28 верасня ў рамках ІІ адкрытага раённага фестывалю “Званы памяці”, прысвечанага Году гістарычнай памяці, у раённай цэнтральнай бібліятэцы г.Вілейкі адбылася сустрэча з чытачамі члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзіміра Цануніна.
“Колькі войн маленькіх і вялікіх
Бачыў край мой родны за вякі?”
– пытаецца паэт у сваіх чытачоў і тут жа падказвае:
“Вікінгі, татары, немцы, шведы,
Потым дзве сусветныя вайны.
Незлічоны спіс ахвяр і бедаў
Назаўжды пакінулі яны.
Хіба можа гэта ўсё забыцца?”
Так, такое не сцерці з памяці людской ні ўдзельнікаў ваенных падзей, ні іх нашчадкаў. Аб гэтым сведчаць шматлікія помнікі і абеліскі, мемарыяльныя комплексы і музеі. І прэзентацыя кнігі Уладзіміра Цануніна “Каму патрэбна памяць аб вайне” гэтаму пацверджанне:
Каму патрэбна памяць аб вайне?
Няўжо не зразумела гэта свету,
Што застаецца мір заўжды ў цане,
І гора нам, калі забудзем гэта.