Сеть публичных библиотек Вилейского района
Наш адрес: г. Вилейка, ул. Водопьянова, 21. Тел. (8-01771) 5-56-56
E-mail: biblio@vileyka.gov.by

Творчая сустрэча паэта Міколы Шабовіча і кампазітара і спевака Віктара Мяцельскага

“ТАК ХОЧАЦЦА БЫЦЬ ПАТРЭБНЫМ  НЕ ТОЛЬКІ СЯБРАМ – РАДЗІМЕ”

Пад такім лейтматывам прайшла творчая сустрэча паэта Міколы Шабовіча ды кампазітара і спевака Віктара Мяцельскага з чытачамі Партызанскай сельскай інтэграванай бібліятэкі і навучэнцамі УА “Залескі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа”. На запрашэнне прыняць удзел у сустрэчы адгукнуліся  таксама вучні Ільянскай сярэдняй школы разам з бібліятэкарам Лідзіяй Іванаўнай Будай.1b-Z78zarzM - копия

HNhtiC4CuIM

Мікола Шабовіч – часты госць Залескай школы. Разам з ім пасёлак Партызанскі наведалі ў свой час Міхась Башлакоў,  Дзмітрый Пятровіч,  Алег Малашчыцкі. Прыхільнікамі паэтычнага і музычнага мастацтва з’яўляюцца і многія сталыя чытачы Партызанскай сельскай  бібліятэкі, сярод якіх Тамара Кулеш, Тамара Кажура, Наталля Уладыка, Любоў Краўчонак  і  інш., якія з задавальненнем прыходзяць на такія мерапрыемствы.

      Цёплая і задушэўная размова пачалася ўжо з першых хвілін.  Мікола Шабовіч узгадаў  пра сваё бадзенеўскае дзяцінства, вучобу ў Дзягільскай васьмігодцы, юнацтва, вучобу ў педагагічным інстытуце, працу ў Шыпкоўскай школе на Вілейшчыне, якая зусім блізка ад пасёлка, пра шматлікія выступленні ў бібліятэках, на святах паэзіі ў Вязынцы, на Нацыянальным фестывалі беларускай паэзіі і песні ў Маладзечне, на Днях беларускага пісьменства…

        Даведаліся ўдзельнікі сустрэчы і пра першы верш, які паэт прысвяціў незнаёмай дзяўчынцы, з якой сядзеў за адной партай  на алімпіядзе па хіміі. “Все оксиды, кислоты и соли реагируют только с тобой”. З  таго часу творца і не можа здрадзіць любімай тэме.

        Па словах паэта, на напісанне вершаў яго натхняе прыгажосць. Прыгажосць мясцін, найперш родных Бадзеняў, прыгажосць людзей, іх адносіны да справы, прыгажосць пачуццяў… І, канечне, жаночая прыгажосць. І не толькі знешняя.

       У творчасці  Міколы Шабовіча знайшлі адлюстраванне самыя розныя тэмы і жанры: ад глыбока інтымнай да высокай грамадзянскай лірыкі, яго хвалюе ўсё, што адбываецца ў свеце. Пацвярджэнне гэтаму яго зборнікі “Падары мне сваю адзіноту”, “Мая надзея”, “Маладыя мроі маладога лета” і інш.

         Сёння М. В. Шабовіч – дацэнт кафедры мовазнаўства і лінгвадыдактыкі  БДПУ імя Максіма Танка, старшыня бюро секцыі сатыры і гумару Саюза пісьменнікаў Беларусі, член Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы, лаўрэат Рэспубліканскай літаратурнай прэміі “Залаты Купідон” за кнігу “Хор болей не спявае”. Ён узнагароджаны медалём СПБ “За вялікі ўклад у літаратуру”, нагрудным знакам “За ўклад у развіццё БДПУ”, памятным медалём “Паэт і воін Ігар Грыгор’еў (1923—1996)”, медалём Мінскага гарадскога аддзялення СПБ “Максім Багдановіч”.

       Большасць вершаў  паэта  глыбока філасофскія. Лірычны герой падсумоўвае свае набыткі, са смуткам і настальгіяй азіраючыся на пройдзены шлях, пераасэнсоўвае зробленае і перажытае.

       Прачытаў паэт і верш-прысвячэнне настаўнікам. Сам Мікалай Віктаравіч пяць гадоў працаваў на ніве адукацыі ў Вілейскім раёне.

Ад сівой даўніны мудрых думак сувой

Не згубіўся ў вяках і сягоння дарэчы:

“…Прад матуляй укленчы, Айчынай сваёй,

А яшчэ прад настаўніцай першай укленчы.

       Мікола Шабовіч адчувае віну перад сваімі настаўнікамі, якія ўжо пакінулі гэты свет, за тое, што “…не сказаў расчуленага слова, / Калі яго маглі вы шчэ пачуць”. І выказвае гонар за прафесію настаўніка:

І веру я, што час настане

І скажа хтось, пражыўшы век:

Мая прафесія — настаўнік!

І я — шчаслівы чалавек!

       Цудоўным дапаўненнем да паэзіі была музыка, чароўныя перазвоны гітары і прыгожы голас  Віктара Мяцельскага.  Кампазітар і спявак Віктар Мяцельскі, які напісаў больш за 50 песень, выканаў пад акампанемент гітары нямала песень на вершы Міколы Шабовіча. Слухаючы песню, мы задаёмся пытаннем: “Што важней — музыка ці тэкст? Слухачы адчулі адказ на гэта пытанне: паэзія і музыка – з’явы непадзельныя, адно дапаўняе другое.  Атрымаўся своеасаблівы тандэм “паэт-кампазітар”. Віктар Мяцельскі – прапагандыст не толькі вершаў М.Шабовіча, але і беларускай паэзіі ўвогуле, а разам з ёй і Радзімы, жанчыны, кахання.

         Нязгасная сыноўняя любоў да роднага краю перапаўняе паэтычны свет М. Шабовіча: “Ці знойдзецца слоў найдзіўных, / Каб шчыра табе прамовіць: / “Бадзенеўскі кут, радзіма — / Малітва мая і споведзь!” Тэма малой радзімы для Міколы Шабовіча — адна з найважнейшых. І ў Год малой радзімы для ўдзельнікаў сустрэчы гэта было важна адчуць, скіраваць свае думкі на тое, хто мы, адкуль родам, што ведаем пра сябе. Пад уражаннем шчырай размовы з цікавымі творцамі ў сэрцах захаваецца цяпло, пяшчота і любоў да роднага слова, да блізкіх людзей і родных мясцін. Дзякуй  гасцям  за сустрэчу  з прыгожым паэтычным словам і цудоўнай музыкай,  за шчырыя пачуццi, станоўчыя эмоцыi, дзякуй  за самабытны талент паэта, якому “так хочацца быць патрэбным не толькі сябрам — Радзіме”.

                                                                   Галіна Майхерская,

                                                                   бібліятэкар Партызанскай сельскай

                                                                   інтэграванай бібліятэкі

ex4d-4ZQylA

KsL0k3DpYtQ

KLLmWflUh4g

qWmZ8XA5ZaE-1

EJtis9R61QM

 

Share
Вы можете оставить комментарий, или ссылку на Ваш сайт.

Оставить комментарий