Сеть публичных библиотек Вилейского района
Наш адрес: г. Вилейка, ул. Советская, 25. Тел. (8-01771) 5-56-56
E-mail: biblio@vileyka.gov.by

Медыцынская дапамога інвалідам: бясплатна, безадмоўна і ў першачарговым парадку

Інваліднасць – гэта такое парушэнне здароўя, якое перашкаджае чалавеку ўдзельнічаць у жыцці грамадства нароўні з іншымі людзьмі. Наяўнасць прыкмет інваліднасці вызначаюць спецыялісты медыка-рэабілітацыйных экспертных камісій (МРЭК) пры правядзенні медыка-сацыяльнай экспертызы. Накіраванне на такую экспертызу выдае ўрачэбна-кансультацыйная камісія (УКК) дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя, у якой лечыцца пацыент. На пасяджэнне УКК пацыента накіроўвае ўрач пасля правядзення дыягностыкі, а таксама пасля завяршэння лячэння і медыцынскай рэабілітацыі.

 

Пры наяўнасці прыкмет інваліднасці пацыенту, якому больш за 18 гадоў, устанаўліваецца група інваліднасці і яе прычына, дата наступлення і тэрмін інваліднасці.

 

Падставай для ўстанаўлення інваліднасці ў дарослых пацыентаў з’яўляецца наяўнасць абмежавання адной або некалькіх катэгорый жыццядзейнасці з ліку базавых: здольнасць да самастойнага перамяшчэння і самаабслугоўвання, да арыентацыі і да зносін, кантролю сваіх паводзін, а не наяўнасць захворвання, у прыватнасці анкалагічнага. Акрамя таго, інваліднасць устанаўліваецца пры ўмове наяўнасці абсалютна неспрыяльнага клініка-працоўнага прагнозу на найбліжэйшы час, а таксама сумнеўнага або адносна-неспрыяльнага клініка-працоўнага прагнозу. Гэтаксама ўлічваецца факт завяршэння ці неабходнасці далейшага працяглага лячэння пацыента.

Пры наяўнасці захворванняў з устойлівымі незваротнымі парушэннямі функцый органаў і сістэм арганізма неабходна назіранне спецыялістаў МРЭК на працягу не менш як трох гадоў, бо ўстанаўленне інваліднасці ў большасці выпадкаў суправаджаецца фарміраваннем індывідуальнай праграмы медыцынскай рэабілітацыі, абілітацыі інваліда або праграмы рэабілітацыі пацярпелага ў выніку няшчаснага выпадку, прафесійнага захворвання. Задача медыкаў – максімальна дапамагчы чалавеку аднавіць здароўе, каб палепшыць якасць жыцця. І калі пацыент гатовы актыўна ўдзельнічаць у гэтым працэсе, то вынік будзе значна лепшы.

У кожнай дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя інваліды забяспечваюцца ўсімі відамі кваліфікаванай медыцынскай дапамогі, у тым ліку спецыялізаванай і высокатэхналагічнай, – безадмоўна, бясплатна і ў першачарговым парадку.

Практычна ўсе арганізацыі аховы здароўя забяспечаны безбар’ерным асяроддзем для шырокага доступу інвалідаў да медыцынскіх паслуг. Інвалідам праводзяцца комплексныя медыцынскія агляды, ажыццяўляецца дыспансернае назіранне, лячэнне, медыцынская рэабілітацыя і медыцынская абілітацыя ў амбулаторных і стацыянарных умовах. Для больш эфектыўнага лячэння ў стацыянарных умовах даецца магчымасць іншай асобе знаходзіцца разам з інвалідам І групы ў гэтай арганізацыі аховы здароўя і ажыццяўляць догляд.

Інваліды І і ІІ групы маюць права на 90-працэнтную скідку з кошту лекаў, якія выдаюцца па рэцэптах урачоў у межах пераліку асноўных лекавых сродкаў. Інваліды з хірургічнымі захворваннямі пры наяўнасці заключэння УКК дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя забяспечваюцца перавязачнымі матэрыяламі. Інваліды ІІІ групы маюць права на 50-працэнтную скідку з кошту лекавых прэпаратаў, якія выдаюцца па рэцэптах урачоў для лячэння захворвання, якое прывяло да інваліднасці.

Інваліды І і ІІ групы маюць права на бясплатны выраб і рамонт зубных пратэзаў, за выключэннем зробленых з каштоўных металаў, металаакрылатаў, металакампазітаў, металакерамікі і фарфору, а таксама нанясення пакрыцця з нітрыд-тытану ў дзяржаўная арганізацыі аховы здароўя.

Важнай падтрымкай з’яўляецца забеспячэнне інвалідаў тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі. Іх больш за 50 пазіцый: ад простых мыліц да супрацьпролежневых матрацаў і слыхавых апаратаў.

Акрамя таго, інваліды І групы забяспечваюцца падгузкамі і іншымі сродкамі гігіены на падставе заключэння УКК дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя пры наяўнасці шэрагу захворванняў.

Непрацоўныя інваліды І і ІІ групы маюць права на першачарговае бясплатнае санаторна-курортнае лячэнне або аздараўленне пры наяўнасці медыцынскіх паказанняў і адсутнасці медыцынскіх супрацьпаказанняў. А асобы, якія суправаджаюць інвалідаў І групы ў санаторыі, забяспечваюцца пуцёўкамі бясплатна пры наяўнасці заключэння УКК дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя аб неабходнасці суправаджэння.

Аднак пералічаныя льготы не распаўсюджваюцца на асоб, інваліднасць якіх наступіла ў выніку супрацьпраўных дзеянняў, з прычыны алкагольнага, наркатычнага, таксічнага ап’янення, членашкодніцтва.

Незалежна ад групы інваліднасці, у пацыентаў ацэньваецца здольнасць да працоўнай дзейнасці і клініка-працоўны прагноз. Таму сёння у нарматыўных прававых актах, якія рэгламентуюць устанаўленне інваліднасці, адсутнічае паняцце працоўнай і непрацоўнай групы.

Спецыялісты супастаўляюць вынікі медыцынскага агляду пацыента з патрабаваннямі, якія прад’яўляюцца прафесіяй да яго стану здароўя, умовамі і характарам працы пацыента, магчымасцю іх негатыўнага ўплыву на стан здароўя пацыента. Абавязкова ўлічваецца здольнасць пацыента ажыццяўляць працоўную дзейнасць, якая адпавядае яго кваліфікацыі. Па выніках гэтай ацэнкі фарміруюцца працоўныя рэкамендацыі. У некаторых выпадках працоўная дзейнасць будзе супрацьпаказана чалавеку.

Наймальніку абавязкова трэба ведаць аб наяўнасці інваліднасці ў работніка, таму што ён павінен стварыць для яго адпаведныя ўмовы працы. Пры спрыяльных абставінах чалавек зможа даўжэй быць эканамічна незалежным і сацыяльна адаптаваным. Хаваючы факт інваліднасці, работнік можа прычыніць шкоду свайму здароўю.

 

Share
Вы можете оставить комментарий, или ссылку на Ваш сайт.

Оставить комментарий