Сеть публичных библиотек Вилейского района
Наш адрес: г. Вилейка, ул. Советская, 25. Тел. (8-01771) 5-56-56
E-mail: biblio@vileyka.gov.by

Бібліятэкар-хлебароб

20170826_143703-1_resized

Са школьных гадоў Жанна любіла чытаць. Кожную вольную хвіліну старалася праводзіць з кнігай.  У такія моманты нібыта трапляла ў іншую рэальнасць, перажывала ўсё тое, што выпадала на лёс герояў. Дзіўная рэч – кніга. Толькі яна здольна, нібыта машыну часу, вярнуць чалавека ў далёкую мінуўшчыну, а то, наадварот, –  занесці ў той час, які будзе…

Захапленне (а кажучы сучаснай мовай, хобі) дзяўчыны прывяло яе ў бібліятэчны каледж, у якім яна з задавальненнем вучылася. А затым было знаёмства з Віктарам Андрыеўскім, якое і стала лёсавызначальным. Неўзабаве маладыя пажаніліся, пачалі жыць у роднай вёсцы Віктара – Сосенцы. Жанна цёпла прыгадвае той перыяд свайго жыцця. Маладыя былі, толькі вучыліся жыццёвай навуцы. І настаўнікамі для іх былі блізкія людзі, аднавяскоўцы. Ды і адзіны сынок Руслан там убачыў свет, а цяпер вунь ужо сам бацька малой Ізабэлы…

А пасля быў пераезд у Ерхі, родную вёсачку Жанны, і пачатак працы ў бібліятэцы. З таго часу мінула болей за чвэрць стагоддзя, а жанчына штораніцу спяшаецца да сваёй чытальні, якая, як і клуб, была і застаецца цэнтрам культурнага жыцця вёскі.

Як і ўсе сяльчане, Андрыеўскія заўсёды трымалі немалую гаспадарку (на падворку Жанны і Віктара была і карова (нават у свой час дзве), і цяляты, і свінні), працавалі на агародах, а ў рабочы час арганізоўвалі святы і канцэрты, ставілі сцэнкі і выязджалі з віншаваннямі на палеткі і фермы. Так было, так ёсць і цяпер. Культработнік на вёсцы – чалавек адметны. Да яго цягнуцца людзі, яму давяраюць. Мусіць, таму ў свой час Жанне Андрыеўскай вяскоўцы даверылі быць дэпутатам. І вось ужо каля дзясятка гадоў выконвае яна гэту місію.

– Канешне ж, адказна гэта і няпроста, – прызнаецца Жанна Яўгенаўна. – Разумееш, што людзі звяртаюцца з тым, што іх непакоіць, як кажуць, баліць. І так хочацца заўсёды разабрацца і дапамагчы. Я зараз з’яўляюся дэпутатам ад жыхароў вёсак Сосенка і Асташкава. Людзі ўсе знаёмыя, ды і я для іх свой чалавек. Якія пытанні ўзнікаюць? Перыядычна разбіраемся з «соткамі» – то просяць выдзеліць іх у іншым месцы, то яшчэ што. Актуальнае і пытанне сабак. Так, у Сосенцы была такая справа, чацвераногі сябар чалавека падзёр людскіх курэй. Разам са старшынёй сельсавета і ўчастковым мы выязджалі і разбіраліся на месцы. Скардзіліся на бадзялых сабак і з Асташкава, і мы таксама арганізоўвалі іх адлоў. Заказаць дровы або пасекчы іх – з гэтым таксама іншы раз звяртаюцца людзі. А то абкасіць вуліцу, і тады ўжо прашу мужа. Праблемы з вулічным асвятленнем таксама вырашаем сумесна з мясцовай уладай. Дрэнная дарога – і гэта пытанне да дэпутата. Вось цяпер, напрыклад, патрабуецца грэйдзіраванне вуліцы ў Асташкаве, людзі чакаюць вырашэння гэтага пытання.

Жывучы ў гушчыні вясковых падзей, сярод сваіх выбаршчыкаў, дэпутат, як кажуць, заўсёды на пасту. А дэпутацкая прыёмная – усюды: на вуліцы, у полі, у бібліятэцы, на мехдвары і ферме….

– А цяпер – і на зернесушылцы, дзе працуем у час жніва з маёй калегай загадчыцай клуба Марынай Юркевіч, – расказала Жанна Яўгенаўна. – Увогуле, у нас гэта ўжо шматгадовая традыцыя – працаваць на сушылцы ў жніво, дапамагаць гаспадарцы. Ведаем, што ў гэты адказны час вельмі патрэбны тут працоўныя рукі. Мой муж, дарэчы, які адпрацаваў у гаспадарцы трактарыстам і выйшаў на заслужаны адпачынак, на ўборачнай таксама на КЗС заняты. А як жа не дапамагчы!

Праўда, і тут Жанна Яўгенаўна не забываецца на сваю асноўную работу і стараецца выкарыстаць у яе інтарэсах кожную вольную хвіліну. На складзе, напрыклад, правяла з работнікамі агляд перыядычных выданняў, выбрала час на тое, каб пазнаёміць людзей з навінкамі твораў на роднай мове; разам з Марынай Юркевіч арганізавала у майстэрні віншаванне хлебаробаў… Яны ўсе на чале з кіраўніком ААТ «Алая зара» Наталляй Шастапалавай, лічыць Жанна Яўгенаўна, заслугоўваюць і падзячных слоў, і павагі.

Няма ні аднаго свята ў навакольных вёсках, да якога б не мела дачынення дэпутат Андрыеўская. Віншаванні ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, воінаў-інтэрнацыяналістаў, жанчын-маці, дзяцей, вечарыны да прафесійных святаў, цікавыя сустрэчы, выезды ідэалагічнай групы – усе гэта з’яўляецца штодзённым клопатам культработнікаў. Вось і нядаўна вельмі цікава і хвалююча прайшлі святы вёсак Малькевічы і Навікі, у якіх ерхаўскія культработнікі прынялі актыўны ўдзел. Разам са старшынёй Крывасельскага сельсавета Ірынай Супрановіч яны зрабілі мерапрыемствы сапраўднымі святамі для людзей вёскі. З кветкамі, падарункамі, добрымі песнямі і найлепшымі пажаданнямі.

Сяльчане заслугоўваюць пашаны. У гэтым дэпутат Андрыеўская пераканана. Вось і яе выбаршчыкі з Сосенкі – найпершыя памочнікі дэпутата, яе актыў. Валерый Узгорак, Эдуард Андрыеўскі, Рамуальда Усціновіч… Пералічваць прозвішчы актыўных сяльчан Жанна Яўгенаўна можа доўга. Сумесныя суботнікі на могілках, добраўпарадкаванне вуліц і дарог – усё гэта яны робяць разам.

– Сабралі нядаўна сродкі на крыж у вёсцы, – расказала дэпутат. – Стары згніў, дык будзем новы ставіць. Усе людзі дружна прынеслі грошы. Думаем паставіць крыж і на могільніку. А яшчэ збіраемся паставіць тут агульнымі намаганнямі агароджу. Карацей, робім усё, каб нашы вёсачкі прыгажэлі. Бо нам жа тут жыць і нашым дзецям.

Ірына БУДЗЬКО // Шлях перамогі. – 2017. – 30 жніўня. – с. 3. — № 68.

Share
Вы можете оставить комментарий, или ссылку на Ваш сайт.

Оставить комментарий