Сеть публичных библиотек Вилейского района
Наш адрес: г. Вилейка, ул. Водопьянова, 21. Тел. (8-01771) 5-56-56
E-mail: biblio@vileyka.gov.by

«Я ШУМЛІВЫ ЧАРОТ, Я МЯЦЕЖНЫ БУНТАР…»

7 лістапада 125 гадоў таму у мястэчку Рудзенск пад Мінскам нарадзіўся адзін з найбольш уплывовых пісьменнікаў свайго часу і арганізатараў літаратурнага руху 1920-1930-х гадоў Міхась Чарот. Імем пісьменніка названы вуліцы ў Мінску, Гродне, Маладзечне і Рудзенску.

Міхаіл Сямёнавіч Кудзелька (сапраўднае імя пісьменніка) нарадзіўся ў беднай сям’і. Цяжкая сялянская праца загартавала характар, а народная паэзія, песні, казкі, легенды, да якіх заўжды гарнуўся дапытлівы хлапчук, адкрылі дарогу да творчасці. Ён неаднаразова ўзгадваў, што складаць радкі пачаў, не ўмеючы пісаць.

Дарэчы, народная песня «Купалінка», якую ведае кожны беларус, шырокую вядомасць атрымала ў пачатку 1920-х пасля паэтычнай апрацоўкі Міхасём Чаротам.

Станаўленне паэта прыйшлося на пераломныя ў гісторыі краіны часы. Першая сусветная, рэвалюцыя… Прадстаўнік з народа, якому пашчасціла атрымаць адукацыю ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, праклаў свой шлях у літаратуру менавіта ўслаўленнем пралетарскай дыктатуры. Матывамі ўстанаўлення новага парадку і сацыяльнай справядлівасці для абяздоленых людзей, беднякоў, як сям’я самога паэта, прасякнуты літаральна кожны верш Міхася Чарота, напісаны ў гэты час. Яго знакамітыя «Босыя на вогнішчы» параўноўвалі з паэмай «Дванаццаць» Блока.

Чарот стаў ініцыятарам стварэння і кіраўніком першай у рэспубліцы літаратурнай арганізацыі «Маладняк», а з 1925 па 1929 год займаў пасаду рэдактара газеты «Савецкая Беларусь». З цягам часу паэт і некаторыя ягоныя паплечнікі расчараваліся ў «Маладняку» і далучыліся да «ўмераных» – «Узвышша» і «Полымя». Магчыма, юнацкі максімалізм змяніўся больш глыбокім аналізам рэчаіснасці і месца творцы ў грамадскіх працэсах. Будаваць новае, у тым ліку мастацтва, бяздумна знішчаючы ўсё створанае да гэтага, – не самы надзейны шлях.

Міхась Чарот выявіў свой літаратурны талент і ў іншых жанрах – пісаў апавяданні, драмы, некаторыя з іх былі пастаўлены на сцэне. Пры гэтым, узгадвалі яго сябры, сам меў адмысловы акцёрскі талент. Яго аповесць «Свінапас» стала асновай першага беларускага мастацкага фільма — «Лясная быль».

На жаль, жыццё творцы абарвалася рана і трагічна. Яго арыштавалі 24 студзеня 1937 года. заўзяты прадстаўнік новай рэвалюцыйнай паэтычнай плыні закончыў апошнія дні ў засценках вядомай «амерыканкі». Сядзеў у адной камеры з паэтам Юркам Лявонным 28 кастрычніка 1937 года як удзельнік «контр­рэвалюцыйнай нацдэмаўскай арганізацыі» асу­джаны пазасудовым органам НКУС і прыгавораны да расстрэлу. Быў знішчаны ў ноч расстраляных паэтаў. Апошні верш «Прысяга» пра асабістую невінаватасць запісаў на сцяне мінскай унутранай турмы НКУС:

Я не чакаў;

Я не гадаў,

Бо жыў з адкрытаю душою…

Паэту было адведзена толькі сорак гадоў жыцця. Мноства яго творчых планаў не рэалізавана. Аднак ён паспеў пакінуць шматгранную літаратурную спадчыну, якая доўгі час была забыта.

У 1956 годзе пісьменнік пасмертна рэабілітаваны і вернуты з забыцця.

 

Share
Вы можете оставить комментарий, или ссылку на Ваш сайт.

Оставить комментарий