Гэй! Як на масленай нядзелi ў столь бліны ляцелі….
Алена: разгадвае крыжаванку, дзед побач з ёй чытае газету.
Алена: Па гарызанталі “Вялікае народнае свята”. Першая літара “М”. Што за свята, Дзядуля, ты не ведаеш?
Дзед: А ці не падыходзіць “Масленіца”?
Алена: Зараз… Вельмі добра! Адгадала! А што гэта за свята з такой смачнай назвай?
Дзед: Гэта не толькі смачнае свята, але і вясёлае! Эх, калі быў я маладзейшым, як добра яго святкавалі ў вёсцы. Гэта цудоўнае свята напярэдадні вясны. У нас гаварылі: ”Зіма з вясною сустракаецца, пра здароўе пытаецца”.
Алена: А чаму назва такая?
Дзед: А таму, што вельмі смачныя бліны былі і з маслам, і з мёдам, і са смятанаю. Нават саму Масленіцу запрашалі такімі словамі:
Мы на горцы пабывалі, пабывалі
Ай люлі, пабывалі.
Масленіцу сустракалі, сустракалі,
Ай люлі, сустракалі.
Сырам гору набівалі, набівалі
Маслам гору палівалі, палівалі.
Так у суботу пачыналася свята Масленіцы “Вясну-красну – на вулачку, а зімачку – у каморачку” ў Чурлёнскай сельскай інтэграванай бібліятэцы… З песнямі, гульнямі і добрым настроем развітваліся з зімой дзеці. Прыйшлі на свята і іх бацькі, каб разам сустрэць вясну.
А напярэдадні самыя актыўныя ўдзельнікі ўжо пачалі падрыхтоўку: зрабілі чучала зімы, дома ў бібліятэкара напяклі бліноў і з прыпёкам, і з маслам, не забыліся і пра дранікі. Бліны на Масленіцу былі галоўнай стравай. І з чым іх толькі не пяклі! І з сырам, і з грыбамi… Такiя блiны і называлiся блінамі з прыпёкам.
Пах бліноў і травяной гарбаты лунаў па бібліятэцы. Арганізатары падрыхтавалі забаўляльную праграму: гульні, конкурсы, загадкі. Ва ўсіх забавах з аднолькавым задавальненнем удзельнічалі і дзеці, і дарослыя. За перамогу ў спаборніцтвах кожны атрымаў сімвал свята – масленічны блін.
Забавы працягваліся і на вуліцы, дзе спалілі чучала Зімы, або Марэны, як сімвал гора, няшчасця і смутку. Свята атрымалася вясёлым, азораным радасным чаканнем ясных, цёплых дзён, напоўненых сонечным святлом.
Праўду людзі кажуць, няма нічога навей, чым добра забытае старое. Святочнае мерапрыемства стала радаснай, запамінальнай падзеяй і пазнаёміла дзяцей з народнымі звычаямі і традыцыямі.
Хочацца выказаць вялікую падзяку настаўніку Чурлёнскай школы Баравому В.І., культарганізатару Лыцаўскага СДК Карыба З.І. і юным чытачам Стасілевіч Аляксандры, Лягень Надзеі, Стасілевіч Вікторыі, Більдзюк Крысціне, Паслед Елісею і Каркотка Яўгеніі за дапамогу ў правядзенні свята.