Са школьных гадоў Жанна любіла чытаць. Кожную вольную хвіліну старалася праводзіць з кнігай. У такія моманты нібыта трапляла ў іншую рэальнасць, перажывала ўсё тое, што выпадала на лёс герояў. Дзіўная рэч – кніга. Толькі яна здольна, нібыта машыну часу, вярнуць чалавека ў далёкую мінуўшчыну, а то, наадварот, – занесці ў той час, які будзе…
Захапленне (а кажучы сучаснай мовай, хобі) дзяўчыны прывяло яе ў бібліятэчны каледж, у якім яна з задавальненнем вучылася. А затым было знаёмства з Віктарам Андрыеўскім, якое і стала лёсавызначальным. Неўзабаве маладыя пажаніліся, пачалі жыць у роднай вёсцы Віктара – Сосенцы. Жанна цёпла прыгадвае той перыяд свайго жыцця. Маладыя былі, толькі вучыліся жыццёвай навуцы. І настаўнікамі для іх былі блізкія людзі, аднавяскоўцы. Ды і адзіны сынок Руслан там убачыў свет, а цяпер вунь ужо сам бацька малой Ізабэлы…