Максім Гарэцкі меў добрую музычную памяць і граў на скрыпцы, балалайцы, з захапленнем слухаў і запамінаў народныя песні.
Гарэцкі пачынае адбыванне вайсковай павіннасці ў царскай арміі 1 ліпеня 1914 года. Гэта супала з пачаткам Першай сусветнай вайны. Максім трапіў на фронт ужо 24 ліпеня і ўдзельнічаў у жорсткіх баях. Найбольш страшны бой быў 27 жніўня пад Аленбургам(Прусія), за гэты бой Максім быў узнагароджаны Георгіеўскім крыжам 4-й ступені.У 1916 годзе вучыўся ў Паўлаўскім ваенным вучылішчы ў Петраградзе, атрымаў званне прапаршчыка, праходзіў службу ў Іркуцку, Гжацку, адтуль франтавыя дарогі прывялі яго на Палессе.
Запіскі Гарэцкага “На імперыялістычнай вайне” (1914–1919) дазваляюць даследчыкам лічыць яго адным з пачынальнікаў ваеннай дакументалістыкі ў беларускай прозе.
Ваенныя творы Гарэцкага былі заўважаны крытыкай за мяжой, напрыклад, Т. Н. Браран (Н.Рандаў) у ГДР. У вышыні антываеннага духу апавяданні «Генерал» і «Рускі» параўноўваюцца крытыкамі з творамі Васіля Быкава «Мёртвым не баліць» і «Адна ноч», аповесць «На імперыялістычнай вайне» — з ваеннымі творамі Рэмарка, Барбюса, Дзюамеля.
У студзені 1922 года Максім Гарэцкі разам з іншымі дзеячамі беларускай культуры быў арыштаваны польскімі ўладамі і зняволены ў вядомы астрог на Лукішках па абвінавачванні ў сувязях з камуністамі і дзейнасць супраць дзяржаўнага ладу.
Самым трагічным момантам у сваім жыцьці лічыў гібель сястры Ганны. Максім Гарэцкі прысвяціў ёй «Хрэстаматыю беларускае літаратуры. XI век — 1905 год», Уладзімір Дубоўка — зборнік вершаў «Строма».
У выніку пратэстаў за мяжой супраць масавых арыштаў беларускіх і літоўскіх дзеячоў Гарэцкі прымусова высланы ў Беларусь. У Мінску ён чытаў лекцыі на рабфаку БДУ, выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Камуністычным універсітэце БССР, выконваў абавязкі навуковага сакратара літаратурнай камісіі Інбелкульта, быў яго правадзейным членам.
Разам з братам Гаўрылам склаў і выдаў «Руска-беларускі слоўнік» – першы вынік працы пісьменніка ў галіне лексікаграфіі.
10 снежня 1928 г. разам з Якубам Коласам, Змітраком Бядулем, Вацлавам Ластоўскім, Сцяпанам Некрашэвічам, Язэпам Дылам, Уладзіславам Галубком, Фларыянам Ждановічам, Міхайлам Грамыкам напісалі хадатайніцтва ў абарону Францішка Аляхновіча.
18 ліпеня 1930 года па абвінавачванні ў прыналежнасці да неіснуючага “Саюза вызвалення Беларусі” Гарэцкага арыштавалі і асудзілі на 5 гадоў з высылкай у Вятку, дзе яму давялося працаваць чарцёжнікам, тэхнікам-каштарыснікам, простым рабочым.
У ноч на 4 лістапада 1937 года Гарэцкага зноў арыштавалі, а 5 студзеня 1938 года прыгаварылі да расстрэлу.
Сын Гарэцкага Леанід (1922—1944) загінуў у баях пад Ленінградам. Вядомыя яго «Пісьмы з фронту» да сям’і. Дачка Галіна (1921—2006) — захавальніца літаратурнага архіва сям’і Гарэцкіх, аўтарка шэрагу прац, прысвечаных жыццю і творчасці бацькі і маці, успамінаў пра іх і пра свайго дзядзьку — акадэміка Гаўрылу Гарэцкага.