошная дыядэма ў прычосцы “глянцавай” фотамадэлі.

Да слёз уразіў прысутных успамін Людмілы Мікалаеўны Дзямідавай. Асабліва пялёстак цюльпана з некалі падоранага букета, які і сёння яна захоўвае як самы светлы напамінак аб дружбе і высокай чалавечай прывязанасці.                 ,

Людміла Мікалаеўна — сведка апошніх дзён Ганны Новік, расказала, наколькі востра перажывала тая трагедыю вялікай краіны, што стала для яе асабістай пакутаю і болем. Якая б яна была шчаслівая, каб убачыла сённяшнюю Беларусь. Тую, што ўступіла ў свае адраджэнне, што мае будучае, – разважае Людміла Мікалаеўна.

На вечарыне гучала шмат музыкі. Далучыўся да выканаўцаў вядомы на Вілейшчыне аўтар і выканаўца Уладзімір Цэнунін. I вечар памяці стаў урачыстым вечарам ушанавання тых нашых духоўных здабыткаў, які не губляе няўмольны час у прасторах вечнасці. Эфект прысутнасці самой паэткі стварала вядомая карціна вілейскага мастака Эдуарда Мацюшонка. Ганна Новік сярод жніўнай нівы кранае рукой спелыя каласы. Мастак занатаваў яе такой, якой яна і была ў жыцці: сціплай, замілаванай роднай зямлёй, з непакорлівымі пасмачкамі русявых валос, у афіцыйным гарнітуры. Яго яна ўмела носіць з годнасцю. Ён пасаваў ёй больш, чым некаторым – бальная сукенка. I па-свойму дапаўняў яе аблічча.

Жанчына, якая не разрывала свайго лёсу з лёсам Радзімы, якая і на прастору вясковай вуліцы выходзіла часам, як ідуць у бой. Ды і ўсё яе жыццё было змаганнем: спачатку – за кратамі польскай дыфензівы, пасля – сувязной партызанскага атрада. Кожным створаным радком яна сцвярджала свае ідэйныя перакананні і прымушала верыць у іх чытачоў.

Нямала час уклаў старання,

Пакуль мне стаць такой, як ёсць.

Ды не змяніў да непазнання,

Хоць перакрэсліў маладосць.

А з сэрцам справа не такая,

Хоць сівізна на галаве,

Пакуль стукоча то кахае,

Пакуль кахае то жыве.

Удала ўплялася ў канву вечарыны выступленне гурту народнай песні “Світанак”. Пранікнёна праспяваў “Край верасовы” Казімір Талстыка. Усхваляваў прысутных мелодыяй “Снегіроў” і адметным яе ўвасабленнем Сяргей Каркотка… А ў рэалізацыю задуманага сцэнарыя ўсю сілу сваёй творчай натуры ўклала вядучая Таццяна Захарыч.

Свяці і надалей, умацоўвай вераю душы, нязгасная зорка вілейскай зямлі.

Арганізатары дзякуюць за дапамогу гарадскі Палац культуры і асабіста метадыста Жану Барткевіч, а таксама Віктара Вейса і Галіну Тапчаеву.

Марыя КУЗАЎКІНА.

 

Share
Вы можете оставить комментарий, или ссылку на Ваш сайт.

Оставить комментарий