Сеть публичных библиотек Вилейского района
Наш адрес: г. Вилейка, ул. Водопьянова, 21. Тел. (8-01771) 5-56-56
E-mail: biblio@vileyka.gov.by

Імя, якое праславіла Вілейшчыну

«Складаю верш, як зруб – вянец к вянцу,
А сэрца – самы шчыры памагаты.
І ўсю любоў, як сыну-першынцу,
Я аддаю яму ў палёт крылаты».

(І. Лашутка. «Мой верш»)

10 лістапада споўнілася б 90 год са дня нараджэння Івана Іосіфавіча Лашуткі – мудрага настаўніка, таленавітага паэта і проста светлага чалавека…

Іван Іосіфавіч нарадзіўся ў вёсцы Баяры Вілейскага раёна ў 1933 годзе ў сялянскай сям’і. У  1958 годзе скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Настаўнічаў на Вілейшчыне, некаторы час працаваў у раённым аддзеле народнай адукацыі. Вершы паэта друкаваліся ў рэспубліканскіх часопісах і газетах, гучалі па радыё і на тэлебачанні.

Яго імя занесена ў кнігу “Памяць. Вілейскі раён”. Івану Лашутка належаць зборнікі вершаў “Свята дваіх” (1992), за які аўтар быў узнагароджаны Спецыяльным прызам Федэрацыі прафсаюзаў Рэспублікі Беларусь у галіне паэзіі, “Край верасоў” (2000), “Святло слова” (2003). З 1996 года – член Саюза пісьменнікаў Беларусі. На яго вершы нашымі землякамі – Аляксандрам Высоцкім, Таццянай Захарыч, Леанідам Гайчуком – напісаны песні. А песня “Край верасовы” на музыку Аляксандра Высоцкага ў выкананні саліста ансамбля “Сябры” Сяргея Герасімава стала гімнам Вілейшчыны. Свае апошнія гады Іван Іосіфавіч працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе №3 горада Вілейкі. Пайшоў з жыцця Іван Іосіфавіч у 2004 годзе.

Менавіта ў ДУА “Сярэдняя школа №3 імя В. Сасонкі” створаны мемарыяльны клас, прысвечаны настаўніку-паэту Івану Лашутка, куды 11 лістапада супрацоўнікаў ДУК “Вілейская раённая цэнтральная бібліятэка імя Ганны Новік” запрасілі на ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае памяці нашага славутага земляка.

Вяла вечарыну дачка паэта Лілія Іванаўна Твярдоўская, якая эмацыянальна і шчыра ўспамінала пра свайго бацьку. Шмат цёплых слоў было сказана пра Івана Іосіфавіча і яго калегамі – ветэранамі педагагічнай працы. На сустрэчы былі паказаны відэафільмы пра творчасць паэта, гучалі песні на яго вершы.

“Край мой верасовы, дзе радзіўся я,
Сёння прабудзіўся песняй салаўя,
Ты са мной у сэрцы, любая мая –
Родная бацькоўская зямля.”

(І. Лашутка. “Край мой верасовы”)

 

Share
Вы можете оставить комментарий, или ссылку на Ваш сайт.

Оставить комментарий