Сеть публичных библиотек Вилейского района
Наш адрес: г. Вилейка, ул. Советская, 25. Тел. (8-01771) 5-56-56
E-mail: biblio@vileyka.gov.by

Тры пакаленні на Вілейшчыне прысвяцілі сваё жыццё хлебу

image1

Зямля карані трымае… …Такія словы пачула я ад Марыны Пашкевіч, маёй нядаўняй суразмоўцы, якая працуе бібліятэкатарам у Лыцавічах. І Марына Уладзіміраўна мае падставу так казаць. Гутарка ішла пра сям’ю, пра вёску і яе будучыню. Як ні круці, а менавіта вёска корміць усіх – і тых, у каго перад вачыма сельскі краявід, і тых, што кожны дзень бачаць урбаністычны пейзаж. Дзякуючы нястомнай працы людзей, якія нястомна шчыруюць на залатой ніве, з’яўляецца на паліцах магазінаў, а потым – на абедзенным стале, духмяны хлеб…

Хлебароб – гэта не толькі прафесія, але і дынастыя. Пацвярджэнне гэтаму – героі гэтай публікацыі, сям’я Пашкевічаў з Лыцавічаў. Яны дакладна ведаюць, з чаго пачынаецца хлеб. На нашых старонках пра іх расказвалася неаднаразова. Спачатку – пра Міхаіла Вікенцьевіча Пашкевіча, які пачынаў свой працоўны шлях на «КСК-4» у далёкім 1963 годзе, яшчэ з вытокаў калгаса. Ён паказаў сябе адказным і сумленным працаўніком, пра што сведчыць стос грамат і падзячных лістоў, разнастайныя медалі. Жонка Міхаіла Вікенцьевіча, Яўгенія Іванаўна, працавала паляводам. Канешне, трымалі і немалую гаспадарку. У той час калгас меў імя Кірава, а сёння гэта адкрытае акцыянернае таварыства «Чурлёны». Людзі, якія, як кажуць, выраслі з зямлі, сумленна працавалі на ёй усё жыццё. Гэта адданасць полю перадалася і наступным пакаленням Пашкевічаў. Да справы Міхаіла Вікенцьевіча далучыўся яго сын – таксама Міхаіл. Скончыўшы Іжскую сярэднюю школу, ён адразу вызначыўся, кім хоча быць, і ў 1979-м годзе рашуча адкрыў свой першы афіцыйны ўборачны сезон. Хаця, прызнацца, ля бацькі і тэхнікі круціўся змалку – падабалася праца механізатара. Ішоў час, прыйшла пара «ўкараняцца»: ажаніўся з прыгажуняй Марынай, а праз пэўны час іх тандэм разбавілі дзіцячыя галасы… У сям’і Пашкевічаў дзяцей трое: Саша, Аліна і Юра. Саша вырашыў паспрабаваць сябе ў сталіцы, Аліна жыве і працуе ў Вілейцы. І менавіта малодшаму, Юрыю, выпала працягваць справу дзеда і бацькі – але ўжо ў ААТ “Сцешыцы”. У гэту гаспадарку прыйшоў ён пасля таго, як скончыў Мар’інагорскі аграрна-тэхнічны каледж, дзе атрымаў спецыяльнасці агранома, шафёра і трактарыста. З дзяцінства ён бачыў, як падчас уборкі ўраджаю ў пары з бацькам працавала маці, удзельніцай сямейнага экіпажу была ў свой час і яго сястра Аліна (гэты камбайнавы экіпаж таксама быў на старонках»раёнкі»). Хлопца цягнула да гэтай працы, хацелася дапамагаць сям’і. Ды і ведаў ён дзедаву і бацькаву справу яшчэ змалку, як кажуць, знутры. Таму і спатрэбіўся там, дзе нарадзіўся.

Моладзь – гэта заўсёды працяг сваіх бацькоў, вынік іх выхавання і надзея на старасць. Хутка родная зямелька зноў збярэ маладое пакаленне Пашкевічаў на бацькоўскім палетку – пара капаць бульбу. Дапамагаць на ўборцы «другога хлеба» прыедуць дзеці, унукі. І ўвечары зноў засвецяцца агеньчыкі ў вокнах іх хаты – у вёсцы стане весялей.

Таццяна ШАРШНЁВА// Шлях перамогі. – 2017. – 9 верасня. – с. 2. — № 71.

Share
Вы можете оставить комментарий, или ссылку на Ваш сайт.

Оставить комментарий