
З 2017 года ў бібліятэцы Марына Уладзіміраўна рэалізуе этнаграфічны прект “Кросны”. Напэўна, многія жыхары аг.Лыцавічы не раз былі на яе цікавых мерапрыемствах па гуканні вясны, палілі чучала Масленіцы і з апетытам каштавалі масленічныя бліны, былі удзельнікамі Калядак і цікавых абрадаў па ўшанаванні пасхальнага яйка. Тутэйшая моладзь з задавальненнем удзельнічала ў традыцыйных калядных гаданнях, дзе ўсё як мае быць: і свечы, і сапраўдныя пятух з сабакам спяшаліся напераганкі з’есці чый-небудзь блін, каб дапамагчы дзяўчатам даведацца, хто першы ў наступным годзе пойдзе замуж.
Традыцыйнымі ужо сталі летнія шпацыры з юнымі чытачамі бібілятэкі па зборы лекавых раслін. Марына Уладзіміраўна раскажа амаль пра кожную траўку: пра яе лекавыя ўласцівасці, як і з чым яе можна ўжываць. Потым ўсё гэта травяное багацце засушваецца, каб папоўніць калекцыю лекавай гарбаты “Чурлёнскія зёлкі”, якая таксама выстаўляецца ў бібліятэцы. Вельмі часта Марына Уладзіміраўна з задавальненнем рассыпае ў дзіцячыя жменькі сушоныя вішні або чарніцы “каб вочкі блішчэлі…”.
Каронная страва Марыны Уладзіміраўны таксама даволі пікантная – фаршыраваныя вінаградныя смаўжы – не перастае здзіўляць сваёй смакатой і арыгінальнасцю нават замежных гасцей.
Адной з нядаўніх прыдумак Марыны Уладзіміраўны сталі лялькі-стрыгушкі – саламяныя лялькі, якія ўмеюць танчыць, калі б’еш па досачцы, на якой яны стаяць. Гэта забава вельмі падабаецца не толькі дзецям, але і дарослым, бо вельмі пацешна пад беларускую польку лялькі ідуць у пляс.
Што тычыцца саміх кроснаў, то ў бібліятэцы дзейнічае самы сапраўдны ткацкі станок, якім Марына Уладзіміраўна таксама валодае і стараецца запаліць агеньчык інтарэсу ў дзяцей і юнацтва. Стаіць станок у спецыяльным краязнаўчым пакоі, дзе бібліятэкар сабрала па крупіцах старажытныя прылады працы і побыту, краязнаўчыя папкі з матэрыяламі пра тутэйшую гаворку, пра Чурлёнскую сярэднюю школу, пра мясцовую гаспадарку ды шмат яшчэ розных цікавостак пра родны Лыцавічскі край. Урокі ткацтва, або як іх называе Марына Уладзіміраўна “вузельчыкі на памяць”, праводзяцца даволі часта, хоць і прыходзілася не раз рамантаваць станок, а гэта ў наш час вельмі няпроста. Моладзь з задавальненнем слухае гісторыі пра таямніцы з бабулінай шафы або пра рэчы з драўлянага куфара, які таксама стаіць у бібліятэцы.
Вось і 28 кастрычніка 2023 года ў Чурлёнскай сельскай інтэграванай бібліятэцы ў рамках этнаграфічнага праекта “Кросны” прайшоў урок майстэрства «Жывая нітка традыцый беларускага ткацтва» для навучэнцаў старэйшых класаў ДУА “Чурлёнская сярэдняя школа”. Марына Уладзіміраўна цікава расказала пра самабытнасць беларускага ткацтва, памагла разгадаць таямніцы беларускага арнаменту на тканых сурвэтках, ручніках і адзенні. Навучэнцы змаглі не толькі пабачыць сапраўдныя кросны і прылады да іх, але і паспрабаваць сябе ў якасці ткачых. Не абышлося і без цікавай выставы тканых вырабаў, на якой дзеці убачылі посцілкі ручной работы, беларускі жаночы касцюм, вышыванкі на рушніках і навалачках.
Шмат яшчэ можна расказваць пра дзейнасць Чурлёнскай сельскай інтэграванай бібліятэкі і пра яе апантанага бібліятэкара і выдатную асобу Марыну Уладзіміраўну Пашкевіч, але лепш самім завітаць туды і пазнаёміцца з праектам “Кросны”, як кажуць “на свае вочы пабачыць”.
Аўтар: загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу цэнтральнай раённай бібліятэкі Бохан В.Я.