Сеть публичных библиотек Вилейского района
Наш адрес: г. Вилейка, ул. Водопьянова, 21. Тел. (8-01771) 5-56-56
E-mail: biblio@vileyka.gov.by

Літаратурная гасцёўня “Не аблашчаная лёсам”

“Не аблашчаная асабістым лёсам, яна заўсёды несла сваю дабрыню і любоў да людзей. І як родная беларуская песня, паэзія Ганны Новік не згубіць свой след на літаратурнай ніве Бацькаўшчыны”, – так Іван Лашутка ахарактарызаваў Ганну Аляксееўну Новік у прадмове да яе паэтычнага зборніка “Барвовае лісце”.

28 сакавіка аддзелам бібліятэчнага маркетынгу ДУК “Вілейская раённая цэнтральная бібліятэка імя Г. Новік” для бібліятэкараў  горада і раёна была праведзена літаратурная гасцёўня “Не аблашчаная лёсам”, прысвечаная да 110-годдзя з дня нараджэння Ганны Новік, вілейскай паэткі, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, удзельніцы нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі. Хоць Ганна Аляксееўна не дасягнула завоблачных вяршынь у творчасці, аднак для Вілейшчыны стала знакавай фігурай: у яе гонар назвалі вуліцу ў мікрараёне Паўночны-4, а з 2014 года вілейскай раённай бібліятэцы прысвоена яе імя. Да мерапрыемства была арганізавана кніжная выстава “Удзячна лёсу…”, на якой былі прадстаўлены: зборнікі вершаў Ганны Новік, выданне “Жыццё. Лёс. Памяць”, дыск “Барвовае лісце” з песнямі і вершамі Г. Новік і К. Дубовік і інш.

З відэароліка “Жывая, светлая, зямная” ўдзельнікі літаратурнай гасцёўні пазнаёміліся з жыццёвым і творчым лёсам беларускай пісьменніцы. І хоць лёс не песціў Ганну Аляксееўну, аднак яна не кідалася ў роспач, а жыла паўнавартасным жыццём. Была прэзентавана кніга “Жыццё. Лёс. Памяць”, якая выйшла ў свет у 2019 годдзе ў адзіным экзэмпляры. У ёй змешчаны: біяграфічныя звесткі паэткі; творы Ганны Новік, у тым ліку і тыя, якія не ўвайшлі ў яе зборнікі вершаў; артыкулы, успаміны землякоў і вершы, прысвечаныя ёй ад нашых землякоў; лісты Ганны Новік да Б. Манцэвіча і М. Танка; багаты фотаархіў. На мерапрыемстве пад музычнае суправаджэнне гучала шмат лірычных вершаў вілейскай паэткі: “Калі спыняюся”, “Барвовае лісце”, “На выстаўцы”, “Душа заўсёды маладая”, “Словы да радзімы”, якія пранізваюць душу сваёй глыбінёй і шчырасцю. Таксама чыталіся ўрыўкі з артыкулаў, успаміны земляка пісьменніцы Барыса Манцэвіча, у якіх распавядалася аб яе працавітасці, разнастайных здольнасцях, сціпласці ў шматлікіх рэчах. Аднак, нягледзячы на сціпласць, яна мела багаты ўнутраны свет, а свой талент і жыццёвы досвет аддала роднай Беларусі, развіццю яе мовы і літаратуры. Можна па-рознаму ставіцца да творчасці Ганны Аляксееўны Новік, але кожны чалавек, безумоўна, знойдзе ў яе радках нешта сваё, сугучнае сваім думкам і пачуццям.

Share
Вы можете оставить комментарий, или ссылку на Ваш сайт.

Оставить комментарий