
12 кастрычніка для жыхароў вёскі Рабунь адбылося асаблівае мерапрыемства – святочная канцэртная праграма «Жыві, мой храм!», арганізатарамі якой выступілі бібліятэкар Людвіноўскай сельскай інтэграванай бібліятэкі Андрыеўская Ж.Я. сумесна з загадчыкам філіяла «Ерхаўскі сельскі клуб» Юркевіч М.А. Падставай для святкавання стала 35-годдзе аднаўлення Свята-Успенскай царквы – сапраўднай духоўнай скарбніцы і сімвала веры для мясцовых жыхароў.
Спачатку вядучыя святочнага мерапрыемства ўзгадалі гісторыю ўзнікнення праваслаўнага храма, які быў пабудаваны яшчэ ў 1862 годзе. Аднак у 1960 годзе Свята-Успенская царква была зачынена савецкай уладай. Яе лёс у тыя часы быў трагічным: святыню пераабсталявалі спачатку ў школьную спартыўную залу, а потым зусім у склад. Але ў 1990 годзе, дзякуючы намаганням вернікаў, царква вярнулася ў лона праваслаўя і пачалося яе аднаўленне. Усе царкоўныя рэліквіі, у тым ліку старажытны абраз Божай Маці, вярнуліся з вёскі Касута назад у Рабунь. Храм ажыў, набажэнствы аднавіліся, а ў 2015 годзе яго настаяцелем стаў іерэй Валянцін Пешко.
Менавіта айцу Валянціну і яго 10-годдзю служэння ў гэтым храме была прысвечана значная частка вечара. Арганізатары і ўсе прысутныя выказалі шчырую ўдзячнасць святару і пажадалі яму моцнага здароўя, Божай дапамогі і благаславення ва ўсіх пачынаннях. У сваю чаргу айцец Валянцін таксама звярнуўся да вернікаў і падзякаваў усім за ўдзел, падтрымку і малітву. Падчас мерапрыемства гучалі пранікнёныя музычныя нумары і вершы, якія стварылі непаўторную, цёплую атмасферу гэтай сустрэчы.