Вуліца айчыннай кнігі “Сонца над маёй Беларуссю!”
Магутным акордам Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь стала вуліца айчыннай кнігі “Сонца над маёй Беларуссю” каля будынка райбібліятэкі імя Г. Новік. Пешаходная зона вуліцы Савецкай ператварылася ў адкрытую бібліятэчную пляцоўку.
Вялікі акцэнт быў зроблены на наглядныя формы прасоўвання кнігі. Супрацоўнікамі бібліятэкі былі аформлены кніжная выстава “Беларуская кніга ў прасторы бібліятэкі”, выстава-панарама “За гонар маем лічыць землякамі”, выстава-знаёмства “Вілейскі край для талентаў рай”.
Пры арганізацыі кніжных выстаў бібліятэка пашырыла свае магчымасці, узяўшы на сябе музейныя функцыі: пры знаёмстве з кнігамі і часопісамі можна было перамясціцца ў працоўныя будні Вілейшчыны, пабачыўшы фотавернісаж “З малой радзімы пачынаецца Беларусь”.
Дзякуючы выхаду бібліятэкі на вуліцу, з’явіліся новыя кропкі сутыкнення дзяцей і дарослых з айчыннай кнігай.
Мерапрыемства ўдалося. Арыенцір на адкрытую бібліятэчную прастору – падмурак для ўпэўненнасці ў тым, што заўтра ў бібліятэку прыйдуць новыя карыстальнікі і бібліятэчныя паслугі будуць запатрабаваныя.
Загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Л. Тонкавіч