Аддзел па рабоце з дзецьмі ДУК “Вілейская цэнтральная раённая бібліятэка ім. Г. Новік” працягвае работу экспазіцыйнага пояса творчых работ сваіх чытачоў і жыхароў горада, які звычайна размяшчаецца ў вокнах бібліятэкі.
Сёння да вілейчан завітала сапраўдная вясёлка – гэта цудоўныя па сваёй эстэтычнай і мастацкай каштоўнасці работы з саломкі ўдзельнікаў народнай майстэрні “Крывасельская вясёлка” (кіраўнік Станкевіч І. А.). Майстэрня ужо не першы раз ладзіць выставу ў бібліятэцы і кожны раз “вясёлка” іграе новымі фарбамі і не перастае здзіўляць сваёй прыгажосцю і фантазіяй: фасоністыя капелюшы, хатнія жывелы, кошычкі і карзінкі, шкатулкі, абярэгі. Прыходзьце ў бібліятэку і пабачыце самі! Нават, калі будзеце праходзіць міма, зазірніце ў вокны бібліятэкі і яны падораць вам дзівосны свет беларускай нацыянальнай культуры.