Літаратурна-музычны фестываль «Светлае слова» на Вілейшчыне распачаўся: насычаны яркімі падзеямі і сустрэчамі з цікавымі людзьмі, дзецьмі і моладдзю, усімі тымі, хто неабыякава ставіцца да роднага слова. Ён запомніцца шматлікім наведвальнікам і гасцям. З 8-га па 14-га верасня актыўна працавалі 24 інтэрактыўныя пляцоўкі. Мерапрыемствы фестывалю наведала звыш за тысячу ўдзельнікаў.
Прыгажосць беларускага Слова на бібліятэчных пляцоўках неслі слухачам вядомыя віляйчане, якія ўвесь час застаюцца адданымі роднай мове: Барыс Манцэвіч, Антаніна Гарчакова, Уладзімір Ляшкевіч, супрацоўнікі Вілейскай раённай бібліятэкі імя Ганны Новік: Іна Лазар, Людміла Тонкавіч, Іна Лісіца, Алена Бабарыка і інш. Слова журналіста, прадстаўніка вельмі цікавай і ў той жа час складанай прафесіі, гучала з вуснаў заслужанага журналіста Рэспублікі Беларусь, карэспандэнта газеты «Мінская праўда» Марыі Кузаўкінай.
У год 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ў Вілейскай раённай бібліятэцы імя Ганны Новік аб дзейнасці першадрукара Івана Фёдарава распавядалі старшы навуковы супрацоўнік ДУ «Вілейскі краязнаўчы музей» Вольга Коласава і сябра Саюза архітэктараў СССР Анатоль Капцюг. Наведвальнікі мелі магчымасць пазнаёміцца з унікальнай выставай кніг з фондаў музея (дарэчы, усе выставы на базе бібліятэк, Цэнтра эстэтычнага выхавання працуюць да 30 верасня ўключна).