5 ліпеня чытачы Партызанскай сельскай інтэграванай бібліятэкі наведалі дзяржаўны мемарыяльны комплекс “Хатынь”. Вялікае ўражанне аказала наведванне музея на тэрыторыі комплекса. Тут, у аднапавярховым будынку аформлены шэсць залаў, якія паэтапна знаёмяць наведвальнікаў з гісторыяй буйных ваенных канфліктаў і трагедыяй мірнага насельніцтва ў іх: “Дрэва гісторыі”, “Пачатак вайны”, “Акупацыя”, “Спаленыя вёскі” і інш. Уразіў і цэнтральны элемент экспазіцыі – “крывавы ручай”, які сімвалізуе ўсіх ахвяр агрэсіі ў Беларусі.
Матэрыялы, прадстаўленыя ў экспазіцыях, і цікавы змястоўны аповед экскурсавода аказалі моцнае эмацыянальнае ўздзеянне на ўсіх удзельнікаў паездкі.
На сімвалічных Могілках вёсак і нашы спаленыя Боркі і Любча. Удзельнікі мерапрыемства ўсклалі кветкі на магілы вёсак Любча і Боркі і ўшанавалі памяць загінулых жыхароў. Вялікая ўдзячнасць стваральнікам усяго комплекса і музея, бо помніць гісторыю трэба нашым дзецям і ўнукам. Без мінулага няма будучыні. Полымя Хатыні напамінае аб свяшчэнным абавязку – берагчы мір і спакой на роднай зямлі, не дапусціць паўтарэння жахаў вайны.
Гэты помнік застанецца вечным і незабываемым сімвалам смутку.