Сеть публичных библиотек Вилейского района
Наш адрес: г. Вилейка, ул. Советская, 25. Тел. (8-01771) 5-56-56
E-mail: biblio@vileyka.gov.by

А. Зайцава “Абуджала душу”

Мне з ёй было ўтульна.

Яна адышла… I ад мяне як бы адарвалі кавалачак прыроды, кавалачак чыстай душы.

Я яе даўно ведала завочна, я чытала яе вершы ў раённай газеце.

Ганна Аляксееўна некалькі разоў была ў нас дома, прыходзіла на сямейныя святы, чытала свае вершы, апавяданні.

Яна заўсёды цікавілася маёй урачэбнай работай, маімі дзецьмі, унукамі.

Я таксама заходзілася да яе дадому ў Вілейцы, некалькі разоў была ў Варонічах, дзе яна раней жыла.

Адзінага сына – Лёшы – ужо не было ў жывых. На гадавіну яго смерці ў красавіку 1979 года ўсе сябры Ганны Аляксееўны хадзілі на могілкі, а потым памянулі памёршага за сталом па хрысціянскаму звычаю. Калі ён памёр, Лёшу было толькі 33.

У пачатку нашага знаёмства Ганна Аляксееўна была стрыманай, нягледзячы на ўсе беды, слёз не пускала, трымалася стойка. Потым, з узростам, стала больш эмацыянальнай. Няпрошаная слёзка не-не ды і пакоціцца з куточкаў вачэй. У яе такая шчака мяккая, рука невялікая. I цяжка ўявіць, што гэтымі рукамі яна рабіла ўсю мужчынскую работу ў вёсцы.

Ганна Аляксееўна вельмі любіла прыроду. Сад у яе быў заўсёды дагледжаны, яна сама рабіла прышчэпкі на дрэвах. Вельмі ўжо любіла яна сваю яблыню “цыганку”, а яблыкі называла “цыганы”. А яны цёмна-чырвоная, доўга захоўваліся зімой. Частавала яна мяне гэтымі яблыкамі.

Да пераезда ў Вілейку Ганна Аляксееўна забяспечвала сваіх аднавяскоўцаў медыкаментамі. Брала іх пад справаздачу ў Вілейскай аптэцы. Вельмі ўдзячныя былі ёй людізі, асабліва старыя.

Тут, у Вілейцы, кожны яе дзень нараджэння адзначалі яе сябры ў яе кватэры. Душой яна не старэла і нават у сталыя гады пісала так: “Пусть лицо озаряет улыбка, даже если седины, как снег, возраст – это, ей Богу, – ошибка, если молод душой человек”.

Мне падабаеца яе лірычная паээія. Як лёгка яна чытаецца, як ад душы напісана!

Яна – жывая гісторыя жыцця нашага краю. Гэта і вучоба, дзіцячая праца ў багатых, членства ў Камуністычнай Партыі Заходняй Беларусі, турма, Вялікая Айчынная вайна і партызаншчына. Затым пасляваеннае будаўніцтва, арганізацыя калгасаў, МТС. Усюды прымала актыўны ўдзел Ганна Аляксееўна. Яна шмат ведала і магла доўга расказваць. Яе часта запрашалі ў школы, вучылішчы, на сустрэчы з моладдзю.

Сіл у яе станавілася меней, а жыццё ў вёсцы патрабавала фізічных намаганняў. Стала яна жыць у Вілейцы, па вуліцы Піянерскай, у аднапакаёвай кватэры. Часта прыходзілі да яе сябры і проста знаёмыя. У дзень яе васьмідзесяцігоддзя 25 сакавіка 1994 года прыйшлі яе павіншаваць многія людзі. Сярод іх была і я. Прынеслі Ганне Аляксееўне вялікі торт, пілі чай. А яна да гэтага часу ўжо перанесла інсульт. Я прапанавала, каб работнікі бібліятэкі прыходзілі да Ганны Аляксееўны і з яе слоў запісвалі яе аўтабіяграфію. Гэта аўтабіяграфія надрукавана на першых старонках выпушчанага зборніка вершаў.

У 1991 годзе Ганна Аляксееўна наведала студыю, дзе працаваў Эдуард Уладзіміравіч Мацюшонак. Ён паказаў ёй свае работы, карціны, яны пагаварылі і зацікавіліся адзін адным. Ганна Аляксееўна ў маладосці добра малявала, гэта мастацтва было ёй блізкім, і яна напісала нарыс пра маладога мастака Эдуарда Мацюшонка. Эдуард Уладзіміравіч хацеў напісаць яе партрэт, але не мог уявіць, як гэта зрабіць. Я прынесла яму ўрыўкі з яе аўтабіяграфіі. Некалькі сеансаў пазіравання – і партрэт быў. гатовы. Стаіць жанчына з кнігай у адной руцэ, а другой лашчыць каласы жыта. За спіной – усё яе жыццё ўвасабляе чорна-чырвонае полымя.

Гэты партрэт быў на персанальнай выставе мастака ў жніўні 1992 г.

Не верыцца, што Ганны Аляксееўны Новік няма разам з намі. Я думала, што яна будзе заўсёды, як неба, як лес, як вёска.

Прыйшла новая вясна. Але ўжо без яе.

Аля ЗАЙЦАВА

Share
Вы можете оставить комментарий, или ссылку на Ваш сайт.

Оставить комментарий