Сеть публичных библиотек Вилейского района
Наш адрес: г. Вилейка, ул. Советская, 25. Тел. (8-01771) 5-48-55
E-mail: biblio@vileyka.gov.by

Форум маладых паэтаў Міншчыны

28 мая 2022 года ў Лагойскім раёне адбыўся абласны форум маладых паэтаў Міншчыны «Слова Купалы да творчасці кліча». У ім прынялі ўдзел 34 аматары паэтычнага слова з 14 раёнаў вобласці. 

Вілейку на форуме прадставіла вучаніца школы №5 Таццяна Рогач. Шчыра дзякуем ёй за ўдзел і жадаем творчых поспехаў , трымаць іспыты на выдатна і незабыўна правесці летні адпачынак!

Папярэдні адбор адбыўся на ўзроўні раённых бібліятэк. Затым вершы маладых паэтаў ацанілі члены журы на чале са старшынёй  Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандрам Карлюкевічам. Дыплом за І месца атрымала Анастасія Грыбовіч з  Мядзельскага раёна. Дыпломамі за ІІ месца ўзнагароджаны Аляксандра Тужыкава з Мінскага раёна і Дар’я Грыбовіч з Мядзельскага раёна. Дыпломамі за ІІІ месца ўзнагароджаны Кацярына Палітаева з Мінскага раёна і Аліна Шакаль з Дзяржынскага раёна.
Форум стартаваў ранкам ад  Мінскай абласной бібліятэкі імя А.С. Пушкіна. Удзельнікі, што прайшлі папярэдні адбор, а таксама члены журы і арганізатары мерапрыемства на камфартабельным аўтобусе накіраваліся ў падарожжа па Купалаўскіх мясцінах. Па дарозе на Лагойшчыну вучоны  сакратар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Галіна Варонава расказвала расказвала маладым паэтам Міншчыны гісторыю стварэння вядомых твораў класіка беларускай літаратуры.

У весцы Харужанцы Лагойскага раёна ўдзельнікаў форуму гасцінна сустрэлі  прадстаўнікі аддзела па ідэалагічнай рабоце, культуры і па справах моладзі Лагойскага райвыканкама. Затым адбылося ўскладанне кветак да помніка Янку Купалу ў філіяле Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы «Акопы». Падчас інтэрактыунай экскурсіі па экспазіцыях музея ўдзельнікі форуму даведаліся пра цікавыя факты з жыцця і творчасці песняра, разгадвалі рэбусы, танцавалі і спявалі беларускія прыпевы, якія развучыла з маладымі паэтамі народны майстар Алена Гурэцкая.
Праграма форуму была інфармацыйна насычаная і вельмі разнастайная. У Мастацкай галерэі Сяргея Давідовіча  ў Лагойску адбыўся майстар-клас, які з юнымі паэтамі правялі члены журы, адметныя майстры беларускага слова: Леанід Крыванос – пісьменнік, паэт, публіцыст, старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі; Віктар Шніп – намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура», галоўны рэдактар часопіса «Полымя», паэт, празаік, перакладчык, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай літаратурнай прэміі Рэспублікі Беларусь, член Саюза пісьменнікаў Беларусі;  Ірына Карнаухава – кіраўнік народнага клуба кампазітараў і паэтаў Мінскай вобласці «Жывіца» Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці, пісьменніца, паэт, член Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Усе ўдзельнікі семінару чыталі свае вершы, дзяліліся творчымі ідэямі, атрымлівалі парады ад членаў журы.
Вечар творчага майстэрства прадоўжыўся ў Лагойскім раённым цэнтры культуры. Фінальным акордам форуму «Слова Купалы да творчасці кліча» стала свята паэзіі «Не загаснуць зоркі ў небе».  Адкрыла свята начальнік аддзела культуры галоўнага ўпраўлення культуры Мінаблвыканкама Таццяна Краўчонак. Яна накіравала словы прывітання маладым паэтам Міншчыны і пажадала юным майстрам паэтычнага слова новых творчых вяршынь і  поспехаў. Пераможцам і ўдзельнікам літаратурнага конкурсу ўручылі дыпломы і сувеніры. Са сцэны гучалі віншаванні і музычныя падарункі ў выкананні артыстаў раённага цэнтра культуры. А  Пухавіцкі народны тэатр прадставіў усім гледачам урыўкі са спектакля па п’есе Янкі Купалы «Раскіданае гняздо».

Па матэрыялах: http://pushlib.org.by/node/2626

Share
Вы можете оставить комментарий, или ссылку на Ваш сайт.

Оставить комментарий