22 красавіка самыя актыўныя і заўзятыя чытачы Любанскай сельскай бібліятэкі сустрэліся зноў за кубачкам гарбаты. “Дапаможам стомленым нагам” – пад такім дэвізам Цуранава Я.В., адна з актыўных чытачоў, падзялілася вопытам і ведамі, як людзі сталага ўзросту павінны сачыць за сваім здароўем у цэлым і за здароўем ног у прыватнасці.
Чалавек праводзіць вельмі значную частку свайго жыцця на нагах. Гэтая частка цела адчувае вялікую нагрузку. З часам гэта прыводзіць да стомленасці, а пры адсутнасці належнага догляду – яшчэ і да захворванняў, траўмаў, парушэння кровазвароту. Справіцца з многімі негатыўнымі праявамі дапамагае рэгулярны масаж ног. У сталым узросце многія працэсы ў арганізме запавольваюцца, зніжаецца мышачны тонус. Адным са спосабаў умацавання мышц і паляпшэння самаадчування з’яўляецца масаж, які лекары рэкамендуюць як пасіўную фізічную нагрузку пры шматлікіх хваробах. Ён стымулюе кровазварот, павышае імунітэт, ліквідуе болі ў суставах. Самая вялікая колькасць біялагічна актыўных кропак у арганізме чалавека сканцэнтравана на стапе. Тут налічваецца больш за 70 тысяч нервовых канчаткаў. Фактычна гэта падабенства праекцыі практычна ўсіх органаў, а значыць, масаж стоп здольны палепшыць працу многіх сістэм арганізма і самаадчуванне ў цэлым.
Прыходзьце ў бібліятэку. Беражыце здароўе!