Добрай традыцыяй у Чурлёнскай сельскай інтэграванай бібліятэцы стала правядзенне беларускіх каляндарна-абрадавых святаў. Так, 19 жніўня ў бібліятэцы адбыліся пасядзелкі для дарослых чытачоў “Яблычны Спас нам яблычка прыпас”.
На пачатку бібліятэкар Марына Уладзіміраўна Пашкевіч расказала ўсім прысутным пра гісторыю і сутнасць свята. Яблычны Спас – старажытнае земляробчае свята, звязанае з выспяваннем пладоў, якое адзначаецца 19 жніўня. У хрысціянскай традыцыі Яблычны Спас азначае свята Праабражэння Гасподняга.
Сваю назву гэтае свята атрымала яшчэ на Русі. А гісторыя паходжання назвы звязана з тым, што ў Грэцыі і Ізраілі Праабражэнне выпадае на пару выспявання вінаграду і па традыцыі, хрысціяне неслі асвячаць яго гронкі ў храмы. На Русі ў гэтую пару спелі яблыкі, таму іх вернікі і неслі асвячаць ў царкву. У сувязі з гэтым сярод народа свята атрымала назву “Яблычны Спас”.
Па народнай традыцыі ў гэты дзень гаспадыні абавязкова пяклі розныя пірагі з яблыкамі і рабілі сочыва. Прыгатаванымі стравамі частавалі сваякоў, якіх запрашалі ў госці. Вось і чытачы завіталі на мерапрыемства са сваім яблычным пірагом. Бібліятэкар таксама не аставіла сваіх гасцей без пачастунку: па старажытным беларускім рэцепце яна прыгатавала тыкву, запечаную з грыбамі і яблыкамі.
Не абышлося свята без гульняў і конкурсаў. Існуе павер’е, што ў гэты дзень спаўняюцца жаданні. Таму правялі конкурс на самае запаветнае жаданне: у таго, хто зловіць яблык у місцы з вадой ротам, яно абавязкова споўніцца. А каб падараваць радасць і добрае слова адзін аднаму, зладзілі вясёлую гульню: з яблыка цягнулі запалкі і кожны гаварыў свайму суседу камплімент.