
Дзень беларускага пісьменства Беларусь адзначае традыцыйна ў першую нядзелю верасня. Гэты дзень па-сапраўднаму лічыцца святам роднага слова, які паказвае адзінства беларускай мовы з гісторыяй і культурай Беларусі.
З гэтай нагоды аддзел абслугоўвання і інфармацыі раённай цэнтральнай бібліятэкі падрыхтаваў для чытачоў выставу «І вечным застанецца слова…», прэзентацыя якой адбылася 4 верасня. А наведалі яе выхаванцы харэаграфічнага аддзялення Дзяржаўнай установы адукацыі «Вілейская дзіцячая школа мастацтваў імя М. А. Казінца».
Бібліятэкар распавяла пра гісторыю свята і пазнаёміла выхаванцаў з выданнямі, экспанаванымі на выставе: гэта факсімільнае ўзнаўленне кніг «Бібліі» Францыска Скарыны, «Буквар» 1618 года Віленскага праваслаўнага манастыра Святога Духа, які нават паспрабавалі чытаць на царкоўнаславянскай мове. Зацікавіла дзяцей гісторыя стварэння копіі друкарскага станка Скарыны краязнаўцам Уладзімірам Ліхадзедавым, а таксама серыя кніг «Асветнікі Беларусі» і самая папулярная кніга 2025 года – «Наш Прэзідэнт».