Вось і прыйшла сапраўдная зіма з яе марозамі і завеямі. У гэты час цяжкавата прыходзіцца не толькі людзям, але і птушкам, і жывёлам. Менавіта гэтай важнай тэме быў прысвечаны экалагічны квэст «Мяцеліцы, мароз, не лютуйце, – усё жывое пашкадуйце», які прайшоў 15 студзеня для выхаванцаў ДУ «Вілейскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва».
Арганізатарам мерапрыемства выступіла бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі раённай цэнтральнай бібліятэкі Камінская Т.Т. Яна ў цікавай і даступнай форме расказала пра птушак, якія застаюцца зімаваць у нашай краіне: як прыстасоўваюцца да халадоў, чым кормяцца, і нават тое, што некаторыя з іх, напрыклад, крыжадзюбы, выводзяць птушанят у лютым. Размова была падмацавана візуальным матэрыялам: удзельнікі з цікавасцю разглядалі ілюстрацыі ў прапанаваных кнігах і часопісах пра прыроду.
Не абышлося і без загадак і цікавых заданняў, што зрабіла сустрэчу яшчэ больш жывой і інтэрактыўнай.
Такія мерапрыемствы не толькі папаўняюць веды пра навакольны свет, але і выхоўваюць спачуванне да жывых істот і адказнасць за іх, нагадваючы, што менавіта чалавек можа стаць той сапраўднай падтрымкай для «братоў нашых меншых» у суровы час.

16 января, 2026
villib 
Опубликовано в рубрике 


























