У рамках правядзення прафілактычнай акцыі «Сябруем з Законам!» 27 лютага ў Чурлёнскай сельскай інтэграванай бібліятэцы адбылася гадзіна патрыятызму «Без Айчыны няма жыцця», удзельнікамі якой сталі навучэнцы ДУА «Чурлёнская сярэдняя школа».
Падчас сустрэчы бібліятэкар Пашкевіч М.У. разам са школьнікамі разважала над вельмі важным пытаннем: што значыць быць патрыётам сваёй Радзімы? Размова ішла не толькі пра любоў да роднай зямлі, але і пра адказнасць, павагу да гісторыі і культуры, а таксама пра неабходнасць жыць у згодзе з законамі сваёй краіны. Каб зрабіць гутарку больш глыбокай і эмацыянальна насычанай, бібліятэкар чытала паэтычныя радкі мясцовых аўтараў. Гучалі пранікнёныя вершы вілейскіх паэтаў Ганны Новік, Міколы Кутаса, Івана Лашуткі, Уладзіміра Цануніна і інш., у якіх кранальна і шчыра апісваецца прыгажосць родных краявідаў і любоў да сваёй «малой радзімы».
Асобнай старонкай мерапрыемства стаў аповед пра Уладзіміра Мулявіна. Жыццёвы шлях знакамітага кампазітара і заснавальніка вакальна-інструментальнага ансамбля «Песняры» стаў яркім прыкладам сапраўднай любві да Беларусі. Бібліятэкар падкрэсліла, што Уладзімір Георгіевіч, будучы ўраджэнцам іншай краіны, шчыра палюбіў Беларусь, прысвяціў ёй усё сваё жыццё і творчасць і зрабіў неацэнны ўклад у яе культурную спадчыну. Гэты прыклад паказаў удзельнікам, што пачуццё патрыятызму не ведае межаў і нараджаецца ад шчырай павагі і служэння той зямлі, на якой жывеш.
Сустрэча прайшла ў цёплай атмасферы, пакінуўшы ў дзяцей разважанні пра тое, што сапраўднае жыццё немагчыма без Айчыны і без усведамлення сябе яе часткай.

2 марта, 2026
villib 




Опубликовано в рубрике 


























