
16 жніўня ДУК «Вілейская раённая цэнтральная бібліятэка імя Ганны Новік» упершыню стала госцем фэсту «Шыпкоўскія плёсы», што праводзіўся ў вёсцы Шыпкі Вілейскага раёна. На гэта мерапрыемства бібліятэку запрасіла наш даўні сябра Іна Мікалаеўна Фралова, паэтка і перакладчыца, якая нарадзілася ў гэтым прыгожым куточку Вілейскага краю.
Бібліятэчная пляцоўка стала месцам прыцягнення такіх вядомых беларускіх пісьменнікаў, як Віктар Шніп, Людміла Рублеўская, Алена Лемеш, Тамара Бунта, Сяргей Трахімёнак, Пятро Жаўняровіч, Міхась Дзеравянка – з пісьменнікамі і іх кнігамі можна было пазнаёміцца на бібліятэчнай выставе. У сваю чаргу пісьменнікі падаравалі бібліятэцы свае кнігі з аўтографамі. Супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі для гасцей свята выставу з новымі беларускімі кнігамі «Зорны вяночак беларускіх пісьменнікаў», інтэрактыўныя гульні: краіназнаўчую віктарыну па культуры і гісторыі Беларусі «Маё», гульню па папулярызацыі беларускай мовы «Сакавітыя слоўцы», гульні-налепкі для дзетак «Складзі беларускі вянок» і «Апранайся па-беларуску», брэнд-гульню «Знай нашых!», бяспройгрышную латарэю і фотазону з прыгожымі васількамі. Таксама можна было запісацца ў бібліятэку ўсім жадаючым.
Спадзяёмся, што ў хуткім часе шыпкоўцы стануць пастаяннымі чытачамі бібліятэкі, бо на тэрыторыі Вілейскага раёна дзейнічае такая форма нестацыянарнага абслугоўвання, як мабільная бібліятэка (мікрааўтобус з кнігамі і бібліятэкарамі), якая па асобным графіку абслугоўвае тыя населеныя пункты, дзе бібліятэк няма.
Вельмі хочацца сказаць словы падзякі Іне Мікалаеўне Фраловай і ўсім арганізатарам свята, а таксама шыпкоўцам за такі цёплы, душэўны прыём і за цудоўнае мерапрыемства! Спадзяёмся на далейшае супрацоўніцтва!