У Беларусі з’яўляецца ўсё больш людзей, якія цікавяцца гісторыяй уласнай сям’і, вуліцы, вёскі. Аказваецца, захапляльная гісторыя ёсць не толькі ў сталіц і вялікіх людзей. Краязнаўства сёння перажывае новы этап развіцця і разглядаецца як адраджэнне духоўнай культуры. Бібліятэкі маюць багаты вопыт працы ў гэтай галіне. Іх задачы ў краязнаўчым напрамку па сваёй спецыфіцы суадносныя з задачамі музеяў, архіваў і падобных ім устаноў. Няма сумневу: бібліятэкам неабходна акумуляваць і захоўваць у сваіх фондах крыніцы краязнаўчай інфармацыі, весці даследчую працу і актыўна стымуляваць цікавасць чытачоў да краязнаўства.
Асабліва актуальна гэта ў Год малой радзімы. Менавіта яму і прысвечаны новы бібліятэчны віртуальны фотапраект «Малая радзіма на старых фотаздымках».
Мэта праекта – стварэнне віртуальнага архіва старых фотаздымкаў, якія б адлюстроўвалі цікавыя падзеі жыцця раёна, знаёмілі з нашымі землякамі, з бытам, вольным часам, інтарэсамі людзей мінулых гадоў.
Усе, хто любіць родны Вілейскі край, хто неабыякавы да яго гісторыі, могуць стаць удзельнікамі нашага праекта. Для гэтага варта пашукаць ў сямейных архівах і альбомах старыя фотаздымкі і прынесці іх у Вілейскую раённую бібліятэку (вул. Савецкая, 25), або ў бліжэйшую да вас бібліятэку нашага раёна. Фотаздымкі будуць адсканаваныя і вернутыя ўладальніку. Не забудзьце суправадзіць фотаздымак каментарыем. Раскажыце, дзе ён зроблены і хто на ім адлюстраваны.
Фотаздымкі ў лічбавым фармаце можна даслаць у аддзел бібліятэчнага маркетынгу на адрас электроннай пошты OBM—VIL@yandex.ru з паметкай “ВІРТУАЛЬНЫ ПРАЕКТ”.
Усе здымкі будуць размешчаны на сайце ДУК “Вілейская раённая цэнтральная бібліятэка імя Ганны Новік” http://villib.by у раздзеле «Малая радзіма на старых фотаздымках».
Мы чакаем фотаздымкі, якія адлюстроўваюць людзей за працай, на вучобе, на адпачынку, дзяцей, моладзь, пажылых людзей, гарадскія і сельскія пейзажы, сцэны паўсядзённага жыцця, партрэты людзей, якія пакінулі аб сабе добрую памяць, і многае іншае.
Далучайцеся да нашага фотапраекту, раскажыце з дапамогай фотаздымкаў пра сваю малую радзіму і пра яе выдатных людзей!
Аддзел бібліятэчнага маркетынгу ДУК “Вілейская раённая цэнтральная бібліятэка імя Ганны Новік”
Шлях перамогі. – 2018. – 24 сакавіка. – с. 16. — № 22.