Сеть публичных библиотек Вилейского района
Наш адрес: г. Вилейка, ул. Водопьянова, 21. Тел. (8-01771) 5-56-56
E-mail: biblio@vileyka.gov.by

У ВІЛЕЙСКУЮ БІБЛІЯТЭКУ ПА ВУЛІЦЫ САВЕЦКАЙ У ПРОШЛЫМ ГОДЗЕ ЗВЯРНУЛАСЯ БОЛЬШ ЗА 2,1 ТЫС. ЧЫТАЧОЎ

Аптэкай для душы бібліятэку назвалі старажытныя грэкі – і ніколькі не памыліліся. Вось і атрымліваецца, што лекі для душы, якія захоўваюць бібліятэкары, знаходзяцца… на кніжных паліцах. Больш за 15 тысяч экземпляраў – такі кніжны фонд мае аддзел па рабоце з дзецьмі Вілейскай цэнтральнай бібліятэкі імя Ганны Новік, загадчыцай якога з’яўляецца
Святлана Таміліна.

Калектыў Бібліятэкі сямейнага чытання

 

За мінулы год супрацоўнікі бібліятэкі, што знаходзіцца па вядомым усім адрасе па вуліцы Савецкай, дапамаглі больш за 2100 чытачам (сярод іх, дарэчы, не толькі дзеці, але яшчэ іх бацькі і настаўнікі) знайсці патрэбныя выданні.

Загадчыца аддзела па рабоце з дзецьмі Таміліна Святлана Іванаўна

Больш за трыццаць год Святлана Таміліна працуе ў раённай бібліятэцы, большую частку з іх з’яўляецца загадчыкам аддзела па рабоце з дзецьмі. Працаваць у бібліятэцы, прызналася Святлана Іванаўна падчас нядаўняй сустрэчы, яна не марыла – выпускніца Куранецкай сярэдняй школы дакладна вызначылася з выбарам будучай прафесіі і паступіла ва ўніверсітэт культуры. Там яна атрымала тую спецыяльнасць, пра якую марыла – «Арганізацыя і методыка культработы» – і вярнулася на радзіму. Склалася так, што лёс прывёў яе ў бібліятэку, дзе яна знайшла не толькі справу па душы, але і добрых сяброў сярод калег.

– Я задаволена, што склалася ўсё менавіта так, – дзе­ліцца Святлана Іванаўна. – Работа ў бібліятэцы стала любімай, і сваё жаданне арганізоўваць мерапрыемствы я таксама змагла тут рэалізаваць. Для юных і больш дарослых чытачоў праводзім шмат праектаў – і забаўляльных, і з кразнаўчым ухілам, і экалагічным, і на тэму бяспекі. Знаёмячы зусім юных са светам кнігі, імкнёмся іх зацікавіць, заахвоціць да чытання. Для вучняў старэйшых класаў знаходзім тыя формы работы, якія карыстаюцца ўвагай – такім быў, напрыклад, «Фотакросінг». Са снежня мінулага года сумесна з краязнаўчым музеем і камісіяй па справах непаўналетніх райвыканкама рэалізуем праект «Узаемадзеянне». Цікавасцю нашых чытачоў і жыхароў горада карыстаецца творчы праект «Цуды сваімі рукамі»: з 2011 года вокны бібліятэкі з’яўляюцца выставачнай пляцоўкай для творчых работ таленавітых віляйчан – і юных, і дарослых, кожны месяц экспазіцыя абнаўляецца. Зараз там кнігі – так сімвалічна мы сустракалі 1 верасня, Дзень ведаў. «Любі свой край і праслаўляй» – гэта экапраект. А наш праект «Бібліятэка для сям’і: выхавацель на гадзіну», які дзейнічае з 2015 года, з’явіўся з лёгкай рукі маладой мамачкі, якая звярнулася да нас з просьбай на непрацяглы час пакінуць пад наглядам супрацоўнікаў бібліятэкі дзіця, пакуль яна вырашыць свае пытанні – і гэта практыка працягваецца. Дзеткі цікавяцца нашым «Кутком казачніка» ў фае, там жа разам з калегамі бібліятэкарамі Таццянай Ляшок, Таццянай Александроўскай і Святланай Гатоўка мы афармляем розныя тэматычныя экспазіцыі – і яны не застаюцца без увагі нашых наведвальнікаў.

