Сеть публичных библиотек Вилейского района
Наш адрес: г. Вилейка, ул. Советская, 25. Тел. (8-01771) 5-56-56
E-mail: biblio@vileyka.gov.by

Што за вясковец без гаспадаркі?

Жанчына, пра якую хочацца расказаць ніжэй, на пытанне, вынесенае ў загаловак, адказвае, што сяльчаніну без уласнай гаспадаркі – аніяк.

Гэта ўпэўненасць, відаць, у людзей сярэдняга пакалення, што нарадзіліся і выраслі ў вёсцы, ужо на генным узроўні. Карова, кабанчыкі, куры і іншая жыўнасць, як ні кажыце, даюць пэўны прыбытак у сямейны бюджэт. Большасць людзей вёскі, на падворках якіх многа жыўнасці, прызнаюцца, што не толькі дзеля прыбытку трымаюць скаціну (а хто ўлічвае, колькі сваёй працы ўкладваюць яны ў гэта!), але і таму, што іначай проста не могуць. Мякка кажучы, крыху няправільна вяскоўцу без гаспадаркі, лічыць гераіня гэтага матэрыяла, жыхарка аграгарадка Крывое Сяло Людміла Ракецкая. Практычна ўсё сваё сумеснае жыццё (а гэта болей за трыццаць гадоў) яны з мужам Аркадзем Анатольевічам трымаюць гаспадарку, у якой заўсёды не адна, а дзве (у нейкі перыяд было нават тры) каровы, свінні, авечкі, розная птушка. Выраслі і асталяваліся ў сталіцы іх дзеці – сын Юрый і дачка Вольга, падарылі бацькам цудоўных унукаў – Максіма і Кіру, і цяпер яны – жаданыя госці ў доме Ракецкіх. Можна б ужо крыху зменшыць жыўнасці на падворку (і дзеці гэта не раз даводзілі бацькам), але ж, прызнаецца Людміла Мікалаеўна, неяк яшчэ не ўяўляе яна сябе без гаспадаркі.

IMG_0074

– Лішкі малака ад сваіх каровак заўсёды здаём мясцовай гаспадарцы, – падзялілася жанчына. – Гэта, мне здаецца, самае правільнае. Прыемна, канешне, што па выніках мінулага года нас, малаказдатчыкаў Крывасельскага сельсавета, адзначылі,павіншавалі ва ўрачыстай абстаноўцы ў час раённага злёту перадавікоў.

Любоў да вясковага ўкладу жыцця, да ўсяго жывога ў Людмілы Мікалаеўны з дзяцінства. Яна нарадзілася і расла ў невялічкай вёсачцы Арпа, была старэйшай дачкой у сям’і, таму з працай па гаспадарцы знаёма з дзяцінства. Пасля, ужо закончыўшы Ашмянскі сельгастэхнікум і атрымаўшы прафесію бухгалтара, прыехала працаваць ў колішні калгас «Бальшавік». Тут і сустрэла свой лёс – будучага мужа.

– Ён працаваў вадзіцелем, якраз, памятаецца, вазіў працаўнікам на поле абеды, – з усмешкай прыгадала мая суразмоўца маладосць. – Так атрымалася, што жанчына, якая раздавала тыя абеды, па нейкай важнай прычыне ўзяла адгул. Трэба было некім яе замяніць, таму адправілі мяне. Так вось мы і пазнаёміліся, пачалі сустракацца, затым і пажаніліся. Чатыры гады жылі з мужам у яго бацькоў у Рабуні, а затым атрымалі жыллё ад калгаса ў Крывым Сяле. Калі сталі жыць у сваім доме, мне мама і падарыла кароўку. З таго часу заўсёды трымаем іх у гаспадарцы.

Тады, тры дзясяткі гадоў назад, у Крывым Сяле практычна ўсе гаспадары трымалі рагулек, якіх налічвалася недзе пад дзве сотні. Цяпер гэта лічба намнога меншая – каля трох дзясяткаў кароў. Сумнавата, безумоўна, ад гэтай статыстыкі…

– Здавалася б, умовы цяпер у нас камфортныя – газ падведзены, вада,– разважае Людміла Мікалаеўна. – Жывём па-гарадскому. І з усімі гаспадарчымі справамі прасцей у такіх умовах упраўляцца. Ды вось далёка не ўсе сем’і імкнуцца заводзіць гаспадарку, бо ведаюць, што нялёгкая гэта справа – даглядаць жывёлу, пасвіць яе, назапашваць кармы на зіму….А як жа іначай? Так шчыравалі нашы дзяды і бацькі, так працаваць і нам.

Загаварылі пра спаконвечныя клопаты сяльчан, і пасвятлеў, азарыўся ўсмешкай твар Людмілы Мікалаеўны. І па сваёй натуры, і па роду дзейнасці (на працягу дваццаці шасці гадоў жанчына працуе ў сельскай бібліятэцы), і па актыўнай жыццёвай пазіцыі (нездарма ж яе выбіраюць мясцовым дэпутатам!) яна заўсёды з людзьмі. Сюды, у яе другі дом – бібліятэку – прыходяць вяскоўцы за цікавай літаратурай, а да нямоглых жыхароў навакольных вёсак яна сама выязджае з кніжкамі; тут збіраюцца творчыя, як і яна сама, людзі (выставы іх работ змяшчаюцца ў чытальнай зале); бібліятэка з’яўляецца і стацыянарным сацыяльным пунктам, дзе ў азначаныя дні адбываюцца цікавыя і патрэбныя мясцовым пенсіянерам сустрэчы з супрацоўнікамі ДУ «Вілейскі ТЦСАН»… Менавіта дзякуючы гэтай установе, адзначыла Людміла Мікалаеўна, мясцовыя актывісты пенсійнага ўзросту змаглі пабываць у сталічным музеі Вялікай Айчыннай вайны, у музеі першай сусветнай вайны ў Заброддзі, наведалі гістарычную майстэрню ў Мінску, ад чаго засталіся ў іх незабыўныя ўражанні.

Жыць можна і трэба цікава. Вось і крывасельскія культработнікі перакананы ў гэтым і стараюцца рабіць усё, што ад іх залежыць, каб аднавяскоўцам было цікава. Бягучы год – юбілейны для Крывасельскіх Дома культуры і бібліятэкі (першай установе увосень спаўняецца семдзясят, другой – шэсцьдзясят гадоў), і ў лістападзе тут мяркуюцца ўрачыстыя мерапрыемствы. Па добрай традыцыі цікава тут адзначаюцца розныя святы, у тым ліку і Вялікдзень (вось і сёлета будзе ўсё так, як і належыць – з чырвонымі яйкамі, віншаваннямі і валачобнымі песнямі)…

З вялікай любоўю расказвала Людміла Мікалаеўна пра сваю працу, аднавяскоўцаў, іх агульныя клопаты. Клопаты пра тое, каб прыгажэла наша маленькая радзіма, каб лепей і радасней жылося тут людзям. І не проста расказвала жанчына, але і паказвала вынікі сваёй працы – добраўпарадкаваныя памяшканні і тэрыторыю бібліятэкі, клумбы, дзе ўжо цягнецца да сонца першая веснавая зеляніна, і свежапафарбаваны яе рукамі ў вясёлы колер плот. Зроблена ўсё гэта прыгожа, светла і па-гаспадарску.

Ірына БУДЗЬКО/Фото автора

По материалам: https://www.peramoga.by/selo/shto-za-vyaskovec-bez-gaspadarki/

Share
Вы можете оставить комментарий, или ссылку на Ваш сайт.

Оставить комментарий