18 чэрвеня супрацоўнікі аддзела абслугоўвання ДУК “Вілейская раённая цэнтральная бібліятэкаі імя Г.Новік” да юбілею Івана Кандрацьева падрыхтавалі кніжную выставу “Іван Кандрацьеў – у сузор’і імён”, з якой можа пазнаёміцца кожны жадаючы.
Майстар народных промыслаў Вілейскага раённага Дома рамёстваў Тамара Вітальеўна Бурко, у рамках адкрыцця выставы, распавяла пра жыццё знакамітага земляка, нагадала пра творы, якія пісаў таленавіты пісьменнік.
Нарадзіўся І.Кандрацьеў у 1849 годзе ў вёсцы Каловічы Вілейскага раёна ў сялянскай сям’і. З маленства выявіліся творчыя здольнасці. Калі юнаку было 19, газета “Виленский вестник” надрукавала першы яго верш. Большая частка жыцця Кандрацьева звязана з Масквой. З 70-х гадоў яго вершы, раманы, апавяданні з’яўляліся там у перыядычных выданнях. Вызначыўся наш зямляк і як акцёр, драматург. Будучы акцёрам трупы Народнага тэатра А. Ф. Фядотава, ён на выставе ў Маскве за гістарычную драму “На Паволжы” атрымаў высокую ўзнагароду – Вялікі залаты медаль. Напісаў раманы “Салтычыха”, “Гуны”, аўтар зборнікаў паэзіі “Думы і былі” і “Пад шум дубраў”, гістарычных нарысаў “Сівая старына Масквы”, а для дзяцей выдаў чытанку “Іскра Божая”. Мала хто ведае, што менавіта Іван Кандрацьеў напісаў тэкст добра вядомай песні “По диким степям Забайкалья”, словы рамансаў “Очаровательные глазки” і “Эти очи — тёмны ночи”. На яго тэксты пісалі музыку многія кампазітары, у тым ліку і Васілій Залатароў. Яго лепшымі сябрамі былі рускія пісьменнікі Уладзімір Гіляроўскі, Антон Чэхаў, Мікалай Успенскі, мастакі Васілій Сурыкаў, Ісаак Левітан, Аляксей Саўрасаў ды іншыя вядомыя людзі таго часу.
На радзіме пісьменніка ў вёсцы Каловічы ў 2014 годзе ўстаноўлены памятны знак.