Сеть публичных библиотек Вилейского района
Наш адрес: г. Вилейка, ул. Водопьянова, 21. Тел. (8-01771) 5-56-56
E-mail: biblio@vileyka.gov.by

8 лютага спаўняецца 100 год з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа

Да 100-гадовага юбілею народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа аддзел абслугоўвання і інфармацыі арганізаваў ў чытальнай зале цэнтральнай біблятэкі кніжную выставу “А на зямлі яго не згасне след”.

Іван Паўлавіч Мележ нарадзіўся 8 лютага 1921 г. у вёсцы Глінішча Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння сямігодкі вучыўся ў сярэдняй школе № 1 у Хойніках, якую скончыў у 1938 г. Працаваў у Хойніцкім райкаме камсамола. У 1939 г. паступіў у Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры. З першага курса быў прызваны ў Чырвоную Армію, служыў у 289-м палку 192-й горна-артылерыйскай дывізіі (тэрыторыя Украінскай ССР). Летам 1940 г. удзельнічаў у ваенным паходзе ў Паўночную Букавіну і Бесарабіі. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны на фронце – на Збручы, пад Уманню, Нікалаевам, Сінелькавам, Лазавой, Растовам-на-Доне. У снежні 1941 г. быў паранены. У лютым-маі 1942 г. займаўся на курсах палітсаставу Паўднёвага фронту (г. Каменск), пасля якіх працаваў літсупрацоўнікам газеты 51-й стралковай дывізіі «Красноармейская правда». 20 чэрвеня 1942 года пад Растовам быў цяжка паранены. Лячыўся ў шпіталях Растова, Есентукоў, Тбілісі.

97154 01.06.1972 Белорусский писатель Иван Мележ. Юрий Иванов / РИА Новости

Іван Мележ, 1972

Потым жыў у Бугуруслане, выкладаў ваенную падрыхтоўку і завочна вучыўся ў Малдаўскім педагагічным інстытуце. У 1943 г. пераехаў на станцыю Сходня ў Падмаскоўі, дзе аднавіў працу Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. У 1943-1944 гг. выкладаў ваенную справу ў БДУ. У 1944 г. разам з універсітэтам пераехаў у Мінск. Адначасова завочна вучыўся на філалагічным факультэце БДУ, затым перайшоў на стацыянар (скончыў навучанне ва ўніверсітэце ў 1945 г.). У 1945-1948 гг. вучыўся ў аспірантуры пры БДУ. З мая 1945 г. па студзень 1947 г. адначасова працаваў у рэдакцыі часопіса «Полымя». У 1948-1950 гг. – старшы выкладчык кафедры беларускай літаратуры БДУ. Са жніўня 1950 г. па верасень 1951 г. працаваў у апараце ЦК КП(б)Б. З 1966 г. – сакратар, у 1971-1974 гг. – намеснік старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў БССР.

Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 7-га і 8-га скліканняў (1967-1976). Быў старшынёй праўлення Беларускага аддзялення таварыства «СССР — Францыя», старшынёй Беларускага рэспубліканскага камітэта абароны міру, членам Сусветнага Савета Міру (1970). Памёр 9 жніўня 1976 г., пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.

У 1939 г. надрукаваны першы верш «Радзіме» ў газеце «Чырвоная змена». Першае выступленне ў друку як празаіка адносіцца да 1943 г.: газета «Бугурусланская правда» апублікавала апавяданне на рускай мове «Последняя операция». 25 лістапада 1944 г. газета «Звязда» надрукавала апавяданне на беларускай мове «Сустрэча ў шпіталі». Выдаў зборнікі аповесцей і апавяданняў «У завіруху» (1946), «Гарачы жнівень» (1948), «Блізкае і далёкае» (1954), «У гарах дажджы» (1957), «Што ён за чалавек» (1961), «Белыя вішні і яблыні» (1976). Аўтар рамана «Мінскі напрамак» (1947-1952, дапрац. выд. – 1974). Стварыў цыкл раманаў «Палеская хроніка»: «Людзі на балоце» (1962), «Подых навальніцы» (1966) і «Завеі, снежань» (1976). Аўтар п’есы «Пакуль вы маладыя» (1956), «Дні нашага нараджэння» (1958), аднаактоўка «Хто прыйшоў уночы» (1959).

Выйшла кніга літаратурна-крытычных артыкулаў, эсэ, інтэрв’ю і публіцыстыкі «Жыццёвыя клопаты» (1975). Дзённікі і запісы ваенных гадоў склалі «Першую кнігу» (1977). Напісаў п’есы «Пакуль вы маладыя» (1956, асобнае выд. – 1958, паст. у 1957), «Дні нашага нараджэння» (1958), аднаактоўку «Хто прыйшоў уночы» (1959, асобнае выд. – 1966).

У 1965 г. па раманах «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы» Беларускім тэлебачаннем створаны трохсерыйны спектакль. Беларускім тэатрам імя Янкі Купалы пастаўлены спектакль «Людзі на балоце» (1966), Гомельскім абласным тэатрам — «Подых навальніцы» (1977), «Страсці эпохі» (паводле рамана «Завеі, снежань», 1989). У 1978 г. спектакль «Подых навальніцы» пастаўлены Тэатрам юнага гледача. Радыёопера «Барвовы золак» напісана паводле раманаў «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы» (1978). У 1979 г. пастаўлены тэлеспектакль «Завеі, снежань…» (1979). Створана экранізацыя «Палескай хронікі»: мастацкія фільмы «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы» (1981-1982 гг.; сцэнар. В.Ц. Тураў, рэжысёр В.Ц. Тураў, Беларусьфільм). У 2012 г. спектакль «Людзі на балоце» пастаўлены на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

Іван Мележ мае наступныя ўзнагароды: два ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга; ордэн «Знак Пашаны»; медалямі; з’яўляецца Лаўрэатам Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа (1962) за раман «Людзі на балоце»; узнагароджаны Ленінскай прэміяй (1972) за раманы «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы» і Дзяржаўнай прэміяй БССР (1976) за кнігу крытычных нарысаў, артыкулаў «Жыццёвыя клопаты» (пасмяротна).

За вялікія дасягненні ў развіцці беларускай савецкай літаратуры ў 1972 годзе яму прысвоена ганаровае званне народнага пісьменніка БССР.

Імем Івана Мележа названы Мазырскі драматычны тэатр, вуліцы ў Мінску, Гомелі, Хойніках, Лельчыцах, Беларуска-славянская гімназія № 36 і гарадская бібліятэка № 2 ў Гомелі, Глінішчанская сярэдняя школа Хойніцкага раёна, у Мінску на доме № 7 па вуліцы Янкі Купалы, у якім жыў народны пісьменнік, усталявана мемарыяльная дошка, у вёсцы Глінішча створаны літаратурны музей і ўсталяваны бюст І. Мележа, у 2010 г. у Хойніках адкрыта скульптурная кампазіцыя «Людзі на балоце».

Аўтар: Тонкавіч Людміла Уладзіміраўна, загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі
Вілейскай раённай цэнтральнай бібліятэкі імя Г.Новік

20210203_093525

Share
Вы можете оставить комментарий, или ссылку на Ваш сайт.

Оставить комментарий