Дата святкавання Дня маці ў Беларусі выбрана не выпадкова. Гэта дзень Пакроваў Прасвятой Багародзіцы. Кожная мама, як Багародзіца, ахінае сваіх дзяцей клопатам і ласкай.
Актавую залу ДУА “Залескі НПК дзіцячы сад-сярэдняя школа” 14 кастрычніка запоўнілі жыхаркі п.Партызанскі, педагогі і работнікі школы-сада, навучэнцы. На просьбу бібліятэкара Партызанскай сельскай інтэграванай бібліятэкі павіншаваць жанчын музычным падарункам з радасцю адгукнуўся калектыў аўтарскай песні “Імпэт”. Дарэчы, артысты ўжо неаднаразова выступалі перад жыхарамі п.Партызанскі. На гэты раз калектыў не змог прыехаць у поўным саставе, але гэта зусім не перашкодзіла стварыць адпаведны настрой.
Арганізатар і кіраўнік студыі аўтарскай песні Галіна Кутас сама спявала побач са сваім выканаўцамі. Пяшчотнай песняй “Калыханка маці” на словы Н. Мацяш пачалася віншавальная праграма. З вуснаў салістак Марыны Шэрай і Святланы Міхалькевіч гучалі песні пра жанчыну, пра каханне. А паміж песнямі гучалі вершы Міколы Кутаса. Між іншым, сам паэт таксама прыняў запрашэнне і пажадаў прыехаць на сустрэчу. Усім прысутным цікава было даведацца пра дзяцінства аўтара зборнікаў паэзіі “Перазвоны”, “Гадзіннік на ратушы”, “Размову з вераснем вяду” і “Пацеркі зімы”, пра вучобу ў школе, пра спробу пяра, пра працу настаўнікам. Мікалай Сямёнавіч параіў навучэнцам з пашанай ставіцца да роднай мовы, вывучаць і любіць яе. І хоць маладыя людзі павінны ведаць і іншыя мовы (рускую, англійскую і інш.), але роднай для нас была і застаецца беларуская. Паэт заахвоціў навучэнцаў да вершаскладання. Прачытаўшы свае некаторыя трохрадкоўі, ён прапанаваў дапоўніць сваім варыянтам радкі “Мокне парасон. Ды радуецца…”. “З ім радуецца мая душа”, – шчыра выказаў сваю думку адзінаццацікласнік Уладзіслаў Герко. За знаходлівасць хлопец атрымаў ад аўтара ў падарунак кніжку вершаў “Перазвоны” і магчымасць сфатаграфавацца на памяць.
Атмасфера дабра, цяпла і цудоўнага настрою была створана гасцямі. На развітанне спявачкі выканалі песню на словы Я.Янішчыц “Пачынаецца ўсё з любві”. Усё наша жыццё, усе нашы справы і памкненні заснаваны на ёй, любві. Гэта паслужыла лейтматывам да ўсёй сустрэчы з паэзіяй, з песняй. Кожны ўдзельнік сустрэчы панёс у сваім сэрцы гэту любоў, якая будзе натхняць жыць, тварыць, любіць.
Дзякуй табе, “Імпэт”, за цёплы душэўны падарунак! Дзякуй Вам, Мікола Сямёнавіч, за павагу да жанчыны, маці, за адданасць роднай мове!