12 чэрвеня свой Дзень нараджэння адзначыла вядомая ў Вілейцы і за яе межамі Антаніна Іванаўна Гарчакова. Жыццёвы шлях Антаніны Іванаўны – прыклад самаадданасці і працавітасці, любові да беларускай літаратуры.
Антаніна Іванаўна нарадзілася ў 1937 годзе. Скончыла Полацкае педагагічнае вучылішча імя Ф. Скарыны і Магілёўскі педінстытут імя А.Куляшова. Працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце, дырэктарам СШ №3 г. Вілейкі.
У гады Вялікай Айчынай вайны – непаўналетні вязень канцлагера “Пяты полк” г. Віцебска.
За плённую працу ўзнагароджана шматлікімі граматамі, юбілейнымі медалямі. Выдатнік народнай асветы БССР і СССР.
Вершы пачала пісаць яшчэ ў сямігодцы, а надрукаваны першы верш быў у 1952г. Друкавалася ў часопісе “Першыя крокі”, у газетах “Шлях перамогі”, “Пенсіянер”, “Настаўніцкай”.
З 2003 года на заслужаным адпачынку. Праводзіць актыўную работу па патрыятычнаму выхаванню моладзі. Член клуба “Дзеці вайны”. З’яўляецца валанцёрам Чырвонага Крыжа, дапамагае адзінокім састарэлым людзям, актывізуе іх жыццёвую пазіцыю, кіруе літаратурнай гасцёўняй “Дамінанта душы”.
Дзякуючы яе падтрымцы, цікавасці да літаратуры, шчыльнаму супрацоўніцтву ў райбібліятэцы рэалізоўваецца праект “Чытаем кнігі мясцовых аўтараў”.
Супрацоўнікі бібліятэкі сардэчна павіншавалі Антаніну Іванаўну з Днём нараджэння і пажадалі здароўя, поспеху і дабрабыту ёй, яе родным і сябрам.
Да віншавання ў бібліятэцы далучыліся старшыня Вілейскага раённага Савета ветэранаў А.П. Шэпелева і загадчык аддзялення дзённага прабывання для грамадзян пажылога ўзросту Макарава М.П.