15 красавіка дзіцяча-юнацкі аддзел раённай цэнтральнай бібліятэкі запрасіў вучняў 3-5 класаў ДУА «Сярэдняя школа № 1 г. Вілейкі» на краязнаўчы ўрок «Разам з кнігай я расту».
Падчас мерапрыемства дзеці даведаліся, што шмат добрых і знакамітых людзей узгадавала Вілейская зямля, пазнаёміліся са знакамітымі пісьменнікамі-землякамі: В. Кажурам, У. Цануніным, Г. Новік і іх творамі.
Кніга вядомага паэта і педагога Віктара Кажуры «З легендаў і міфаў: героі беларускай міфалогіі» прысвечана істотам роднай Беларусі. Так, удзельнікі даведаліся, хто з багоў і духаў старажытнасці лагодны і вясёлы, а хто зласлівы і бурклівы; як дамовіцца з Хатнікам, каб ён не хаваў раскіданыя па доме рэчы, і ў каго ўзімку захоўваюцца ключы ад зямлі. Многім дзецям падабаецца адгадваць загадкі, бо шукаць адгадку заўсёды вельмі весела і цікава. З гэтым іх пазнаёміла кніга В. Кажуры «Патрэбныя рэчы заўсёды дарэчы». З цікавасцю знаёміліся з вершамі, прымаўкамі і загадкамі пра месяцы года з кніжкі «Пакацілася сонейка…».
Кніга Уладзіміра Цануніна «Хто ж адкажа» – напамін таго, што чалавек не мае права жыць адным днём і павінен мець сумленне адказваць перад усім жывым на планеце за свае пралікі і памылкі. Затаіўшы дыханне, школьнікі слухалі вершы: «Чорны дзень», «Зона» і іншыя.
Потым школьнікі з задавальненнем адказвалі на пытанні віктарыны «Моўныя скарбы», удзельнічалі ў конкурсе загадак, адгадвалі ўрыўкі беларускіх казак, дапаўнялі прыказкі, прымаўкі і скорагаворкі.
Вучні даведаліся, што бібліятэка носіць імя слаўнай паэткі, мудрай і працавітай жанчыны, улюбёнай у свой край, чалавека складанага і цікавага лёсу Ганны Аляксееўны Новік. Напрыканцы мерапрыемства ўдзельнікі ўважліва прагледзелі відэаролік «Жывая, светлая, зямная…», прысвечаны жыццю і творчасці паэткі-зямлячкі.

16 апреля, 2026
villib 




Опубликовано в рубрике 


























