Барыс Манцэвіч
ЭСТАФЕТА
Па плошчы крочаць ветэраны,
А іх шарэнгі ўсё радзей:
Бяруць сваё гады і раны
І жаль ад страчаных надзей.
З іх аніхто не вінаваты,
Што наш Саюз разбіўся ў прах,
А тыя гора-партакраты
Што засядалі ў вярхах.
А ветэраны за Радзіму
На ўсіх франтах на бой ішлі,
І не адзін мільён загінуў,
Каб мы свабодна зноў жылі.
А час ляціць так непрыкметна,
І мы як дзеці дзён былых,
Той злой вайны крывавай сведкі
На плошчы займем месцы іх.
І горда голавы ўзняўшы,
Па вольнай пройдземся зямлі,
Пашану воінам аддаўшы,
Што мір у бітвах збераглі.
2002 г.