Захаванне нацыянальнай спадчыны, краязнаўчая дзейнасць, далучэнне карыстальніка да вывучэння сваёй малой радзімы з’яўляюцца адным з асноўных накірункаў у працы бібліятэк Вілейскага раёна, садзейнічаюць павышэнню іх наведвання, стварэнню станоўчага іміджа бібліятэкі сярод насельніцтва рэгіёну, горада, вёскі ў новай сацыякультурнай сітуацыі.
Менавіта краязнаўчай рабоце бібліятэк быў прысвечаны семінар «Сучасны змест і актуальныя формы краязнаўчай дзейнасці ў сельскай бібліятэцы», які адбыўся 26 і 27 мая на базе Любанскай сельскай бібліятэкі і Чурлёнскай сельскай інтэграванай бібліятэкі.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў семінара звярнуўся дырэктар М.М. Пацко. Ён адзначыў, наколькі ўзрасла роля сельскіх бібліятэк у справе адраджэння народнай культуры. Вялізныя выхаваўчыя, патрыятычныя магчымасці краязнаўчага матэрыялу дазваляюць выхоўваць грамадзяніна не на абстрактных ідэалах, а на прыкладах з жыцця бацькоў, аднавяскоўцаў, на падзеях з гісторыі свайго сяла.
Бібліятэкар Любанскай сельскай бібліятэкі Кізік А.Л. падрабязна спынілася на пытаннях збору і захоўвання, вывучэння і адбору матэрыялаў, якія дазваляюць вывучаць гісторыю сваіх населеных пунктаў. Распавяла аб рэалізацыі праекта “Імя ў гісторыі малой радзімы”.
Бібліятэкар адзначыла, што з укараненнем камп’ютарнай тэхнікі ў бібліятэках стала намнога прасцей займацца зборам і захоўваннем матэрыялаў, звязаных з краязнаўствам, вывучэннем дакументаў з музейных і сямейных архіваў і ствараць краязнаўчыя інфармацыйныя рэсурсы ўласнай генерацыі. Вялася размова і пра новыя формы працы: краязнаўчыя «рандэву» і вячоркі, выставы-фотарэпартажы, бібліятэчныя квэсты, вела-фота-кросінгі і гадзіны віртуальнага падарожжа.
Пра дзейнасць бібліятэкі як захавальніцы традыцыйнай народнай культуры ўдзельнікі семінара вялі размову ў Чурленскай сельскай інтэграванай бібліятэцы. Бібліятэкар Пашкевіч М.У. пазнаёміла удзельнікаў з працай у межах праекта “Кросны”. Праект прадугледжвае стварэнне ў бібліятэцы цэнтра лакальнай культуры, дзе сабрана інфармацыя па гісторыі мясцовасці, калгаса і ўстаноў. Тут можна даведацца аб вядомых аднавяскоўцах і простых жыхарах вёскі, знайсці інфармацыю і аб моўных асаблівасцях мясцовасці, аб рамёствах, якімі займаліся колішнія жыхары. Але самае галоўнае, тут можна дакрануцца да гісторыі: да прадметаў побыту нашых продкаў, да прац майстроў саломапляцення, да сапраўднага ткацкага станка. І не толькі дакрануцца, але і самаму паспрабаваць і навучыцца ткаць. Бібліятэка стала месцам, дзе чытачы знаёмяцца з народнымі абрадамі і святамі і прымаюць у іх актыўны ўдзел.
Каб задаволіць цікавасць карыстальнікаў да гісторыка-культурнай спадчыны рэгіёну, бібліятэкі павінны прапанаваць унікальныя звесткі па гісторыі, геаграфіі, культуры і традыцыях праз выставачныя матэрыялы бібліятэкі. Але яны не павінны замыкаць краязнаўчую працу на зборы матэрыялу. Неабходна ствараць куткі сялянскага побыту, арганізоўваць сустрэчы са старажыламі, адкрываць міні-выставы прыкладнога мастацтва і народных умельцаў, ладзіць святы вёсак, фальклору, вясёлыя вячоркі. Усё гэта зробіць бібліятэкі сапраўды культурнымі цэнтрамі, неабыякавымі да жыцця і гісторыі сваёй малой радзімы.
Тэма семінара далёка не новая, але для кожнага з прысутных яго праграма аказалася вельмі цікавай і пазнавальнай. Семінар у чарговы раз пацвердзіў, што кожная вясковая бібліятэка можа стаць важным складальнікам культурнага асяроддзя свайго рэгіёну.
Аўтар: загадчык Сектара бібліятэчнага маркетынга Лазар І.А.