Уважлівыя і ветлівыя супрацоўніцы аддзела па рабоце з дзецьмі

– Каб пералічыць усе рэалізаваныя супрацоўнікамі бібліятэкі ідэі, напэўна, газетнай старонкі не хопіць, – з усмешкай заўважае Святлана Іванаўна. А пра свае асабістыя адносіны да чытання расказвае, што чытаць любіла заўсёды. Сёння сваю любоў да кнігі з яе друкаванымі радкамі і шапаткімі старонкамі яна перадае не толькі наведвальнікам бібліятэкі, дзе працуе, але і сваім унукам – Ільюшу і Арышцы, якіх падарыла ёй дачка Валянціна. А напярэдадні Дня бібліятэк Святлана Іванаўна звяртаецца да тых, каго, як і яе, лёс звязаў са светам Яе Вялікасці Кнігі:

– Напярэдадні прафесійнага свята віншую сваіх калег і ветэранаў бібліятэчнай галіны. Сваім маленькім чытачам жадаю сустрэч з новымі кнігамі і іх героямі. І, канечне, спадзяюся, што кніга была, ёсць і будзе!

Прафесіянал, які працуе з душой

Працаваць у біб­ліятэцы Людміла Івашкевіч пачала ад­разу пасля заканчэння школы. Усё жыццё яна адпрацавала бібліятэкарам і ні разу аб сваім выбары не пашкадавала. І зараз, ужо на заслужаным адпачынку, працягвае любімую справу – працуе ў філіяле №5 Вілейскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Ганны Новік, які знаходзіцца ў Паўночным мікрараёне Вілейкі.

– Любоў да кнігі ў мяне ад бацькоў, – дзеліцца напярэдадні прафесійнага свята Людміла Дзмітрыеўна. – Часопісы, кнігі, газеты чытала з дзяцінства, чытаю шмат і зараз. Як я магу прапанаваць кнігу чытачу, калі сама не буду чытаць?

Сваю прафесію, насуперак стэрэатыпам, Людміла Івашкевіч не лічыць нецікавай. Працуючы ў пастаяннай сувязі з чытачамі, з кожным з іх знаходзіць кантакт. Скончыўшы завочна Беларускі ўніверсітэт культуры, па размеркаванні яна працавала ў Мінску, у бібліятэцы імя Янкі Купалы. У сталіцы выйшла замуж, а жыць маладая сям’я прыехала ў Вілейку…

Да выхаду на пенсію Людміла Дзмітрыеўна працавала ў гарадской бібліятэцы, якая сёння мае статус Бібліятэкі сямейнага чытання і знаходзіцца ў Палацы культуры. Знаходзячыся на заслужаным адпачынку, без любімай справы не змагла – і на прапанову папрацаваць ў філіяле №5 ахвотна згадзілася. Людміла Івашкевіч адзначае, што жыхары “Паўночнага” чытаюць нямала. Актыўныя наведвальнікі бібліятэкі – вучні сярэдняй школы №5, якая сёння па колькасці вучняў з’яўляецца самай буйной у горадзе. За кнігамі і часопісамі звяртаюцца і дарослыя – агульная колькасць чытачоў складае каля 700 чалавек. А гэта – адпаведная колькасць фармуляраў, на адваротным баку якіх бібліятэкар Людміла Івашкевіч робіць паметкі, якую літаратуру любіць той або іншы чытач, каб прапанаваць у наступны раз кніжку згодна яго густу. Сапраўдны прафесіянал працуе з душой.

Бібліятэкар “па аб’яве”

Надзея Матусевіч працуе ў філіяле цэнтральнай раён­най бібліятэкі, які знаходзіцца ў “зенітаўскім” мікрараёне. Бібліятэкарам “па аб’яве” з гумарам называе Надзея Мікалаеўна сябе. А ўсё таму, што, прыехаўшы ў пачатку 80-х у Вілейку разам з мужам, які атрымаў сюды размеркаванне, яна, ураджэнка вёскі Камароўка Брэсцкага раёна (маленькай радзімы беларускага касманаўта Пятра Клімука), убачыла ў раённай газеце аб’яву, што на працу патрабуецца бібліятэкар. Так яна знайшла не часовы занятак, а справу на ўсё жыццё.

У той час бібліятэкараў не хапала, узгадвае Надзея Матусевіч, па раёне дзейнічала больш за сем дзясяткаў філіялаў. Дзяўчаты-бібліятэкары, яе калегі, былі практычна аднагодкамі, працаваць было весела, за некалькі тыдняў яна вывучыла фонд і хутка ўвайшла ў курс справы. Спецыяльную адукацыю Надзея Матусевіч атрымала завочна і больш за тры дзясяткі год аддала бібліятэчнай справе. За гэты час выраслі яе сын і дачка, сама Надзея Мікалаеўна стала бабуляй пяці ўнукаў. Зараз яна – на заслужаным адпачынку, але па-ранейшаму мае справу з кнігамі, працуючы ў філіяле №4. Яна аднолькава ветліва сустракае і школьнікаў, і людзей ва ўзросце, якіх нямала сярод чытачоў. І лічыць сябе чалавекам, шчаслівым у прафесіі – а гэта, згадзіцеся, у жыцці многа значыць.

Таццяна ШАРШНЁВА/Фота аўтара

Share
Вы можете оставить комментарий, или ссылку на Ваш сайт.

Оставить комментарий